Некалі з’явіцца на зямлі беларускай цудоўная легенда.
Вось такая...
Жыў добры народ на сваіх землях, прыгожых, з узлесками и гушчарамі, сцюдзёнымі азёрамі, чысцюлькімі рачулкамі, мурожнымі лугамі, сонейкам и хмарамі, з празрыстымі дожджыкамі.
Жылі людзі па-людску, з суседзямі не сварыліся, а калі хто з чужынцаў, няхай сабе і суседзкіх, пачынаў нахабнічаць, маглі добра даць у пысу, не тое каб ад злосці, а па справядлівасці. А моцна патузіўшы нахабнікаў, маглі потым і пашкадаваць, прытуліць да сябе і сказаць:
- Ну чаго ты, небарака, чаго ты палез? Нельга так, у нас тут іншыя законы, добрыя і справядлівыя. Ідзі да сябе і больш так не рабі. А не, чакай, заставайся тут, мы навучым, як трэба жыць, каб і табе і людзям кепска не было.
Жылі людзі на сваёй зямлі, і была яна для іх найпрыгажэйшай. Але ж яны добра ведалі, што шмат на свеце старонак таксама прыгожых, і багацейшых, і з морам, а то і некалькімі, нават з акіянам. І ад таго, што ведалі пра ўсё гэта, ніяк зразумець не маглі, якая такая спакуса схавана на зямлі нашай, што чужынцы ўвесь час да нас лезуць. Таму і войны былі - вой якія страшныя войны! І захопы, і палон. Але ж трывалі, за замлю чапляліся. Уздыхалі з палёгкай, калі бойкі сканчваліся, і цяжка ўздыхалі, калі яны ізноў пачыналіся.
Але, відаць, стаміліся пасля стагоддзяў войнаў і гвалту, немагчымасці пазбавіцца чарговага палону. Паціху пачалі і мову чужынскую пераймаць, сваю калечыць, і звычкі нейкія дзікунскія завяліся. Не, сваё не згубілі, па хатах разнеслі: дзе навідавоку трымалі, з гонарам, а дзе і прыхавалі. І не заўважылі, што ўсё менш заставалася свайго ў наваколлі, калі з дому выходзілі. Пачалі і да гэтага прызвычайвацца, і вось ўжо і нялюдскія законы, што запаўзалі на нашыя землі, успрымалі як належнае. Незразумелае, але належнае. Далей - болей, пачалі апраўдваць гэтае дзікунства. Некаторыя казалі: “Няхай дзікунства, але ж зямелька наша пакуль што нашай застается”. Іншыя і ўвогуле пачалі раўці: “Гэта найлепшае, што ў нас было! Гэта проста цуд! Нехта за цябе напружана думае і ўсё вырашае! Жыві сабе ціхенька і радуйся!”
Нешта незразумелае пачалося і не адразу, а так паскудненька, паўзком, нешта унутры людзей пачало змяняцца. А паводзіны іхнія перакрочылі ўсе межы прыстойнасці, якая раней была ім уласціва. Хлусня, баязлівасць, паскуднасць, крывадушнасць, здрада больш не выклікалі ані нянавісці, ані нават раздражнення. Усё больш людзей пераўтвараліся ў чужынцаў альбо памочнікаў чужынцаў і дзейнічалі супраць сваіх жа. І пачалі людзі нагадваць ужо не людзей, а нейкія істоты, ці то пацукоў, ці то гадаў, ці яшчэ каго. А яшчэ павылазілі са сметнікаў сапраўдныя пачвары, якія доўгі час нейдзе хаваліся.
І так стала змрочна на зямлі нашай, што нават сонейка быццам і не свяціла, і не грэла. І патроху пачалі знікаць і радасць, і надзея.
Але аднойчы нешта неверагоднае пачало адбывацца ў прыродзе. Увечары пачаўся снег, ды такі прыгожы, так дзіўна танчылі ў паветры сняжынкі, што людзі павыходзілі са сваіх дамоў, каб пабыць сярод гэтай прыгажосці. Раптам снег перастаў падаць, супыніўся вецер. Стала ціха-ціхутка, і людзі ўбачылі надзвычайнае зорнае неба. І зоркі пачалі падаць на зямлю і паўсюль ўзнікла нейкае цудоўнае святло, чароўнае, спакойнае. Стала яшчэ цішэй. І ў гэтай цішы нехта сказаў:
- Гляньце, людзі! Зоркі да нас ляцяць!
Здаецца, то быў Янка, а можа Вітаўт, ці Францішак, ці яшчэ Рыгор, а можа і Зося, ці Алеся, але ж дакладна не Сашка.
Сказаў так ціха, быццам бы для сябе, а ўсе пачулі, уся зямля прыслухалася.
- Нейдзе чуў, - даняслося па зямлі нашай, - а можа мне гэта зараз прыйшло, што вось гэткае зорнае неба і ёсць галоўнае ў жыцці нашым. А не, нешта яшчэ патрэбна, нешта ўнутры нас, нешта, што мы амаль згубілі за апошнія гады. А, во - людскасць нашая. А зоркі да нас ляцяць і моляць нас: зберажыце нас, зберажыце сябе, вы патрэбныя зорнаму небу. Так хіба мы не людзі?!
Пасля гэтых словаў зноў стала ціха. Людзі прыслухоўваліся, быццам бы чакалі працягу. А хутчэй за ўсё чакалі нечага большага, а яшчэ верагодней чакалі нейкага загаду, накшталт: “Яднаемся, рухаемся, не баімся...” Нічога больш не прагучала, але ж і разыходзіцца пасля пачутага ўжо была нельга.
Людзі пачалі глядзець па баках, каб убачыць, ці шмат гэта чулі. Чулі ўсе. Потым пачалі глядзець адзін аднаму ў вочы, некаторыя ўпершыню за шмат гадоў. І ў ціхай начы ўзнік гук людскога варушэння, насцярожаны і баязлівы спачатку, а потым усё больш упэўнены.
Раптам пачалі да людзей цягнуцца цені з цёмных куткоў, з паўпадвалаў, з нейкіх сметнікаў. Гэтыя цені - хто падпаўзаў, хто крочыў бокам, нібыта хворы, нібыта праз боль, але ж да людзей. І спачатку не нагадвалі гэтыя цені людзей, хутчэй пацукоў нейкіх альбо гадаў. Але ж ці то ў зорным святле, ці то праз жаданне паводзіць сябе прыстойна, бліжэй да людзей нешта падобнае на чалавекаў у іх можна была разгледзець, калі прыглядзецца, відавочна.
І нешта зусім цудоўнае стала адбывацца: людзі пачалі ўсміхацца, упершыню за працяглы час. І са здзіўленнем убачылі, што гэта добра. Потым пачалі гукацца, і не шэптам, як прызвычаіліся, а ў голас. Але ж не раўлі. На нашай зямлі не равуць. І пачалі людзі размаўляць паміж сабой, нетаропка, але сур’ёзна, як раней размаўлялі.
“Хіба мы не людзі?!” - чулася то там, то тут. І кожны, хто гэта чуў, радасна усміхаўся. Шчыра ўсміхаліся людзі.
І сапраўды адчулі людзі тое, што не ўсё страцілі ўнутры сябе. Адчулі і здзівіліся: як гэта так здарылася? Што нас прымусіла амаль што на сябе забыцца? Быццам бы ўсе свае, адкуль жа гэта незразумелае з’явілася? Чаму ўсе сталі адмаўляць самім сабе і пераўтварацца ў чужынцаў, варожых да саміх жа сябе?
І вырашылі людзі той зорнай ноччу, што больш яны сябе нікому не аддадуць, што пільна будут сачыць за тым, каб чужынцы не з’явіліся ані звонку, ані сярод іх саміх, што кіраваць на сваёй зямлі будуць самі. “Хіба мы не людзі?!” - падамацоўвалі яны сваё рашэнне. І ўздыхнулі напоўню, як упершыню адчулі водар сваёй зямлі. І разышліся працаваць на досвітку, але перад тым вырашылі, што трэба гэтую ноч ніколі не забываць.
І з’явіўся на зямлі нашай адзіны ў свеце помнік – зорнаму небу. Не, не планетарый, хаця і планетарыі людзі адбудавалі і ахвотна ў іх хадзіць пачалі і дзяцей сваіх вадзіць, а менавіта зорнаму снежаньскаму небу.
З Новым годам! З зорным небам!
Жыве Беларусь!
Андрэй Саннікаў, спецыяльна для Charter97