Віншаванні мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія суайчыннікі! Сардэчна вітаю ўсіх Вас, у радаснае і збаўчае свята Раства Хрыстовага. Чарговы раз Божы Провід дазваляе нам святкаваць гэтае свята.
Чарговы раз мы становімся на калені перад ялінкай, перад фігурай немаўлятка Езуса, каб яшчэ раз паразважаць над тым, што сталася 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, калі Бог далёкі, Бог Старога Запавету, Бог можа суровы, стаўся блізкім, стаўся чалавекам. Ён прыйшоў да нас з чалавечым сэрцам, з чалавечым тварам, каб быць блізка разам з намі, каб чалавек мог яго слухаць, мог да яго дакрануцца.
Гэта нішто іншае як праява бязмежнай любові Бога да чалавека. Ужо ў раі чалавек сказаў Богу: «Не». Чалавек адмовіўся ад Бога. Аднак, Бог не пакінуў чалавека аднаго са сваімі праблемамі. Бог заўсёды быў з чалавекам і гэта кульмінацыйны момант, менавіта нараджэнне Езуса Хрыста.
Богаўцелаўленне — гэта той момант, пра які паэты кажуць, што неба пацалавалася з зямлёй. Гэта той момант, калі Бог яшчэ раз схіліўся над чалавекам, каб падняць гэтага чалавека, які ўпаў, які знаходзіцца ў грахоўным балоце, каб ізноў адрадзіць у ім вобраз таго, які створаны на падабенства Божае.
Сёння мы рыхтуемся да гэтых святаў і святкуем іх радасна. Нашы гарады асветленыя. Толькі ці гэтага дастаткова? Трэба спытаць у сябе: ці Езус Хрыстус ёсць у маім сэрцы, ці ён ёсць у маёй душы.
Мы ведаем, што калі Марыя з Юзафам прыйшлі ў Бэтлеем, дык не было для іх месца ў заездзе. Ці ў нашым заездзе, якім з’яўляецца наша сэрца, ёсць месца для Езуса? Калі яго там не будзе, калі мы будзем святкаваць свята толькі знешне, калі мы будзем упрыгожваць толькі ялінкі, але не ўпрыгожым ялінкі ў нашым сэрцы Божай ласкай, гэтае свята будзе такім, як многія іншыя святы.
Прыходзяць і мінаюць. А свята павінна пакінуць нейкі след па сабе. Найперш, след таго, што Езус нараджаецца сваёй ласкай у нашых сэрцах, нашых душах. Я віншую каталікоў, хрысціян іншых канфесій, якія сёння разам з намі адзначаюць гэтае свята. Таксама я віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія цяпер перажываюць Адвэнт і праз два тыдні будуць святкаваць такое ж свята.
Радасных, вясёлых, поўных Божай ласкі святаў Раства Хрыстовага і шчаслівага Новага года!