Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Віталь Гуркоў: Хачу, каб людзі ўбачылі, што ў нашай краіне ёсць сапраўдныя ваяры

27.12.2017 культура
Віталь Гуркоў: Хачу, каб людзі ўбачылі, што ў нашай краіне ёсць сапраўдныя ваяры

Напярэдадні Калядаў Бабруйск наведаў адзін з самых пазнавальных на сёння беларускіх спартоўцаў.

Напярэдадні Калядаў Бабруйск наведаў шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе ды кікбоксінгу, а таксама вакаліст гурта «BRUTTO» Віталь Гуркоў.

Разам з сябрам – журналістам ды музыкам Яўгенам Валошыным – яны ў якасці гасцей былі запрошаныя беларускамоўнымі курсамі «Мова Нанова».

Адразу пасля імпрэзы ў Крэатыўнай прасторы «13:87» babruysk.by пагутарыў з адным з самых пазнавальных на сёння беларускіх спартоўцаў і пачынаючым музыкай Віталём Гурковым.

«Вельмі прыемна прасоўваць беларускую культуру на міжнароднай спартовай арэне»

– Віталь, ведаю, што перад курсамі «Мова Нанова» вы наведалі ў шпіталі паралізаванага ді-джэя Уладзімера Ліса…

– Па-першае, я ехаў з трэніроўкі вельмі стомлены і ня ведаў чаго чакаць ад сустрэчы з Уладзімерам. У мяне быў ужо даволі эмацыйна цяжкі досвед такіх сустрэчаў, і я шчыра перажываў як пройдзе гэтая, але дарма – тут усё адбылося інакш…

Раней, перад выступам «BRUTTO» у Бабруйску, удзельнікі гурта ездзілі ў шпіталь да Уладзімера, але я тады не паспеў, бо ехаў адразу з трэніроўкі на канцэрт і прапусціў тую сустрэчу. Пасля мне распавядалі, што ён чакаў і мяне таксама. І вось нарэшце мінула больш як паўгады і гэта атрымалася… Ня ведаю, фанат ён нашага гурта, ці не, але нармальна ставіцца да нас, і зараз у яго палаце вісеў сцяг «BRUTTO».

Прайшло ўсё вельмі добра і абсалютна не напружана. Я атрымаў асалоду, калі пабачыў, што ён вельмі рады нашаму візіту, і ў нас ёсць шмат агульных тэм. Увогуле, мы добра забавілі час і думаю, што будзем надалей час ад часу камунікаваць.

– А якія ўражанні пасля наведвання бабруйскіх курсаў «Мова Нанова»?

– Перад усім, я быў здзіўлены вялікай колькасцю людзей, якія наведваюць гэтыя курсы. Таксама самім месцам – вельмі цікавая арт-прастора і вельмі прыемная атмасфера сустрэчы.Так што, уражанні найлепшыя!..

– Пэўны час, як у спартоўца, у цябе быў перапынак, звязаны з актыўнай працай у гурце «BRUTTO», але зараз ты зноў актыўна і паспяхова праяўляеш сябе на рынзе…

– Гады тры таму, калі толькі пачыналася «BRUTTO», мне паступіла цудоўная прапанова папрацаваць з сусветна вядомым тайскім байцом – Буакхау По. Прамукам. Трэніравацца з ім у адной камандзе, жыць у Бангкоку і прымаць удзел у розных прэстыжных спаборніцтвах. Але тады мы запісалі толькі першы альбом, знялі першы кліп… І мне было неяк няёмка, і разарвацца я не мог. Але зараз, калі мы запісалі ўжо тры альбомы, знялі шмат кліпаў, далі шмат канцэртаў у розных краінах, калі нам ужо не трэба столькі часу на рэпетыцыях, каб штосьці зрабіць новае, то стала значна больш часу для спорту. І мне хацелася за тыя нешматлікія гады, якія мне засталося правесці у спартовай справе, выціснуць для сябе па максімуму. Прынамсі, каб не заставалася адчування недарэалізаванасці сябе ў гэтым накірунку…

Звонку можа казацца, што я ўжо паўжыцця займаюсь спортам і час пераключацца на нейкую іншую дзейнасць, але я так не лічу. Проста на дадзеным этапе і на дадзеным накірунку мне вельмі прыемна, што – я адзін з нямногіх беларускіх спартоўцаў (такіх сапраўдных беларусаў), якія прадстаўляюць сваю краіну на міжнароднай арэне і пры гэтым прасоўваюць беларускую культуру. Але гэта ўсё не для нас любімых робіцца, а для таго, каб на міжнародным ўзроўні звычайныя людзі ўбачылі, што ў нашай краіне ёсць моцныя спартоўцы, сапраўдныя ваяры.

– А колькі гадоў ты збіраешся яшчэ заставацца ў спартовай справе?

– Перад маімі вачыма ў Менску ёсць жывы прыклад спартоўца, якому 43 гады і які дагэтуль займаецца прафесійным боксам – Сяргей Хаміцкі. Упершыню, калі ён гучна заявіў пра сябе, стаўшы чэмпіёнам Еўропы сярод баксёраў-прафесіяналаў, яму споўнілася 39. Мне толькі 32. Пры належным падыходзе і сістэмнасці трэніровак, гадоў 5-6 яшчэ можна працягнуць смела.

«У музычнай справе развіваюся, як асоба, вучусь іншаму майстэрству»

– Напэўна, ёсць рэчы якія супярэчаць адна адной у спартовай і музычнай справах, але ёсць і тыя, што дапамагаюць?..

– Асабіста я выдатна разгружаюся фізічна ў музычнай дзейнасці. Акрамя гэтага, я развіваюся, як асоба, вучусь іншаму майстэрству (як спяваць, як паводзіць сябе на сцэне, знаюмлюся з асаблівасцямі розных музычных інструментаў). Усё гэта прыносіць мне асалоду. Ведаеце, як у старадаўнія часы, у самураяў было прынята напісанне вершаў. У гэтай творчасці трэба было знайсці падыходзячую рыфму, дакладна гэтак жа, як трэба было знайсці ў двубоі падыход да кожнага суперніка…

Але сапраўды ёсць моманты, якія супярэчаць. Напрыклад, шчыльны гастрольны графік. А пры ім напярэдадні спаборніцтваў проста немагчыма прытрымлівацца самых простых рэчаў – рэжыму сна і харчавання. Таксама і – умовы для трэніровак… Але, калі да адказных спаборніцтваў далёка, і трэба проста падтрымліваць спартыўную форму, то нармалёва – нават падчас гастрольных тураў.

Іншая справа, калі ідзе фаза актыўнай падрыхтоўкі. Тады адчуваецца фізічная стомленасць ад трэніровак, што можа адбівацца на стане галасавых звязак. Акрамя высокіх фізічных нагрузак, мне падчас трэніровак даводзіцца рабіць шмат удараў, шмат рэзкіх рухаў, якія суправаджаюцца моцным выдахам і гукам «ха», што таксама негатыўна ўплывае на голас.

– З пачаткам працы ў гурце «BRUTTO», напэўна, сталі бліжэй стасункі з Сяргеем Міхалком. Як гэта ўплывае на цябе?

– Мы знаёмыя ўжо шмат гадоў, таму я не адчуваю нейкіх зменаў. Але мне заўжды цікава з ім, як з прыемным суразмоўцам і старэйшым сябрам. Асабліва мне цікава з ім, як з творцам, які бачыць гэты свет крышачку з іншага боку.

Заўжды цікава ведаць меркаванні розных людзей, асабліва – паспяховых у сваёй галіне!..

– Як ставішся да таго, што Сяргей апошнім часам усё часцей вяртаецца да рэпертуару «Ляпіса Трубецкога» і старых песен?

– Я быў на шматлікіх выступах у розных месцах – ва Ўкраіне і ў Беларусі, звязаных з так званым праектам «Ляпіс-98». Для мяне кожнае наведванне такога канцэрту – гэта сапраўднае свята, таму што гэтыя песні мне нагадваюць тыя часы, калі я пазнаёміўся з творчасцю Сяргея.

Абсалютна няма ніякай рэўнасці, таму што мы можам усім «BRUTTO» тусіць на выступе «Ляпіс-98», таму што гэта адны і тыя ж людзі. І гэта – сапраўдная перамога! Бо калі б не было «BRUTTO», калі «BRUTTO» не быў паспяховым калектывам, то пэўна не варта было б займацца гэтым праектам. А паколькі ў нас ўсё так паспяхова ідзе, і паколькі гурт «BRUTTO», як музычны праект, паспяхова рэалізаваны, то можна выбіраць час, калі вяртаешся да старых песен…

«Паскакаць на «Мінск-Арэне» перад такой колькасцю людзей – гэта клас!..»

– Якім быў для цябе адыходзячы 2017 год?

– Вось такім (падымае вялікі палец)!.. Клёвым, напоўненым рознымі прыгодамі, падзеямі, эмоцыямі, пакутамі і асалодай, перамогамі!.. Ён быў жывы!

– А галоўная перамога?..

– Цяжка вызначыць… Калі казаць пра спорт, то гэта – безумоўна, нядаўні тытул чэмпіёну свету сярод прафесіяналаў у Кітаі, аб якім я, шчыра кажучы, марыў. Калі казаць пра музычную дзейнасць, то гэта – канцэрт на «Мінск-Арэне», аб якім яшчэ нядаўна і марыць цяжка было…

Калі я быў маленькім хлопчыкам, то я не збіраўся быць баксёрам. Марыў стаць, напрыклад, кіроўцам аўтобуса, альбо ляснічым. Але больш за ўсё – музыкай!.. Станавіўся перад люстэркам і ўяўляў сябе з гітарай ці з мікрафонам… Так што, паскакаць на «Мінск-Арэне» перад такой колькасцю людзей – гэта клас!

Дасье

Віталь Гуркоў нарадзіўся ў 1985 годзе. Шматразовы чэмпіён Европы і свету па муай-тай і кікбоксінгу сярод аматараў і прафесіяналаў. Трэніруецца у мінскім клубе «Патрыёт». Колькасць баёў – 97, колькасць перамог – 85. Баец мае званне «Заслужаны майстр спорту» Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца першым спартсменам, які стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі імя Віктара Івашкевіча за абарону правоў чалавека.

З 2014 года – вакаліст панк-гурта «BRUTTO».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]