Менскі рок-гурт ушанаваў памяць Вацлава Ластоўскага песьняй на ягоны верш «Пішы».
Вацлаў Ластоўскі пасьпеў зрабіць надзвычай шмат. Ён аўтар важных працаў – «Кароткая гісторыя Беларусі», «Расійска-крыўскага (беларускі) слоўніка» і «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі», першай беларускай фантастычнай аповесьці «Лябірынты» ды інш, піша tuzinfm.by.
Яму прысьвячаў вершы Янка Купала, а яго пісьменьніцкі талент адзначаў Максім Багдановіч, які пісаў, што кожную ягоную рэч можна лічыць за ўзор пісьменства. Ластоўскі адстойваў права беларусаў на стварэньне самастойнай дзяржавы, у БНР ён ачольваў кабінэт міністраў.
У савецкай Беларусі ён кіраваў Беларускім дзяржаўным музэем, сакратаром Акадэміі Навук, зладзіў экспэдыцыю, дзякуючы якой быў знойдзены Крыж Ефрасіньні Полацкай. Багата пераклаў на беларускую мову, у тым ліку творы Кіплінга, Ажэшкі, Андэрсана. На ўзьлёце ягоная творчая і навуковая дзейнасьць была абарваная. Яго арыштавалі ў 1930 годзе, трымалі ў турмах Менску і Масквы, выслалі на 5 год у Саратаў, дзе арыштавалі паўторна і расстралялі. Налета 23 студзеня будзе 80 год з даты сьмерці Власта, як яго звалі сучасьнікі.
Менскі рок-гурт «Закон Гука» ушанаваў памяць Ластоўскага песьняй на ягоны верш «Пішы». «На жаль, у школе не расказваюць гісторыі рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў. І мы вельмі мала ведаем пра той час і тых асобаў. Але тым больш каштоўныя яны і іх спадчына для нас цяпер, у час, калі ідзе актыўнае фармаваньне нацыі», – кажа вакаліст каманды Лёкса Кузьмін. Ён кажа, што верш «Пішы» уразіў сваёй энэргетыкай і сучасным гучаньнем. Музыкі стараліся максымальна раскрыць зьмест твора і дапоўніць яго музыкай, каб музычны і паэтычны складнік гучалі разам, як адзінае.
«Мы прадстаўляем сваё бачаньне верша "Пішы". Гэта трагічная перамога над страхам. Страхам быць непачутым, страхам таго, што думкі ня будуць напісаныя, а тое што напісана – ніколі ня будзе прачытана і не кране сэрца. Цяпер гэтага страху няма, бо ёсьць песьня. Ведаем, што рукапісы не гараць, але ў сучасных умовах гэтага недастаткова. Трэба каб словы сьпяваліся, толькі тады можна быць пачутым», – кажуць музыкі з «Закону Гука».
Песьня «Пішы» завяршае праект «(Не)расстраляная паэзія», які ініцыяваў сёлета партал TuzinFM. У яго межах прайшлі лекцыі, прысьвечаныя расстраляным у 1937 годзе паэтам, а беларускія музыкі стварылі песьні на іх вершы. Першы тур у сэзоне 2017/2018 складаўся з гэтых кампазыцый. Акром 12 песень, якія сталі асноваю праекту, у музычным дадатку таксама былі прэзэнтаваныя песьні «Восень» на словы Цішкі Гартнага ад праекту N.O.I.R./Stern, «Вятры» на словы Сяргея Астрэйкі гурту Zanzibar, «У гэту ноч» на словы Сяргея Фаміна ад гурту Whiskey Way і гэты твор гурту «Закон Гука» на словы Вацлава Ластоўскага.
Канчатковы плэй-ліст праекту «(Не)расстраляная паэзія» цяпер выглядае такім чынам
TuzinFM спадзяецца, што і надалей творы рэпрэсаваных саветамі беларускіх пісьменьнікаў будуць натхняць сёньняшніх музыкаў на напісаньне новых песень.
Закон Гука – Пішы (музыка гурта, словы Вацлава Ластоўскага).
Пiшы,
пра болесьцi
жыцьця свайго
пішы,
пра глум i зьдзек —
ярэмнае мадзеньне,
пра трутны хлеб,
пра слоў каменьнi…
пішы…
Пішы,
Як брат няволiць брата,
Пішы,
як раб багомiць ката,
пра стогн душы
Ня словамi,
ня чорнаю сьлязой
а нэрвамi, крывёй,
узрыгамi душы
Сябе распнi
на крыжу мук,
надзеi спапялi,
ачысьцi сэрца
у агнi
цярпеньня,
усiх багоў i стодаў,
акром мiласьцi к народу,
ты пакрышы, ты пакрышы!
журбой сiротнаю,
сардэчнаю тугой,
мiлуючай душой,
зямлi апарамi
i чарамi
мiнуўшчыны
свой твор вяршы,
сьлязьмi душы,
сьлязьмі душы
пішы,
пішы,
пiшы!
(1926)