Паэт і палітык напісаў навагоднi верш.
Паэт і палітык Уладзімір Някляеў едучы на студыю «Радыё Рацыя» напісаў нешта «Сабачае-Навагодняе».
Пажадай мне што-небудзь, што можаш сястры або брату
Пажадаць на Каляды. Я нават не ведаю што.
Навагодняя ёлка міргае. І доўжыцца свята.
І з шампанскага корак ляціць над рэкламаю «Суперлато».
Можа быць мне білецік набыць? Ёсць жа ў свеце шалёнае шчасце.
Ёсць жа ўдача на свеце. Прыхаваная, для аднаго.
Але хто там, пад ёлкай на плошчы задушліва плача?
Паглядзеў – там шчаня. І прынёс я дахаты яго.
Калі свята ва ўсіх, і ў сабакі павінна быць свята.
Ён сагрэўся, паеў, не здзівіўшыся шчасцю свайму.
Калі раптам удача праміне ў Новы год тваю хату,
Дык сабаку вазьмі і пашчаціць табе як яму.
З Калядамі!
Сёлета Уладзімір Някляеў стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай за кнігу «Толькі вершы».