Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

І будзе вам шчасце!

24.12.2017 политика
І будзе вам шчасце!

Лічбавая эканоміка ў нас наперадзе, а лічбавая палітыка існуе даўно.

І будзе вам шчасце! Ды як у той казцы, не простае курынае яечка, а залатое. У самай сучаснай версіі – айцішнай. Не вельмі важна, што многія з нас маюць аб гэтым вызначэнні цьмянае ўяўленне. Думаю, што ініцыятары гэтага цуду таксама не нашмат наперадзе мас.

Быў анонс, была рэклама. Пасыпаліся радасныя воклічы. Таго, хто абвясціў пра доўгачаканае шчасце ледзь не гушкаць сталі. Пакуль віртуальна, але гатовы і на руках.

У шумнай акцыі ёсць несумненны пазітыў. Моладзі, што падрастае, прымярае на сябе шляхі-пуцявіны, збірае парады, а кім жа лепш стаць у гэтым жыцці, дадзены моцны сігнал: “Будзьце дзёрзкімі, будзьце рашучымі, там за частаколам ангельскіх тэрмінаў схавана ваша магчымае прызванне, мара і жыццёвы рай! Для вас і для краіны”.

А нам, знасіўшым сотні ботаў і чаравікаў, чаго чакаць ад абяцанага шчасця?

Дасведчаныя людзі згадваюць пра вопыт Сінгапура. Далёкі горад з нясвойскім нам характарам. А галоўнае, каб зрабіць дакладны дубль з Сінгапура, патрэбныя сінгапурцы. Мне падаецца, што нашы верхаводы паўтараюць новы набор слоў, не зусім разумеючы іх сэнс.

Павярнуць краіну ў новым накірунку збіраецца старая каманда. Адзін з арганізатараў (па сутнасці, дэзарганізатараў) прамысловасці і навукі Уладзімір Сямашка у радасных перспектывах лічбавай рэвалюцыі ўгледзеў магчымасць мадэрнізаваць трактары і паравозы. З трактарамі яшчэ можна пагадзіцца, а дзе ён бачыў паравозы, апроч баранавіцкага музея?

Слова “мадэрнізацыя” для беларускай эканомікі ўвогуле выконвае ролю праклёна. Мы што, не памятаем мадэрнізацый асобных заводаў і цэлых галін прамысловасці? Прыклад падшыпнікавага завода вам не грукае цяжарам фінансавай ямы ў мазгі? Пасля прыезду туды Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Сямашкі.

Дэкрэт падпісаны (папярэднім падобным дакументам не ўдавалася выбіцца ў шэдэўры, чаму кандыдаты ў апосталы ўпэўнены, што на гэты раз усё будзе інакшым?). У камандзе не вызначаны штурманы. Аляксандр Лукашэнка сказануў, што ведае, з каго спытаць. А чаму нічога не ведаем мы? Спытаць з самога Аляксандра Рыгоравіча не атрымаецца, няма ў нас такіх структур.

Дапусцім, усё атрымаецца, пральецца залаты дождж. Першая ж дзяльба пакажа, каму лепшая выгада. Так званым сілавікам, службам бяспекі, выведкі, сачэння, ну, і – у прэзідэнцкі фонд.

Аніводная справа, тым больш, прынцыпова новая не абыйдзецца без канфлікта. Суды Сукалы гатовы? Заўжды! К чаму? К тым выракам, якім мы ўжо перасталі здзіўляцца.

Лічбавая эканоміка ў нас наперадзе, а лічбавая палітыка існуе даўно (няважна, як хто галасуе, важно, хто як лічыць). Як гэта будзе стасавацца: адсутнасць выбараў на ўсіх узроўнях, і спрынтэрскі рывок у будучыню?

Пудзіла Цэнтрвыбаркаму нікога не пужае?

Новы паварот – гэта як выратаванне для рэжыму для ягоных галоўных фігурантаў. У ляскатні, трымценні, авацыях лягчэй забыцца пра ўсе рэферэндумы, узурпацыю ўлады, гібель палітыкаў, удушэнне свабод і запіхванне ў шуфляду Канстытуцыі.

Танчым! Спяваем! Саліруюць Зіссер і Дынько. Пракапеню зразумець лягчэй: вырваўшыся з-за кратаў, інакш успрымаеш усё.

Мiкалай Галко, Фэйсбук

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]