Інфармацыйныя шыльды і расклады авіярэйсаў прадстаўлены там на трох мовах – рускай, англійскай і кітайскай.
Штогод мінскі аэрапорт не без гонару заяўляе аб тым, што колькасць пасажыраў аэрапорта значна павялічваецца. У 2016 годзе праз Нацыянальны аэрапорт прайшло 3,4 мільёна чалавек, летась чакалася, што лічба дасягне 4 мільёнаў. Пашыраецца і колькасць паслуг, робіцца шмат намаганняў, каб кліентам было зручна, утульна, прыемна, пiша «Народная Воля».
Але ж, як кажуць, бочку мёду можа спаганіць адна лыжка дзёгцю. Так і ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Інфармацыйныя шыльды і расклады авіярэйсаў прадстаўлены там на трох мовах – рускай, англійскай і кітайскай. На дзяржаўнай беларускай надпісаў няма! Як жа так? Чаму аэрапорт ігнаруе родную мову? Тым больш НАЦЫЯНАЛЬНЫ аэрапорт! Да таго ж неабыякавыя грамадзяне неаднаразова звярталіся да кіраўніцтва аэрапорта з прапановай змяшчаць на інфармацыйных шыльдах надпісы ў тым ліку і на беларускай мове. Нядаўна пачаўся збор подпісаў пад новай петыцыяй на імя генеральнага дырэктара РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» Дзмітрыя Мелікяна.
«На першы са зваротаў Адміністрацыя РУП адказала, што яна «прыкладае максімум намаганняў па пашырэнні тэхнiчных магчымасцяў i пошуку фінансавых сродкаў, якія б дазвалялі размяшчаць iнфарамацыю на трох i больш мовах», – нагадваюць аўтары петыцыі. – На другі зварот (дасланы 26 жніўня 2016 г.) быў атрыманы адказ: маўляў, даданне трэцяй мовы ў бліжэйшы час не плануецца.
Аднак увосень 2017 года ў Нацыянальным аэрапорце Мінск у электронным раскладзе рэйсаў і ў шыльдах надпісы пачалі дублявацца на кітайскай мове, што сведчыць аб наяўнасці як тэхнічных, так і фінансавых магчымасцяў пашырыць спіс моў на шыльдах і на табло”.
Далей аўтары петыцыі звяртаюцца непасрэдна да гендырэктара Мелікяна:
«Восенню 2017 года ў прэсе былі апублікаваны вашы каментарыі адносна ігнаравання Нацыянальным аэрапортам моўных правоў жыхароў Беларусі. Маўляў, «інфармацыя на беларускай мове не перадаецца, каб яна не скажалася». Па-першае, гэта выказванне не падмацавана ніякімі вынікамі аб’ектыўных даследаванняў, якія пацвярджалі б наяўнасць скажэнняў.
Па-другое, айчынны і замежны досвед сведчыць аб шматгадовым паспяховым выкарыстанні некалькіх дзяржаўных моў у паведамленнях на транспарце. У якасці айчыннага прыкладу можна прывесці Мінскі метрапалітэн. У міжнародным аэрапорце сталіцы Канады Мак-Дональд – Карцье пісьмовыя паведамленні (у тым ліку і інтэрнэт-старонка) зроблены на дзвюх дзяржаўных мовах краіны: англійскай і французскай.
Вы таксама адзначаеце, што «руская мова, у адрозненне ад беларускай, гэта адна з моў, якія прыняты ў свеце як міжнародныя». Але, па-першае, беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь, а айчыннае заканадаўства не ўтрымлівае палажэнняў, якія давалі б мовам, якія вы называеце «прынятымі ў свеце як міжнародныя», перавагі над дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь.
У вашай пазіцыі можна ўгледзець супярэчанне артыкулу 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” ад 26.01.1990 №3094-XI: «Усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя».
Па-другое, ранейшыя звароты не ўтрымлівалі прапаноў скараціць колькасць моў у паведамленнях – толькі дадаць беларускую.
Адсутнасць дзяржаўнай беларускай мовы на шыльдах і ў электронным раскладзе рэйсаў Нацыянальнага аэрапорта Мінск супярэчцць шэрагу палажэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.
Аўтары петыцыі пералічваюць гэтыя палажэнні і прапануюць адміністрацыі аэрапорта ліквідаваць супярэчнасці. «Мы просім вас змясціць на ўсіх інфармацыйных шыльдах, а таксама на электронных і іншых табло адпаведныя тэксты на беларускай мове і зрабіць беларускамоўную версію інтэрнэт-старонкі вашага прадпрыемства», – так заканчваецца тэкст петыці.
Аднак у Нацыянальным аэрапорце лічаць, што адсутнасць надпісаў па-беларуску не парушае ніякіх законаў.
– То, как выполнены все информационные указатели, соответствует требованиям белорусского законодательства и международным стандартам, – каментуе сітуацыю па-руску прэс-сакратар РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» Раміна Саматханава. – На сегодняшний момент это все, что мы можем прокомментировать. Но этот вопрос в работе.
– То бок спадзяванні, што ў нацыянальным аэрапорце з’явіцца беларуская мова, ёсць?
– Ёсць. Я же говорю, вопрос в работе…