Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Мiнску з аншлагам прайшоў юбілейны Калядны фэст

26.12.2017 культура
У Мiнску з аншлагам прайшоў юбілейны Калядны фэст

За дзесяцігоддзе Калядны фэст стаў сапраўдным брэндам.

У клубе Re:Public 25 снежня з аншлагам прайшоў юбілейны Калядны фэст. 10 год таму па гэтым жа адрасе, у клубе «Стэп», адбыўся першы фэст, які здаваўся чарговым безаблічным супольным канцэртам медывальных гуртоў. За дзесяцігоддзе Калядны фэст стаў сапраўдным брэндам, але часта можна пачуць думку «Там усё тое ж самае, што ні год», пiша novychas.by.

Першыя сто наведвальнікаў сёлетняга Каляднага фэста атрымалі ад арганізатараў альбом «Angleza» гурта TESTAMENTUM TERRAE (калі хто памятае, пад такой назвай выступала цяперашняя PAWA). Яшчэ самыя дысцыплінаваныя і раннія наведвальнікі паспелі вывучыць некалькі танцаў разам з калектывамі ЯВАРЫНА, ФЛАМЕЯ, ГІСТРЫЁН і Школай традыцыйнага мастацтва. Гэта файна, бо чаканне пачатка канцэрта бывае даволі тужлівым, асабліва для тых, хто не ўжывае алкагольных напояў. Да таго ж некаторыя з засвоенных танцаў можна было «замацаваць практычна», падтрымліваючы выступы любімых гуртоў. Лепшыя чатыры танцоры на майстар-класе атрымалі сертыфікаты на заняткі Школы традыцыйнага мастацтва. Пасля танцаў выступілі з каляднымі песнямі спявачкі з той жа школы, гурток Вікторыі Міхно.

Гурт АДАРВІРОГ, дэбютант Каляднага фэсту, унёс разнастайнасць у звычайны склад выступоўцаў. Слоў, праўда, было амаль не разабраць, прынамсі з танцполу, але народ калбасіўся ў кайф. Натхнёныя Караткевічам і паўстаннем Касцюшкі, частка песні пра якога прагучала чыткай рэпу… І гэта не адзінае нечаканае выканальніцкае рашэнне. Па словах музыкі гурта Віктара Лагацкага, запісваючыся ў альбом «Край паданняў», ён сам сабе і ўсім астатнім даказаў, што і дуду ў традыцыйным беларускім строі Гаўрылы Слаўчыка (закрытая манера грання) можна выкарыстоўваць у метале. Збольшага дуда ў беларускіх гуртах гучыць у адкрытай манеры, што не мае каранёў у мясцовай традыцыі. Сярэднявечны танец «Маразуля» за вечар прагучаў тры разы. У выкананні «Адарвірога» ён стаў «Адмаразуляй» і скончыўся слэмам.

Разаграваць публіку працягнуў гурт ЯВАРЫНА. Ён выступіў на Калдяным фэсце другім разам, затое якія трапныя гэта былі разы: першы і юбілейны фэсты. Музыкаў падтрымлівала танцавальная група, што спачатку зладзіла паказальны выступ, а потым запрасіла далучыцца публіку. Судзячы па водгуках у сацсетках, танчылі нават тыя, хто сам ад сябе такога не чакаў. Пад «Маразулю» як не затаньчыць! А на «Ойру», напрыклад, было пар 50 мінімум. Адсюль «дыягназ»: танцавальная недастатковасць. Не веру, што народ ахвочы скакаць толькі на Калядным фэсце. Таму, таварышы, падтрымівайце Дударскі клуб і прыходзьце на вечарыны!

Выступу TROLLWALD папярэднічала хвілінка свецкай хронікі ад вядоўцы і заснавальніка Каляднага фэста Змітра Сасноўскага. Ён звярнуў увагу публікі на тое, што вакаліст Андрусь Апановіч згаліў бараду, а музыка Алесь Чумакоў, што грае і ў «Старым Ольсе», – пастрыгся. «А мы пішам альбом» – паведаміў Андрусь Апановіч тонам Карлсана «А мы тут плюшкамі балуемся». І паабяцаў, што хутка новы матэрыял з’явіцца ў інтэрнэце. Пакуль гурт выканаў з яго песню «Спыніўся час». Выступ падзяліўся на два блокі: песні пра людзей і пра троляў. Другі блок анансаваўся з душой: «Песня пра троля-чыкацілу «Не гуляйце, дзеўкі ў лесе»; «Троль-байструк, якога маці, жонка каваля, уратавала ад смерці, а ён троху падрос – і ўчыніў генацыд вёскі». Дарэчы, на Калядным фэсце ў 2015 годзе TROLLWALD упершыню выступіў публічна пасля развалу свайго папярэдніка, гурта .

Не абышлося без каляднікаў. Калядавалі на танцполе, не на сцэне: да народу бліжэй, падарункі сабраць жа трэба. Ну, і выглядае жывей, не выступам. Сёлета калядны гурт складаўся з кампаніі сяброў, што не асацыюе сябе ні з якой арганізацыяй ці ўстановай.

Заўсёдны ўдзельнік Каляднага фэсту – СТАРЫ ОЛЬСА. Як і абяцаў, гурт выканаў калядны кант ХVI стагоддзя «Дзікова галава», які адзін свядомы беларускі студэнт знайшоў у аддзеле рэдкай кнігі Оксфардскага ўніверсітэта і выслаў гурту. Было настолькі атмасферна, што, падавалася, дзіковую галаву, упрыгожаную зёлкамі ды гірляндамі, і праўда вось-вось унясуць у залу. Выступ падыходзіў да канца, і стала нават неяк сумна: няўжо абыдзецца без “Маразулі”? А не тут-та было. Шчаслівыя танцоры адскакалі трэцім разам за вечар.

Анансуючы гурт PAWA, Зміцер Сасноўскі захапляўся прыгожосцю ўдзельніц, мабыць, звяртаючы ўвагу публікі на тое, што цяперашнія скрыпачка і флейтыстка у гурце нядаўна. Гурт прэзентаваў новую песню «Плячом да пляча».

Выступ гурта ПАЛАЦ скасаваўся. GODS TOWER быў адрэкамендаваны Змітром Сасноўскім як «самы адмарожаны гурт з самага адмарожанага горада Беларусі, што ўтварыўся на Старым Аэрадроме». Абдымаючы на сцэне земляка, вакаліста Лэслі Найфа, у рэаліях гомельскага мікрараёна Аэрадром проста «Нажа», Сасноўскі дзяліўся ўспамінамі маладосці. Хуліганамі яны былі яшчэ тымі, але ў адрозненні ад гопнікаў, што прапаноўвалі набыць цагліну, чапляліся да людзей з пытаннем «Як будзе гвоздзь па-беларуску?» І хто не мог хутка ўзгадаць слова «цвік» атрымліваў… Куды атрымлівалася. Такая вось беларусізацыя знізу па-гомельску. А калі GODS TOWER зайграў… Слухаеш, напітваешся драйвам і проста забываешся, дзе ты, што ты, колькі табе год і колькі вось гэтым дзядзечкам на сцэне.

Такім чынам, з новага сёлета на Калядным фэсце: упершыню выступілі GODS TOWER і АДАРВІРОГ, некалькі гуртоў прэзентавалі песні, што раней не выконваліся. Фэст застаецца для гуртоў і наведвальнікаў знакавай падзеяй. Наведвальнікі, дарэчы, былі самага рознага ўзросту: падрослыя аматары прыводзяць дзяцей, а падрослыя яшчэ больш паступова набліжаюцца да пенсійнага веку. Напэўна, папулярнасць фэсту акрамя ўласна любові да музыкі можна патлумачыць яшчэ і прадуманай арганізацыйнай працай Віталя Супрановіча. Загадзя з’явіліся не проста прэс-рэлізы, а шмат змястоўных матэрыялаў пра фэст (адзін з іх і ў нас). Кошт квіткоў чым бліжэй да канцэрта рос і ў выніку дарос ад першапачатковых 15 рублёў да 30 у дзень імпрэзы. Таму працаваў эфект «Нялятай, тарапісь». Ну і ахвоту людзей панастальгаваць і грамадой адзначыць свята таксама не варта скідаць з рахункаў.

Последние новости:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]