Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сэрца Гомеля: Беларусы панавалі над Сожам спакон вякоў

21.12.2017 общество
Сэрца Гомеля: Беларусы панавалі над Сожам спакон вякоў

Мы пакуль што мала ведаем пра старажытныя цвержы на мейсцы нашых гарадоў.

Пытанні гістарычнай тапаграфіі належаць да кола невывучаных праблем гісторыі Гомеля XVI — XVIII ст. Пэўныя дадзеныя для іх высвятлення даюць матэрыялы гомельскіх гаспадарчых рэвізій (інвентароў) XVII-XVIII ст., картаграфічныя, археалагічныя і іншыя крыніцы. Яны дазваляюць уявіць асноўныя рысы тапаграфіі Старога Гомеля, лакалізаваць галоўныя вуліцы, гандлёвую плошчу, найбольш значныя аб’екты фартыфікацыйнага і культавага характера, піша nashkraj.info.

Уласна гарадская, меская тэрыторыя (тапаграфія прадмесцяў у паведамленні не разглядаецца), абмежаваная ўмацаваннямі, у XVI-XVIII ст. ахоплівала малую частку цэнтра сучаснага Гомеля. Горад размяшчаўся на пляцоўцы карэннага плата правага берага Сожа, якая ўзвышаецца над урэзам вады на 20-22 і больш метраў. Месца падыходзіла на поўдні да яра і ручаяГамяюк (пазнейшы Кагальны Роў), на поўначы — да яра Кіеўскі (ці Саборны) Спуск, на ўсходзе — да Сожа. Зараз яна адпавядае цэнтральнай частцы парка імя Луначарскага, плошчы імя Леніна з прылеглымі да яе сядзібамі аблвыканкама, вузла сувязі i драмтэатра. У XVI-XVIII ст. з поўдня, захада і поўначы да месца прылягалі неўмацаваныя прадмесці.

«Сэрцам» Гомеля быў драўляны замак, гістарычнымі і тапаграфічнымі папярэднікамі якога паслядоўна былі славянскі «град» Vl-Х ст., дзядзінец Гомія ХІ-ХІІІ ст., Гомейскі замак XIV-XV ст. Замак займаў мыс плата (зараз на яго пляцоўцы — будынак абласнога музея), утвораны вусцем яра Гамяюк. Умацаванні ў выглядзе вала з ірвом ахоплівалі трапецыяпадобную ў плане пляцоўку плошчай каля 1,4 га (у XVI ст. яна, верагодна, была меншай ці складалася з 2-х малых пляцовак). У XVI ст., як сведчыць выява на карце таго часу, тут размяшчалася драўляная сцяна з байніцамі, вуглавыя часткі якой дапаўняліся вежамі. Найбольш адказныя функцыі ў абароне выконвала вежа-брама з пад’емным мастом-«узводам». Сцяна і вежы былі абмазаны пластом гліны, які засцерагаў іх ад гніення, пажараў і надаваў замку знешняе падабенства з мураванай фартэцыяй. Патаемны ход да Сожа выкарыстоўваўся пад час для папаўнення запасаў вады1.

Некалькі разоў замак гарэў, перабудоўваўся. Як сведчыць інвентар 1681 г., у канцы XVII ст. абарончая сцяна існавала ў выглядзе «палаў» — верагодна, двух вертыкальна пастаўленых ліній тоўстага дубовага бярвення, прастора паміж якімі была шчыльна запоўнена зямлей. У сцяну было ўключана 11 «Ізбіц» — двух»ярусных зрубаў; ніжні іх паверх пад час аблогі магло займаць грамадзянскае насельніцтва са скарбам, а верхні— выкарыстоўваўся ў якасці баявой галярэі — «бланкавання»2.

Замкавая пляцоўка была шчыльна забудавана драўлянымі пабудовамі адміністратыўнага, жыллёвага, гаспадарчага і культавага прызначэння. Уяўленне аб іх дае інвентар 1681 г. Недзе ў сярэдзіне замка ўзвышалася харомнае збудаванне са шматлікімі пакоямі, галярэямі, ганкамі, лесвіцамі, кафлянымі печамі і шклянымі вокнамі. Гэты і другі, больш новы дом, выкарыстоўваліся як месца рэзідэнцыі гомельскіх стараст, іншых дзяржаўных чыноўнікаў. У замку меліся «каморы» (памяшканні для захавання маёмасці, скарбу), «ізбы» (жылыя памяшканні), склепы (у т.л. вінны — «піўніца»), ляднік, кухні, вазоўня, канюшні, бровар, лазня, іншыя пабудовы (у т.л. двухпавярховыя). У некалькіх свіранах трымаліся запасы зерня (жыта, авёс, ячмень, пшаніца, грячка). У замкавым арсенале ў мірным 1681 г. мелася ўсяго 5 гармат (3 «дзела» бронзавых, 1 «дзела» жалезнае «добрае», 1 «дзельца» жалезнае сапсаванае, 6 гакаўніц, 11 мушкетаў, 11 арганкоў (шматстваловых агнястрэльных прылад), гарматныя ядры, 3394 алавяныя кулі, запас пораху і інш. У замак траплялі праз браму i падведзены да яе мост «на папах». Побач з брамай размяшчалася турма. На поўдні замкавай пляцоўкі ўзвышалася драўляная Мікольская царква са званіцай3, звесткі аб якой узыходзяць да канца XV ст.

План-рэканструкцыя асноўных элементаў тапаграфіі Гомельскага замка і месца XVI-XVIII ст. (картаграфічная аснова 1799 г.)

1 — культавыя пабудовы; 2 — лакалізаваныя вежы-брамы; 3 — магчымыя месцы вежаў; 4 — напрамак абарончых сцен; 5 — меская забудова. А — Мікольскі сабор; Б — Прачысценская царква; В — Троіцкая царква; Г — касцёл Прэсвятой Дзевы Марыі; Д — прыблізнае месца лакалізацыі Спаскай царквы ў XVI-XVII ст., Е — культавая пабудова на плане 1799 г.; Ж — замкавая брама; 3 — Чачэрская брама; I — Рэчыцкая брама.

Нягледзячы на значныя рэканструкцыі і паступовае адміранне ваенных функцый цытадэлі ў апошнія дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай, асноўны набор яе будынкаў захоўваўся да канца XVIІІ ст. — часу ўзвядзення каменнага палаца П.А. Румянцава-Задунайскага. Аб гэтым сведчыць апісанне замка («Отказная книга…»), складазенае ў Гомелі ў сакавіку 1776 г. магілёўскім губернскім сакратаром Львом Навіной-Гулевічам4. Апошняе вялікае будаўніцтва ў замку адбылося ў 1737 г. пры старасце князе М.Ф. Чартарыйскім, які заклаў новыя дубовыя ўмацаванні з вежамі, паглыбіў ірвы, адрамантаваў мост. Канчаткова ўмацаванні і большасць пабудоў былі разабраны паміж 1780 і 1785 гг.5, а роў і Мікольская царква праіснавалі да самага пачатку ХІХ ст.

Калі замак быў «сэрцам» горада, дык ягоным «целам» — уласна месца, яков прымыкапа да цытадэлі з захаду і поўначы і, накшталт ланцуга, ахоплівалася натуральнымі ярамі — Гамяюком і Кіеўскім, эскарпіраванымі намаганнямі будаўнікоў эпохі сярэдневякоўя і прыстасаванымі для патрэб горада ў якасці магутных абарончых ірвоў. Вярхоўі яроў яшчэ ў летапісныя часы былі злучаны штучным ірвом, які ішоў прыкладна ад сучаснай вул. Працоўнай у бок сядзібы аблвыканкаму. Плошча месца ў межах умацаванняў складала ў XVI-XVIIІ ст. каля 10 га.

Пісьмовыя звесткі аб мескіх фартыфікацыях узыходзяць да 1561 г. У XVI ст. Гомель быў абнесены валам, на якім стаялі драўляныя зрубныя сцены. Уезд i выезд ішоў праз брамы Чачэрскую. Магілёўскую, Рэчыцкую, а Водная стаяла на дарозе да прыстані. Праз роў каля брам былі перакінуты масты. Лаканічнае апісанне мескіх умацаванняў ёсць ў інвентары 1681 г., які сведчыць, што вакол горада ішоў «роў капаны», меліся 3 драўляныя брамы (названы Чачэрская і Рэчыцкая) з «варотамі, прабоямі, гакамі і замкамі вісячымі». Абарончая сцяна была такой жа, як і замкавая, — дубовыя «палы з «ізбіцамі»7.

Сваё стратэгічнае значэнне абарончыя збудаванні горада пачалі страчваць у пачатку XVIII ст. У канцы стагоддзя яны ўжо не існавалі, а рэшткі ірва былі засыпаны ў пачатку XIX ст.

Каштоўныя дадзеныя для рэканструкцыі гістарычнай тапаграфіі Старога Гомеля дае «План местечка Гомля …» 1799 г.8. Складзены напярэдадні «румянцаўскай» перапланіроўкі, якая карэнным чынам змяніла гарадскую тапаграфію, ён адлюстроўвае гістарычна склаўшуюся сітуацыю. Карані апошняй, верагодна, узыходзяць яшчэ да XII-XIII ст. План 1799 г. фіксуе месцы размяшчэння замка і ўласна горада, адзначае трасы абарончых ірвоў, напрамкі вуліц, царкоўныя сядзібы, двораўладанні і г.д. На жаль, план «сляпы», г.зн. не мае эксплікацыі, таму ёсць пэўныя цяжкасці для ідэнтыфікацыі тых ці іншых унутрыгарадскіх аб’ектаў. Таму патрабуецца супастаўленне плана са звесткамі гістарычных крыніц XVII-XVIII ст. Для Гомеля XVI-XVIII ст. была характэрная радыяльна-кальцавая планіроўка. Пяць радыяльных вуліц склаліся яшчэ ў сярэдневякоўі і, верагодна, без істотных зменаў сваіх напрамкаў існавалі да канца XVIII ст. Кансерватыўнасць гарадской тапаграфіі ў немалой ступені падтрымлівала плошча-рынак, якая размяшчалася на поўнач ад замка, адразу за ягоным «узводам» (зараз — пляцоўка паміж музеям, капліцай і Петрапаўлаўскай царквой). Рынак (па дадзеных 1799 г.) займаў каля 5000 кв. м, на ім размяшчаліся гандлёвыя рады, драўляныя каморы. У 1681 г. было 16 камор; за права карыстацца імі гараджане плацілі ў каралеўскі скарб 4 злотых штогод. Тут было спецыяльнае памяшканне, дзе захоўваліся дзве гіры — эталоны вагі. Адна з іхбыла перацягнута жалезным дротам i змяшчала «асьмушку старую гомельскую, якая мае ў сабе гарцаў 29», другая — мела паўмеры вагі першай9. У 1771 г. на рынку было 32 гандлёвыя лаўкі10.

Важным з’яўляецца пытанне лакалізацыі старажытнейшых вуліц і культавых пабудоў Гомеля XVI-XVIІІ ст. Яго вырашэнне патрабуе комплексная даследавання пісьмовых і картаграфічных-крыніц. Спроба вызначэння старых вуліц і храмаў, якая абапіраецца на навуковыя матэрыялы, была прапанавана ў 1991 г.11. Зараз ёсць магчымасць яе ўдакладніць.

Месца размяшчэння царквы Ражаства Багародзіцы (Прачысценскай), гістарычныя звесткі аб якой узыходзяць да першай паловы XVI ст., дакладна вызначаецца на поўнач — паўночны ўсход ад замка, каля рынка, побач з месцам, дзе зараз знаходзіцца капліца XIX ст. «Отказная книга …» 1776 г. сведчыць, што яна размяшчалася па правую руку ад гандлёвай плошчы, адразу ж па выездзе з замкавай брамы12. Яе месца ўгадваецца на плане 1799 г.

Самай паўночнай вуліцай-прамянём, трапіць на якую можна было з той жа брамы праз рынак, з’яўлялася Чачэрская. Пачыналася яна каля сучаснага Петрапаўлаўскага сабора i прыкладна праз 100 м заканчвалася Чачэрскай брамай у сістэме мескіх умацаванняў (зараз тут пачатак вул. Савецкай). За горадам вуліца пераходзіла ў шлях, які вёў праз прадмесце ў Чачэрскую воласць. У 1681 г. на Чачэрскай было 15 двораўладанняў, карчма і шпіталь13. Да ліку прывіліяваных раёнаў яна не належыла, тут жылі простыя мяшчане. Дакументы 1765 і 1770-х гг. таксама згадваюць гэту вуліцу14.

Калі «вярнуцца» да замку і «прайсці» метраў 30 на поўдзень уздоўж замкавага ірва, то можна «трапіць» на Троіцкую. Ішла яна амаль паралельна Чачэрскай таксама да мескіх умацаванняў, прыкладна да пляцоўкі, дзе зараз сквер каля сядзібы драмтэатра. У канцы XVII ст. на Троіцкай было трохі болей за паўтара дзясяткі сядзіб, а ў яе пачатку, бліжэй да гандлёвай плошчы, стаяла драўляная Троіцкая царква (таксама вядомая з XVI ст.). Вуліца згадана ў крыніцах канца XVII i XVIII ст. Дадзеныя пісьмовых дакументаў пра лакалізацыю храма супадаюць з пазначанай на плане 1799 г. царкоўнай сядзібай.

Наступная вуліца — Спаская — таксама атрымала назву па старажытнай Спаскай (Прэабражэнскай) царкве, якая (згодна дадзеным 1681 г.) размяшчалася ў пачатку вуліцы, на яе левым (калі глядзець з замку) баку. Насупраць царквы, бліжэй да плошчы, стаяў каталіцкі касцёл Прасвятой Дзевы Марыі. Месца касцёла вызначаецца дакладна, арыентуючыся на план 1799 г. Царква ж на апошнім адсутнічае: магчыма, яе пабудова ў гэты час ужо не існавала, ці была перанесена на суседнюю, больш паўднёвую, вуліцу. Спаская вуліца ішла ад замка да месца сучаснай сядзібы драмтэатра і вул. Працоўнай. У 1681 г. на ёй было каля двух дзясяткаў сядзіб, значныя ўладанні тут меў пан Красоўскі15. Дакумент 1776 г. размяшчае Спаскую царкву на вул. Дэканоўскай16, якая ў інвентары 1681 г. не згадваецца. Таму дакладнае вызначэнне месца царкоўнай сядзібы пакуль застаецца праблематычным.

«Рухаючыся» далей супраць стрэлкі гадзінніка ўздоўж замкавага ірва, можна «выйсці» на Карнілаўскую, якая пазначана ў інвентары 1681 г., а ў крыніцах XVIIІ ст. не згадваецца. Нельга выключаць, што ў XVIII ст. яна атрымала новае найменне — Дэканоўская. Карнілаўская ішла ад сучаснага будынку музея да сядзібы вузла сувязі. У канцы XVII ст. на ёй было 28 сядзіб, у т.л. двары паноў Левановічаў, Міхенкевічаў, Плескіх, Руцкіх17.

Самая шматлюдная вуліца-прамень XVI-XVIII ст. — Рэчыцкая. У 1681 г. на ёй было каля 40 сядзіб. Цягнулася Рэчыцкая па верхняй берегавой тэрасе ўздоўж Гамяюка. Пачыналася вуліца каля сучаснай вежы музея, ішла ў напрамку кінатэатр — рэстаран «Беларусь” — сядзіба аблвыканкаму, за якой завяршалася Рэчыцкай брамай. За горадам яны выводзіла на шлях, які ішоў сярод лясоў да павятовай Рэчыцы.

Гісторыя паклапацілася такім чынам, што ў сувязі з пачаткам «рэгулярнай» забудовы Гомеля ў першай палове XIX ст., ягоны гістарычны цэнтр змяніўся непазнавальна. Вядзецца шырокае каменнае будаўніцтва, знікае старая вулічная сетка. Пасля закладкі гарадскога парку знікаюць старажытныя вуліцы Троіцкая, Спаская, Карнілаўская: зараз па-над імі шумяць дрэвы парка i ляжыць асфальт цэнтральнай плошчы. Чачэрскую чакаў наступны лёс: яе найбольш старажытны адрэзак знік, а працяг, які ішоў па-за мескімі ўмацаваннямі, атрымаў у XIX ст. назву Румянцаўскай (яшчэ пазней — Савецкай). Зразумела, аб бездакорным супадзенні трас Чачэрскай і Румянцаўскай размова не ідзе. Ад Рэчыцкай, верагодна, застаўся невялічкі адрэзак (у XVI-XVIII ст. загараднага шляха), які ў наш час носіць тую ж назву — вуліца Рэчыцкая (паміж сучасным центральным рынкам і заводам вымяральных прыбораў).

Галоўным элементам забудовы гарадскіх вуліц XVI-XVIII ст. бьілі мяшчанскія сядзібы. Кожная сядзіба займала пэўную частку гарадской тэрыторыі, складалася са зрубнага драўлянага дома, гаспадарчых пабудоў, майстэрняў. Археалагічныя матэрыялы (раскопкі аўтара 1986-1987, 1994 гг.) сведчаць, што тут былі сараі, лазні, іншыя пабудовы. Звычайна дамы мелі некалькі пакояў, ганкі, сенцы, глыбокія сутарэнні, гліняныя печы (з канца XVI ст. звычайна аздобленыя кафляй). Дамы заможных гараджан і шляхты адрозніваліся лепшай архітэктурай, значнымі памерамі, маглі мець два паверхі. Тыповай з’явай былі шкляныя вокны. Феадальныя гаснадары валодалі сядзібамі пераважна на поўдні і паўднёвым захадзе месца.

Рэканструкцыя асноўных элементаў гістарычнай тапаграфіі старога Гомеля, лакалізацыя ягоных аб’ектаў абарончага, грамадзянскага і культавага характара, безумоўна, будуць удакладняцца ў працэсе вывучэння новых гістарычных і археалагічных крыніц, аднак ужо сёння яны ўяўляюцца карыснымі для больш глыбокага асэнсавання гісторыі горада XVI-XVIII ст.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]