Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто...»

23.12.2017 культура
«Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто...»

У нядзелю, 24 снежня, а 13-й гадзіне адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме, дзе жыў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін.

Унікальны выпадак, бо грошы на яе збіралі ўсім беларускім светам. Зрэшты, нічога не было б, каб не парупіўся Глеб Лабадзенка.

Яны пазнаёміліся пры даволі камічных абставінах. Барадуліну было 64, Глеб жа падыходзіў паэту ва ўнукі, бо быў у пяць разоў маладзейшы за яго. Вучань звычайнай мінскай школы, ён вельмі здзівіўся, калі аднойчы пачуў ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, што Рыгор Барадулін не толькі жывы, але і жыве ў адным з ім горадзе. Агаломшаны такой навіной — хлопец быў перакананы, што ўсе аўтары са школьнай праграмы даўно памерлі, — ён сабраўся ў госці да Барадуліна. З гэтага і пачалося не толькі сяброўства з дзядзькам Рыгорам, але і Глебава беларускасць.

А неўзабаве Барадулін, у якога была незвычайная інтуіцыя на людзей (сам ён гаварыў: «Інтуітыўна я адчуваю, хто мне блізкі, з кім мне будзе добра»), пазнаёміў з Глебам і мяне. І не раз тады дый пасля казаў: «Гэта наша апора і змена». Так яно і сталася. Бо гэта Глеб задоўга да з’яўлення краўдфандынгавай пляцоўкі «Talaka» двойчы ініцыяваў збор сродкаў для паэта, якому часам проста не было на што жыць (аднойчы дзядзька Рыгор сабраўся ў родныя Ушачы, але яму не было за што набыць квіток на рэйсавы аўтобус). І сотні чытачоў, купляючы кнігі Барадуліна, талакой ахвяравалі хто колькі мог свайму паэту.

І хоць гэтыя дзве акцыі, што наладзіў Лабадзенка, не ўсім тады былі даспадобы (у нас звычайна лічаць за лепшае ганіць, чым нешта самім рабіць), але ён не зважаў на гэта і, мусіць, правільна рабіў, бо не толькі дапамог старэйшаму сябру пражыць апошнія гады не ў жабрацтве — гэткім чынам ён дапамагаў суайчыннікам аб’ядноўвацца ў годнай справе. А калі па сутнасці, дык дапамагаў беларускаму свету адчуць сябе беларускім светам.

А потым, факсімільна перавыдаўшы першы зборнічак Барадуліна «Маладзік над стэпам» 1959 года, падрыхтаваў яшчэ і ўнікальную кнігу «Лепей», дзе не было ніводнай друкаванай літары, а паўсюль выключна рука паэта. І апошнія фотаздымкі дзядзькі Рыгора — таксама Глебавы… Калі ж Барадуліна раптоўна не стала, і я ўзяўся сабраць кнігу апошніх яго вершаў, мяркуючы зрабіць гэта да першай гадавіны, Глеб запытаўся: а чаму не на саракавіны? І дзякуючы падтрымцы неўтаймаванага нашага мецэната Паўла Бераговіча так яно ўрэшце і адбылося. Мусіць, гэтая кніжка не аднаго мяне тады выцягнула з той пустэчы, што ўзнікла пасля таго, як дзядзька Рыгор пайшоў «у неба пехатою»…

Але ж і потым Глеб не красамоўнічаў, а проста рабіў справу, часам не дужа і заўважную: шматкроць праводзіў экскурсіі па Ушаччыне; усталяваў стэнды з вершамі і фотаздымкамі паэта каля яго магілы і дома ва Ушачах; ладзіў вечары яго памяці на курсах «Мова Нанова»; не забываўся пра паэтаву жонку Валянціну Міхайлаўну…

А неўзабаве і ўвогуле ўзяўся, як практычна ўсім нам тады здавалася, за невырашальную задачу — не толькі сабраў зноў жа талакой грошы на помнік, але і пры ўдзеле фотамайстра Сяргея Плыткевіча дамогся немагчымага: «ускаціў» на Бутаўшчыну, на ушацкія могілкі валун вагой у дзве тоны, выканаўшы гэткім чынам апошнюю волю паэта, напісаўшага: «Калі я адыду, пастаўце мне валун сівы і крыж на валуне…»

«Ускаціў», вядома, не сам, а пры дапамозе верталёта Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, але ж ніхто з нас да апошняга не верыў у тое, што такое ў прынцыпе магчыма: валун, што на руках не падняць, верталётам, ды яшчэ бясплатна, бо ўшанаваць памяць пра Барадуліна і для МНС таксама было за гонар... О, каб ведаў, каб бачыў тое дзядзька Рыгор…

Зрэшты, і гэтага Глебу было мала, і ён цяпер ужо абвясціў збор сродкаў на мемарыяльную шыльду (яе аўтар — скульптар Ігар Засімовіч, што рабіў помнік на магілу паэта). І, дзякуючы яшчэ аднаму барадулінскаму сябру — старшыні Саюза мастакоў Рыгору Сітніцы, урэшце дамогся яе ўсталявання. Вядома, ізноў справа не аднаго толькі Глеба, але менавіта ён распачаў яе, ён і давёў да ладу.

…Ён дасюль не перастае здзіўляць, гэты Глеб Лабадзенка. Здзіўляць сваёй адданасцю і вернасцю сяброўству. Здзіўляць тым, што ставіць на мэце такія задачы, якія, здаецца, і вырашыць немагчыма. А ён ніколі не адступаецца і ўпарта крочыць наперад. Зрэшты, можа, у тым і няма нічога дзіўнага, калі згадаць, што яго любімы дэвіз — Караткевічаў: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, — і тады пераможаш».

Дэвіз, дарэчы, з «Ладдзі роспачы» — аповесці, што Уладзімір Караткевіч прысвяціў свайму сябру Рыгору Барадуліну.

Сяргей Шапран, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]