У памяці не сцерліся тыя часы, калі Шклоў, дзякуючы яўрэям, лічыўся выбітным горадам.
Яўрэі з’явіліся на Беларусі яшчэ ў Х—ХІ стагоддзях. Але першая маштабная міграцыйная хваля яўрэяў на тэрыторыю Беларусі назіралася ў другой палове ХIV– пачатку XV стагоддзяў з Германіі, Польшчы і Украіны. Перасяляюцца цэлыя яўрэйскія грамады, якія пераносяць у новую старонку свае капіталы, векавыя звычаі да гандлёвай дзейнасці, свой кагальны лад, нямецка-яўрэйскую гутарку, рэлігійныя традыцыі i сістэму талмудычнага выхавання.
Яўрэйскія жыхары з’явіліся ў Шклове прыкладна ў першай палове XVII стагоддзя. Першыя прывелеі мясцовыя яўрэі атрымалі ад тагачасных уладароў горада Сіняўскіх і Чартарыйскіх. Яўрэйская абшчына Шклова вельмі хутка развіваецца. Яшчэ ў 1668 годзе сакратар аўстрыйскага амбасадара пры двары Пятра І Георг Корб адзначыў, што шклоўскія яўрэі – «багацейшае і ўплывовае саслоўе». У 1727 годзе шклоўскія яўрэі ўжо склалі 20 адсоткаў гарадскога насельніцтва, пры гэтым яны выплачвалі амаль 60 адсоткаў гарадскога падатку. У найбольшай ступені тады насельніцтва гарадоў і мястэчак павялічвалася за кошт яўрэяў, паколькі прыток людзей з вёскі быў складанай справай з-за панавання прыгоннага права.
Пасля пераходу Беларусі да Расіі ў 1772 годзе Шклоў стаў важным гандлёвым цэнтрам на шляху паміж Расіяй і Заходняй Еўропай. Акрамя таго, на мяжы XVIII – XIX стагоддзяў горад стаў выконваць сваеасаблівую ролю «яўрэйскай метраполіі» і адначасова станавіцца цэнтрам па распаўсюджванні разнастайных ведаў і ідэй сярод яўрэйскай супольнасці Расійскай імперыі. З тых далёкіх часоў ў Шклове захавалася матэрыяльная і нематэрыяльная яўрэйская гістарычна-культурная спадчына, якая патрабуе далейшага вывучэння і захавання.
У ХІХ стагоддзі Шклоў стаў мястэчкам, дзе асноўнае насельніцтва складалі яўрэі, якія па-ранейшаму займаліся гандлем. У 1880 годзе ў Шклове налічвалася болей за 12 000 чалавек, 11 000 або 92% з якіх былі яўрэямі, 1268 – праваслаўнымі, 33- католікамі.
Шклоўскі след у лёсе яўрэяў
Для абывацеля можа здацца дзіўным, што такое невялікае мястэчка ў маштабах Расійскай імперыі, як Шклоў, раптам стала радзімай інтэлектуальнай рэвалюцыі. Між тым, для яўрэяў Шклоў быў важнейшым эканамічным цэнтрам і месцам камунікацыі паміж заможнымі гандлярамі, сюды наведваліся аўтарытэтныя настаўнікі і адораныя маладыя людзі дзеля вучобы.
На шклоўскія кірмашы спяшаліся шадхоны (сваты), тут распаўсюджвалася інфармацыя аб ўнутрыяўрэйскіх справах, ствараліся новыя альянсы і разбураліся старыя саюзы. Менавіта шклоўскія кірмашы развівалі сферу абслугоўвання, давалі часовы заробак мясцоваму насельніцтву, але і рабілі штуршок развіццю гарадской гаспадаркі ў цэлым. Трэба сказаць, што ў часы Сярэднявечча нават паседжанні надабшчынных органаў улады якраз праходзілі ў час кірмашоў.
Шклоўскія кірмашы разам з вядомай яўрэйскай тыпаграфіяй, заснаванай у 1780-я гады, вылучалі гэта мястэчка ў лік важнейшых яўрэйскіх цэнтраў мяжы аседласці. Але, зразумела, сярод шклоўскіх яўрэеў былі ўнікумы, якія спалучалі інтэлектуальныя здольнасці, разуменне неабходнасці перамен, але і магчымасць фінансавага забеспячэння напрамкаў развіцця яўрэйскай абшчыны. Сярод іх вылучаліся Нота Ноткін і Іегошуа Цэйтлін.
Нота Ноткін – банкір і праваабаронца
У Шклове ў 1746 годзе нарадзіўся вядомы банкір, адзін з першых дзеячаў барацьбы за правы яўрэяў у Расіі, які ўвайшоў у гісторыю як выратавальнік яўрэйскага народа, спыніўшы яго дэпартацыю ў Сібір, Нота Ноткін.
Да 1772 году, калі Шклоў яшчэ належыў Рэчы Паспалітай, у ім было шмат яўрэяў-фінансістаў, аднак Нота Ноткін, валодаючы невялікім капіталам, аказаўся самым спрытным сярод іх. У яго была неймаверная дзелавая чуйка: ён наперад ведаў, які будзе кошт на коней, быдла і калі настане час везці зерне ў Данцыг.
Хутка Ноткін пераключыўся на фінансавыя аперацыі і стаў прыдворным банкірам караля Станіслава Панятоўскага. Таксама ён атрымаў тытул надворнага саветніка – вельмі высокі чын на той час.
Пасля анексіі часткі Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Расійскай імперыяй, Ноткін адправіўся ў Санкт-Пецярбург. Там яго прадставілі Рыгору Пацёмкіну, ад якога ён выйшаў з падрадам на забеспячэнне харчаваннем і фуражом усёй пацёмкінскай арміі, якая ў той час завязла ў малдаўскім стэпе. Такім чынам, польскі надворны саветнік стаў банкірам расійскай арміі. Рускія перамагалі – шклоўскі яўрэй багацеў. Але пасля смерці Пацёмкіна яго даўгавыя распіскі нічога ўжо не каштавалі, Нота Ноткін збанкруціўся і з’ехаў у родны Шклоў.
У Шклове ў той час жыў і шыкаваў Сямён Зорыч, які меў вялікую патрэбу ў грашах. З гэтай нагоды ён абклаў вялікімі падаткамі мясцовае яўрэйства, якое вельмі недалюбліваў. Але з Ноткіным Зорыч хутка зблізіўся, а яго фінансы былі прыведзены ў парадак. Ноткін раз’язджаў па Еўропе, скупліваў для новага гаспадара каштоўнасці і рэдкі фарфор. Зорыч нават даверыў Ноткіну пасрэдніцкую місію да пецярбургскага генерал-губернатара князя Куракіна па вяртанні доўгу з казны расійскай.
У канцы 1780-х гадоў Нота Ноткін з іншымі шклоўскімі яўрэямі канчаткова пераехаў у Маскву, у якой адкрылі свае гандлёвыя ўстановы; іх паспяховая дзейнасць выклікала зайздрасць мясцовых купцоў. Гэта і паслужыла асноўнай падставай да вызначэння мяжы аседласці ў 1791 годзе і забароне на сталае пражыванне яўрэяў у Маскве.
Але Ноткін у Шклоў не вярнуўся. Ён пераехаў у Пецярбург, дзе пры сустрэчы з князем Куракіным прадставіў найвышэйшаму чыноўніку «Праект перасялення яўрэяў» на ўрадлівыя землі паблізу чарнаморскіх партоў для земляробства, развядзення авечак і стварэння суконнай і ткацкай вытворчасці. Трэба сказаць, што тады ў Сенаце Гаўрыла Дзяржавін у адказ на патугі Ноткіна лабіраваў свой праект перасялення яўрэяў, падразумяваючы іх дэпартацыю на работы ў Сібір і разлуку з сем’ямі. У выніку барацьбы Ноткіна праект Дзяржавіна не быў адобраны царом і адно ўжо гэта забяспечыла Ноткіну месца ў гісторыі. Ноткін у дадзеным выпадку праславіўся як палітык і яўрэйскі праваабаронца. Расійскі імператар Павел І падараваў яму вялікі маёнтак з прыгоннымі, а яго праекту земляробчых калоній далі невялікі ход – некалькі соцень яўрэйскіх сямей усё ж атрымалі зямлю.
Якраз выхадцы са Шклова (Нота Ноткін, зяць Іегошуа Цэйтліна Абрам Ператц і яго хатні настаўнік Лейба Неваховіч) былі заснавальнікамі яўрэйскай абшчыны ў Пецярбурзе. З дзесяці ўдзельнікаў стварэння першых яўрэйскіх могілак у Пецярбурзе пяцёра былі са Шклова.Памёр Нота Ноткін у багацці і магутнасці ў 1804 годзе і пахаваны ў Санкт-Пецярбурзе. І толькі праз 100 з лішкам гадоў стане зразумелым, што, апісваючы сумесную працу яўрэяў на фабрыках і фермах, прадбачлівы Ноткін маляваў правобраз будучых кібуцаў.
«Мудрэц са Шклова»
Так называлі Іегошуа Цэйтліна (1742-1822), які таксама нарадзіўся ў Шклове, гебраіста і тлумачальніка Талмуда. Працоўную дзейнасць пачаў гандляром. Пасля таго як Шклоў Кацярынай ІІ быў падараваны Сямёну Зорычу, Іегошуа становіцца яго памочкінам. Сумесна з братам Іегошуа выконвае даручэнні Зорыча па скупцы ў Рызе антыкварыяту і «мяккай старызны». На працягу канца 1770-1780гг. Цэйтлін таксама выконвае асабістыя даручэнні Зорыча ў Берліне.
Лёсавызначальным для Цэйтліна стала яго знаёмства з «великолепным князем Тавриды» Рыгорам Пацёмкіным, які валодаў маёнткам Крычаў-Дуброўна і іншымі ўгоддзямі непадалёку ад Шклова. З цягам часу Іегошуа стаў “міністрам фінансаў і забеспячэння” пры Пацёмкіну, будаваў гарады, афармляў займы для забеспячэння арміі і ўзначаліў манетны двор у Крыму.
Выкарыстоўваючы цесныя сувязі з уплывовым дзяржаўным саноўнікам, Цэйтлін зрабіў захад спалучыць яўрэйскія мэты з імперскімі памкненнямі Расійскай імперыі. У сувязі з тым, што «Святлейшы князь» прагназаваў хуткае крушэнне Асманскай імперыі, сябры-калегі абмяркоўвалі магчымасць надаць гораду Іерусаліму новы статус, размясціўшы там яўрэйскае войска. Ідэя сапраўды пачала ажыццяўляцца ў мястэчку Крычаве, якое належыла асабіста Пацёмкіну. Тут, пад кіраўніцтвам нямецкага афіцэра, у 1786 годе пачаў стварацца Ізраільскі конны полк. Па ўскосных сведках, у Шклове таксама ішла падрыхтоўка яўрэйскіх кавалерыстаў. Аднак гэта праца прыпынілася яшчэ пры жыцці Пацёмкіна. Між тым, мара стварэння яўрэйскай дзяржавы, якая лунала ў думках шклоўскага яўрэя яшчэ на прыканцы XVIII стагоддзя, сапраўды здзейснілася, як вядома, пасля Другой сусветнай вайны.
Вясной 1787 года па хадайніцтву святлейшага князя Кацярына ІІ прыняла ў Шклове яўрэйскую дэпутацыю, якую ўзначаліў Цэйтлін. Тыя падалі петыцыю з просьбай адмяніць у Расіі выкарыстанне абразлівага для іх слова «жыд». І імператрыца адразу ж пагадзілася, загадаўшы ў далейшым выкарыстоўваць толькі слова «яўрэй».
Неацанімы ўклад Іегошуа ў перамогу Расіі ў руска-турэцкай вайне 1787-1791 гадоў. Цэйтлін разам з Нотай Ноткіным быў адным з галоўных пастаўшчыкоў расійскай арміі і флоту. Пацёмкін выклапатаў для Іегошуа ў польскага караля Станіслава Аўгуста тытул надворнага саветніка, што давала таму дваранства і права ўладаць зямлёй. Дабіўся таксама святлейшы князь багатых маёнткаў Вусце ў Магілёўскай губерніі і Сафійкі пад Херсонам. Пасля смерці Пацёмкіна Іегошуа абаснаваўся ў сваім маёнтку Вусце, дзе пабудаваў шыкоўны палац, пасадзіў сад.
Яшчэ пры Зорычу Цэйтлін збліжаецца з дзеячамі берлінскай Гаскалы і часта бывае ў гасцях у доме заснавальніка Яўрэйскай Асветы, «яўрэйскага Сакрата» Мозэса Мендэльсона (1729-1789). Сяброўства звязвала Іегошуа з такімі знакамітымі яўрэямі, як з галоўным равінам Берліна Гіршам Лебедзем, лінгвістам Нафталі-Герц Вессэлем, прадвеснікам рэфарматарства ў іудаізме Давыдам Фрыдлендэрам.
Цэйтлін знакаміты і тым, што ў Шклове заснаваў яўрэйскую тыпаграфію. Трэба сказаць, што гэта была не адзіная друкарня ў мястэчку. Вядома, што ў канцы ХVІІІ і пачатку ХІХ стагоддзяў існавалі і іншыя друкарні, уладальнікамі якіх былі мяшчане Баньямін, Сабатай, Цыві. Існаванне друкарняў мела ўплывовае асветніцкае значэнне для Шклова, бо да яго наведваліся вучоныя з мэтаю публікацыі сваіх прац.Надрукаваныя ў Шклове навуковыя працы ў далейшым набылі сусветную вядомасць. Піянер асветы таго часу – ураджэнец Шклова равін Барух бен Яакаў Шык, вядомы пад прозвішчам Шкловед (1744–1808), горача адстойваў неабходнасць свецкіх ведаў. З мэтаю асветы перакладаў на яўрэйскую мову кнігі па розных навуковых галінах. У 1777 годзе ён друкуе кнігу вядомага яўрэйскага навукоўца XIV стагоддзя Ісака Ізраэлі «Кіраўніцтва па астраноміі і геаметрыі». Атрымаўшы акрамя равінскага дыплома дыплом урача, Шык склаў у папулярнай і агульнадаступнай форме грунтоўны лячэбнік па гігіене і папулярнай медыцыне, апублікаваны ў 1779 годзе. Усяго да 1835 года ў Шклове было выдадзена болей за 210 назваў кніг на яўрэйскай мове.
Цэйтлін стаў другім апекуном багатага на веды яўрэйскага інтэллектуала Мендэля Левіна. Першым жа яго апекуном з’яўляўся вядомы князь Адам Чартарыйскі. Пад прытулкам Цэйтліна Мендэль Левін напісаў сваю галоўную працу «Хеш бон ха-нефет» (Этыка), якая прынесла яму папулярнасць. У ёй ставілася мэта папулярызаваць веды і асновы этыкі сярод шырокіх слаёў насельніцтва. Левін таксама працаваў над дапаможнікам, які садзейнічаў бы чалавеку ў яго працы над уласным характарам і ва ўмацаванні яго маральных прынцыпаў.
У сваім маёнтку Вусце паблізу Чэрыкава Іегошуа Цэйтлін заснаваў «хатнюю акадэмію». З акадэміяй Цэйтліна звязаны імёны вядомых навукоўцаў канца XVIII стагоддзя: равіна Біньяміна бен Шлома Залмана Рывеліса, знаўца Талмуда, медыцыны і батанікі, равіна Нахума з Хаус, аўтара кнігі «Тосефет біккурым», равіна Эліэзера са Слоніма. Па словах гісторыка Давіда Фішмана, “период между присоединением к России и захватом Наполеоном (1772–1812) был золотой эрой в жизни города, когда он был метрополией русского еврейства». У пацверджанне гэтага ў 1802 годзе ў адказ на атрыманае ад бухарскіх яўрэяў пісьма шклоўская абшчына адправіла пасланне, у якім гаварылася: «Шклов — город, пользующийся славой среди евреев и имеющий у себя много ученых; жители его — видные и богатые люди, занимаются торговлей; почти все его купцы — евреи, которые имеют торговые дела с заграничными странами, откуда они привозят товары и продают по всему округу». І ў гэтым была вялікая заслуга Іегошуа Цэйтліна, якога ўдзячныя іудзеі пачалі называць «Ха-сар Цэйтлін»і «Мудрэц са Шклова».
Знакамітыя яўрэі Шклова
На самой справе выбітных яўрэяў у Шклове было зашмат. У Шклове , напрыклад, нарадзіўся адзін з хасідскіх лідараў рабін Пінхас з Корца (1726–1791). У першай палове XVIII стагоддзя ў Шклове неаднаразова праходзілі пасяджэнні камітэта Ва‘ад медынат Русія (аддзяленне Ва‘ада галоўных суполак Літоўскай зямлі па суполках Беларусі). Але ў 1740-х гг. кагал Шклова пачаў спрэчку з камітэтам з-за сістэмы размеркавання падаткаў і ў 1746 годзе здолеў вызваліцца з-пад яго ўлады. У 1771 годзе ў Шклове адбыўся дыспут з беларускім лідарам хасідаў Аўраамам з Каліска, пасля якога хасіды былі аб’яўлены ерэтыкамі, а абшчына звярнулася за падтрымкай да Віленскага Гаону і дабілася, каб хасідам аб’явілі забарону.
У тыя часы шклоўскі кагал налічваў з падначаленымі «прыкагалкамі» 1367 яўрэяў і быў адным з буйнейшых у Беларусі.
Дарэчы, эканамічны заняпад Шклова пачаўся пасля масавага ад’езду з мястэчка яўрэяў-прадпрымальнікаў пасля ІІ і ІІІ падзелу Рэчы Паспалітай (канец ХVІІІ стагоддзя) і смерці Іегошуа Цэйтліна. Таму, хаця ў 1847 годзе ў шклоўскай абшчыне было 9677 яўрэяў, жылі яны вельмі бедна.
У 1853-1858 гг. у шклоўскай іешыве вучыўся Перац Смаленскін – яўрэйскі пісьменнік і публіцыст, адзін з прадвеснікаў сіянізму, які апісваў Шклоў у сваім рамане “Квурат хамор” («Ослиное погребение», 1873). У Шклове таксама нарадзіўся паэт Залман Шнэур, які апісаў Шклоў у сваіх творах «Шклов» і «Ноах Пандре».
У першай палове ХІХ стагоддзя ў Шклове жылі вядомыя мецэнаты Міхл Айзанштадт і Ліпман Зэльцар. Міхл Айзанштадт з’яўляўся з 1818 па 1825 гады дэпутатам яўрэйскага народа ў Пецярбургу. Ліпман Зэльцар – купец, які знаходзіўся вучоным яўрэем пры віцебскім генерал-губернатары. Зэльцар асабіста хадайніцтваў перад расійскімі імператарамі Мікалаем І і Аляксандрам ІІ за пашырэнне правоў яўрэяў.
У Шклове нарадзіўся М.Берлін (1821-1888) – вучоны-яўрэй пры Міністэрстве ўнутраных спраў Расіі, аўтар некалькіх кніжак пра яўрэяў.
Таксама родам са Шклоўшчыны Павел Аксельрод (1850-1928) – адзін з лідараў меншавікоў; Іван Голман (1873-1934) – сябра РСДРП з 1898 году; Маісей Марголін (1862- ?) – публіцыст, пісьменнік; Леў Ханін (1882-1959) – прафесійны рэвалюцыянер; Мацвей Фундамінскі (1866-1896) – рэвалюцыянер-народаволец.
На жаль, з выбітных вытворцаў-яўрэяў можна прывесці толькі два прыклады: запалкавая фабрыка Эйцінгонаў і арандатара пісчапапяровай фабрыкі ў пачатку ХХ стагоддзя Г.Гарнштэйна. На самай справе, вытворчасць паперы на фабрыцы стала эфектыўнай якраз пры Гарнштэйну – сам Апалон Крывашэін, які заснаваў фабрыку, вымушаны быў ад кіраўніцтва ёй адмоваіцца. Не атрымалася і ў яго жонкі Марыі Пятроўны. Пры Гарнштэйну ўсе поспехі фабрыкі да першай сусветнай вайны якраз і адбыліся.
Яўрэі пры бальшавіках
Пасля кастрычніцкага перавароту бальшавікоў у Расіі яўрэйскае насельніцтва Шклова з-за міграцыі моладзі ў вялікія гарады зменшылася і значна. Але ўсё ж яўрэі ў бальшыні выпадкаў паказвалі больш прадуктыўную працу, чым астатняе насельніцтва, нават у склаўшыхся абставінах дыктатуры пралетарыята. Напрыклад, пасля рэвалюцыі ў маёнтку Крывашэіна была створана яўрэйская земляробчая арцель “Іскра”, у склад якой увайшлі 14 сямействаў з 69 едакамі. Паказчыкі іх працы былі такімі добрымі, што арцель была прадстаўлена ў 1923 годзе на першай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве, а кіраўнік арцелі Аляксандр Спіцкі стаў удзельнікам першай Усесаюзнай нарады па пралетарскаму земляробству. Паспяхова працаваў шклоўскі паравы млын, які ў 1926 годзе арандавалі грамадзяне-яўрэі Хаціновер і Шыфрын.
Болей звестак пра шклоўскіх яўрэяў-прадпрымальнікаў, якія адыгрывалі вядучую ролю ў эканамічным жыцці Шклова тых часоў не маецца.
Улады ў 1930-х гадах закрылі сінагогу, пабудаваную у 1790 годзе, у памяшканні размясцілі школу. У 1934 годзе ў Шклове былі зачынены ўсе яўрэйскія навучальныя ўстановы, дзе навучанне вялося на ідышы, хаця нават у 1939 годзе ў Шклове пражывалі 2132 яўрэі – 26,2% насельніцтва.
Напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз прынудзіў частку яўрэяў эвакуіравацца на Ўсход. Але дакладнай колькасці яўрэяў, якія засталіся пад немцамі, невядома – эвакуацыю ўлады аб’явілі за дзень-два да акупацыі горада, а да гэтага спробы выезду расцэньваліся, як распаўсюджанне панікі. Большасць шклоўскіх яўрэяў разам з яўрэямі з іншых размешчаных побач вёсак і мястэчак – каля трох тысяч чалавек – былі растраляны фашыстамі ў верасні 1941 года.
Трэба сказаць некалькі слоў і аб савецкім разведчыку, генерал-маёру дзяржаўнай бяспекі Навуму Эйцінгону, які нарадзіўся ў Шклове ў 1899 годзе. Навум Ісакавіч з’яўляўся адным з распрацоўшчыкаў аперацыі па ліквідаванні Льва Троцкага. Дарэчы, адзін з яго продкаў у час вайны з Напалеонам паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна, завёўшы атрад французаў у непралазныя балоты, дзе яны і загінулі. У час другой сусветнай вайны Навум Эйцінгон удзельнічаў у акцыях, якія забяспечвалі нейтралітэт Турцыі ў вайне з фашысцкай Германіяй. Правёў аператыўныя гульні «Манастыр», «Кур’еры», «Беразіно», «Аперацыя Арыйцы». Непасрэдна ў ходзе аперацыі «Беразіно» перавярбоўваў дыверсантаў Скарцэні ў беларускіх лясах разам з Рудольфам Абелем. У жніўні 1953 года арыштаваны як член “банды Берыі” і прыгавораны да 12 гадоў зняволення. Рэабілітаваны пасмяротна ў 1992 годзе.
Усе яўрэі – гандляры і мудрацы, рамеснікі і фабрыканты, бальшавікі і чальцы кагала пахаваны ў Шклове на старых яўрэйскіх могілках, якім болей за 500 гадоў. Гэта месца ў горадзе называюць Бясхаім («Дом жизни» на идиш), які размешчаны на высокай гары. Прайсці на могілкі можна праз напаўразбураную старажытную лесвіцу, якая выконвае ролю чысцілішча.
Зараз яўрэяў у Шклове не болей 20 чалавек. Многія са шклоўскіх з’ехалі ў Ізраіль, некаторыя пакінулі радзіму, знайшоўшы лепшы лёс у іншых мясцінах Беларусі.
Але ў памяці людской не сцерліся тыя часы, калі Шклоў, дзякуючы яўрэям, лічыўся адным з выбітных гарадоў беларускай зямлі.
Пётр Мігурскі, 6tv.by