Беларусы могуць ганарыцца сваімі суайчыньнікамі з 20-й дывізіі пяхоты.
Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў выдаў на польскай мове ў выдавецтве Edipresse Polska кнігу пра 20-ю «беларускую» дывізію пяхоты Войска Польскага ў сэрыі «Вялікая кніга пяхоты польскай», расказвае «Народная Воля». Прэзэнтацыя мае прайсьці ў Менску ў студзені.
Паводле Ігара Мельнікава, ворагі называлі «беларускую» дывізію «жалезнай» — беларусы павінны ганарыцца тым, што іх суайчыньнікі былі аднымі з тых, хто «яшчэ ў верасьні 1939 году сказаў Гітлеру «не», мяркуе гісторык.
«Канечне, гэта выклік, пісаць на замежнай мове, але я валодаю ангельскай, нямецкай і польскай мовамі, актыўна карыстаюся імі падчас сваіх гістарычных дасьледаваньняў, — кажа Мельнікаў «Народнай Волі». — Лічу, што гісторык, які займаецца Другой усясьветнай, абавязаны ведаць усе тры мовы».
Кніга расказвае пра 78 полк слуцкіх стральцоў, 79 полк слонімскіх стральцоў імя Льва Сапегі, 80 полк наваградзкіх стральцоў — 20-я пяхотная дывізія Польскага Войска дысьлякавалася ў раёне Баранавічы—Слонім і ў выпадку вайны з Савецкім Саюзам мела змагацца ў ДАКах Баранавіцкага ўмацаванага ўчастку. Але ў 1939 годзе дывізію перакінулі пад Млаву, дзе яна «сустрэла» гітлераўскія войскі. Мельнікаў ня толькі пераказаў зьвесткі з архіваў, але і дадаў фота з прыватнай калекцыі і сабраў падрабязныя зьвесткі пра камандзіраў трох палкоў.
Мельнікаў выдаў багата кнігаў пра беларусаў у міжваенны час і беларускіх вайскоўцаў у Другой усясьветнай вайне. У 2017 годзе ён апублікаваў кнігі «Забытыя героі» і «Адысея палешука», альбом «Мяжа была пад Менскам. 1921–1941 гг.».