У Гомлі вядомае месца, дзе стаяў бацькоўскі дом славутай дзяячкі беларускага Адраджэньня.
Ініцыятыўная група грамадзкіх актывістаў Гомлю, створаная дзеля сьвяткаваньня 100-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, зьвярнулася ў гарвыканкам з прапановай надаць адной з вуліц гораду імя Палуты Бадуновай альбо усталяваць на першым часе хоць бы памятную дошку ў яе гонар, передае svaboda.org.
Абгрунтаваньне прапановы падрыхтавала дасьледчыца біяграфіі Палуты Бадуновай, выкладчыца ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны Валянціна Лебедзева, а падпісалі ліст у гарвыканкам вядомыя ў горадзе гісторыкі ды грамадзкія актывісты.
«Наша зямлячка засталася ў нацыянальнай гісторыі сымбалем самаахвярнасьці й палымянага патрыятызму, змаганьня за правы беларускага народу», — кажа адзін з ініцыятараў сьвяткаваньня стогадовага юбілею БНР Уладзімер Кацора.
Палута Бадунова — беларускі палітык, адзін зь лідэраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сябра Рады і Народнага сакратарыяту Беларускай Народнай Рэспублікі.
Яна нарадзілася ў 1885 годзе ў Навабеліцы (сёньня — раён Гомлю. Пазьней блізу дзесяці гадоў працавала ў вясковых школах Гомельскага павету. Калі ў 1926 годзе Гомельскую губэрню перадалі ў склад БССР, Палута наведала Гомель, склала запіску для Інбелкульта (будучай Акадэміі навук Беларусі) пра неабходнасьць адкрыцьця ў горадзе ўнівэрсітэту і выкарыстаньня ім унікальнай бібліятэкі палацу Румянцавых-Паскевічаў.
У Гомлі вядомае месца, дзе стаяў бацькоўскі дом Палуты Бадуновай —невялікая пустка паміж шматпавярховікамі на цяперашняй вуліцы Дзімітрава ў Навабеліцкім раёне гораду. Некалькі гадоў таму дэмакратычныя актывісты сабралі звыш трохсот подпісаў тутэйшых жыхароў, каб пераназваць вуліцу імя баўгарскага камуніста Дзімітрава ў гонар Палуты Бадуновай. Гарвыканкам адказаў адмовай.
Кожны год на Дзень Волі 25 сакавіка неабыякавыя гараджане прыносяць на гэтае месца жывыя кветкі і згадваюць імя выбітнай зямлячкі.