Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Уладзімір Някляеў: Час паказвае, што мы, беларусы, абуджаемся

20.12.2017 общество
Уладзімір Някляеў: Час паказвае, што мы, беларусы, абуджаемся

Паэт і палітык успамінае падзеі 19 снежня 2010 году.

Дзень 19 снежня 2010 года запомніўся ў найноўшай гісторыі Беларусі як Плошча-2010. Менавіта ў гэты дзень, сем гадоў таму адбыўся жорсткі разгон дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Вынік брутальных дзеянняў сілавікоў вядомы: амаль усе тыя, хто адважыўся супернічаць з Лукашэнкам на тых выбарах, апынуліся за кратамі.

У іх ліку быў і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, які, дарэчы, да плошчы Незалежнасці, дзе і адбываліся самыя жорсткія падзеі, ў той дзень не дайшоў.

У размове з «Народнай Воляй» Уладзімір Пракопавіч узгадвае падзеі сямігадовай даўніны і распавядае, як за гэты час змянілася яго жыццё і жыццё беларускага грамадства.

Уладзімір Някляеў, фота з выбарчай кампаніі 2010 года

— Тое, што ніхто мне будзе высцілаць дарогу кветкамі, пасля майго рашэння ісці ў прэзідэнты, я, безумоўна, ведаў, — пачынае распавядаць Уладзімір Пракопавіч. – Хаця, калі ўспомніць фон, на якім адбывалася тая палітычная кампанія, то выбары праходзілі пад ідэяй дыялогу паміж ЕС і беларускімі ўладамі. Гэта давала спадзяванне на тое, што такіх брутальных дзеянняў, якія ў выніку зрабіла ўлада, не будзе. Прызнаюся, я чуў тады гэта ў многіх еўрапейскіх сталіцах – Варшаве і Брусэлі, маўляў, калі апазіцыя будзе праводзіць кампанію ў рамках закона, то і ўлада адкажа тым жа.

Зразумела, ніякіх планаў па ўзброенным захопе ўлады, як потым выдумлялі некаторыя прадстаўнікі вертыкалі, у дэмакратычных кандыдатаў не было. Быў спадзеў, праз мірны пратэст пайсці на дыялог з уладай, прымусіць яе да нейкіх сустрэчных крокаў…

— Сустрэчныя крокі, трэба прызнаць, аказаліся не вельмі лаяльнымі…

— Проста ў механізме ўлады зламаўся нейкі засцерагальнік. І паспрыялі гэтаму, на маю думку, вынікі датэрміновага галасавання: вельмі шмат людзей тады падтрымала кандыдатаў ад апазіцыі, улада ўбачыла ў гэтым небяспеку для сябе. Гэта і прымусіла Аляксандра Лукашэнку аддаць загад на брутальны разгон мірнай акцыі пратэста. А тое, што загдад гэты аддаў асабіста ён – гэта не тайна, бо Лукашэнка сам пазней казаў пра тое, што ўсё што адбылося ў Мінску 19 снежня 2010 года – адбылося па яго загадзе.

Асабіста я ішоў на тыя выбары, бо верыў, што сітуацыю ў Беларусі можна павярнуць у дэмакратычнае рэчышча, пратэстны патэнцыял у беларускім грамадстве тады быў даволі высокі…

— Калі вы зразумелі, што Вашыя планы пра мірны дыялог з уладамі не спраўдзяцца…

— Калі ляжаў непрытомны ў сумёце на вуліцы Калектарнай… Непрытомны. Дарэчы, мяне потым многія папракалі ў тым, што я не наняў сябе ахову. Але я і сёння лічу, што паступіў тады правільна. Навошта мне ахоўнікі, калі мы рыхтаваліся да мірных перамоваў?

Калі пасля нападзення на нашую калону людзей у цывільным я апрытомнеў, то зразумеў: ніякіх мірных перамоваў не будзе. На мяне нахлынуў адчай, я нават заплакаў тады, хоць мне гэта не ўласціва. Проста прышло разуменне таго: гэта ўсё, спадзяванні на лепшае абрынуліся. Абрынуліся ў адзін момант…

— Што для Вас было самым цяжкім потым?

— Прадчуванне магчымай смерці… Калі мяне голага вынеслі з рэанімацыі бальніцы хуткай дапамогі і пагрузілі ў машыну, я злавіў сябе на думцы, што гэта можа быць канец… Думаю, чаму нясуць без адзення? Напэўна, нясуць туды, дзе вопратка больш непатрэбная… І калі б у Беларусі не было знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага, то да таго, што мяне голага нясуць па дваццаціпяціградусным марозе, можна было б амаль і не зважаць, а так… Я ляжаў тады ў машыне і думаў, куды яна паверне: калі направа – то ў лес – бууць забіваць, калі налева – гэта ў горад, пажыву яшчэ… Аўтамабіль звярнуў у горад. І я быў сапраўды шчаслівым, што мяне прывезлі ў турму…

— Уладзімір Пракопавіч, з таго дня мінула сем гадоў. Ці зажыла псіхалагічная траўма пасля тых падзей?

— Я не скажу, што яна была. Дакладней так, я быў прыгнечаны першыя дзесяць дзён, пасля тых падзей. У тыя дні да мяне не пускалі адваката, а КДБшнікі на допытах паказвалі зманціраваныя кадры з плошчы: нерухома на зямлі ляжыць нейкі чалавек. Зразумець жывы ён ці мёртвы – немагчыма. А апрацоўка была такая, што, маўляў з-за вашых дзеянняў загінулі людзі… Гэта прыгнятала. І толькі пасля таго, як ад адваката я даведаўся, што ахвяр пасля тых падзей няма, мне стала лагчэй. Я зразумеў, ніякай віны на мне няма…

Гэта што тычыцца псіхалагічнага моманту. А вось наступствы для фізічнага здароўя – засталіся і па сёння. Плошча-2010 дагэтуль адгукаецца болем.

Фота Svaboda.org/2017 год

— На ваш погляд, як змянілася беларускае грамадства за гэтыя сем гадоў?

— На маю думку, у першыя гады пасля тых падзей беларусы жылі ў пэўным страху. Па-першае, у свядомасці людзей адгукаліся падзеі плошчы, па-другое, унеслі сваё і падзеі ва Украіне – на Майдане. Я мяркую, што ў свядомасці беларусаў гэтыя падзеі зманціраваліся, як у кіно, таму грамадства сцішылася, калі можна так сказаць. Але час паказвае, што мы, беларусы, абуджаемся. Гэта паказала рэакця людзей на «дармаедскі» дэкрэт. Людзі гатовыя бараніць свае правы ў выпадку, калі ўлада будзе спрабаваць іх парушаць. Гэта дае надзею, што беларусы пакуль не згубілі сябе канчаткова…

Последние новости:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]