Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Незалежная журналістка: Дабро пераможа ў Беларусі і тады шмат каму стане сорамна

10.01.2018 общество
Незалежная журналістка: Дабро пераможа ў Беларусі і тады шмат каму стане сорамна

Лепшыя часы наступяць і для незалежных журналістаў-фрылансераў у нашай краіне.

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу журналісткі-фрылансера з Глыбокага Таццяны Смоткінай, перадае baj.by.

У звароце сцвярджаецца аб парушэнні Рэспублікай Беларусь права на збор і распаўсюд інфармацыі і свабоднае выказванне думкі. Летась журналістка двойчы была аштрафаваная за «незаконны выраб прадукцыі СМІ».

Таццяна Смоткіна звярнулася ў КПЧ ААН пасля праходжання ўсіх судовых інстанцый у Беларусі ў спробах абскардзіць вынесены штраф.

Камітэт па правах чалавека ААН займаецца наглядам за выкананнем Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у краінах-удзельніцах пакта, які Беларусь таксама ратыфікавала. Але ўжо беларуская дзяржава парушае правы грамадзян, гарантаваных артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах:

Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк альбо мастацкія формы выказвання, альбо іншымі спосабамі на свой выбар.

Таццяна Смоткіна паскардзілася менавіта на парушэнне гэтага права. Яна даслала скаргу ў Камітэт па правах чалавека 24 лютага 2017 года. З Жэневы ліст яна атрымала ў пачатку студзеня, у якім паведамлялася, што скарга зарэгістраваная. Зараз ёй трэба чакаць адказу ад беларускіх уладаў, чаму яны парушылі яе правы.

— У чым сутнасць вашай скаргі ў Камітэт па правах чалавека?

— Сутнасць у тым, што я скардзілася на беспадстаўнае, неабгрунтаванае, на маю думку, прыцягненне беларускімі ўладамі журналістаў-фрылансераў да адказнасці па частцы 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за парушэнне заканадаўства аб СМІ. Гэтая частка артыкула датычная толькі юрыдычных асобаў, а ёй карыстаюцца, каб прыцягнуць да адказнасці фізічных, такім чынам спрабуючы абмежаваць канстытуцыйныя правы на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. Дарэчы, якія рэгламентуюцца і артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яшчэ раз падкрэслю: кожны мае права збіраць інфармацыю і свабодна выказваць сваё меркаванне.

У нашай краіне паўсюль парушаюць правы чалавека, людзі на дзяржаўных прадпрыемствах баяцца свабодна выказваць свае думкі. Гэта ў нашай краіне могуць дазволіць сабе амаль толькі адны незалежныя журналісты ды блогеры. Таму, калі прасунутая частка грамадства будзе таксама баяцца адстойваць свае правы і не скардзіцца на неправамерныя дзеянні ўладаў, то да чаго тады можа скаціцца нашая краіна ў сферы абароны правоў чалавека.

— Калі была страчана апошняя надзея на тое, што ўлады перастануць пераследваць журналістаў за іх дзейнасць?

— У мяне гэтая надзея пакуль не страчаная. Я па жыцці аптымістка, таму лічу, што ўсё ж надыдуць тыя дні, калі ўлады перастануць пераследваць менавіта незалежных журналістаў. Хоць вядома, незалежным журналістам цяжэй працуецца, чым дзяржаўным, пры любой уладзе. Механізмы ўздзеяння на іх зусім іншыя. Гэтым займаюцца ў асноўным спецслужбы, якія прымяняюць розную тактыку ціску, прыцягваючы да гэтага і міліцыянтаў, і падатковую, і нават адміністрацыю школ і сацыяльных устаноў.

Яшчэ я — веруючы чалавек, і лічу, што рана ці позна дабро пераможа зло, за ўсе ўчынкі чалавек адкажа, калі не перад людзьмі, то перад Богам. Расплата будзе, у мяне набралася ўжо шмат такіх сведчанняў. Усё часцей, калі я запісваю людзей, мне рэспандэнты распавядаюць розныя гісторыі пра тое, як дрэнна сканчаюць сваё жыццё людзі, якія рабілі зло іншым (і не важна як гэта яны рабілі: ці па сваёй ініцыятыве, ці па загадзе). Я веру, што калісьці будзе сорамна і міліцыянтам, і суддзям, і іншым іх памагатым у пераследзе незалежных журналістаў.

— Хто найбольш вінаваты ў тым, што адбываецца — мясцовыя чыноўнікі ці палітыка дзяржавы ў цэлым?

— Я не лічу, што ў гэтым вінаватыя мясцовыя чыноўнікі, мне падаецца, што яны нават паважліва да нас ставяцца, бо мы не толькі робім крытычныя матэрыялы, але і, можна сказаць, рэкламуем сваю мясцовасць ды сваіх землякоў. Ці шмат народу ведала б, напрыклад, пра невялікі, але прыгожы гарадок Глыбокае Віцебскай вобласці дзе-небудзь на Беласточчыне, Віленшчыне ці ў іншых краінах, калі б незалежныя журналісты, не супрацоўнічалі з такімі вядомымі СМІ як «Радыё Рацыя», «Белсат», «Deutsche Welle» ды іншымі. Канешне, нашыя матэрыялы папулізуюць невялікія мястэчкі і іх жыхароў, а таксама прыцягваюць турыстаў.

Асноўная віна мясцовых чыноўнікаў, я лічу, у тым, што яны абслугоўваюць гэты дыктатарскі рэжым. Вось і ўсё.

Палітыка ўсёй беларускай дзяржавы заснаваная на тым, каб задушыць іншадумства, стварыць з людзей паслухмяных рабоў, якім лёгка было б закрыць рот і ў якіх лёгка было б адбіраць апошнія сродкі на абслугоўванне сваёй аўтарытарнай сістэмы.

З незалежнымі журналістамі трэба больш павазіцца ў гэтым плане. Яны ствараюць нязручнасці для ўладаў, у сваіх матэрыялах выкрываюць яе хібы і адлюстроўваюць сапраўдную карціну жыцця, а не робяць сюжэты толькі пра стабільнасць і росквіт краіны. Вось таму і адбываецца ціск менавіта на незалежных журналістаў.

— Цяпер улады павінны даць адказ наконт вашага звароту. Ці ёсць спадзеў на змену сітуацыі ў будучыні?

— Так, зараз нашыя ўлады, Міністэрства замежных спраў, як мне сказалі юрысты, мусяць даць свае тлумачэнні наконт майго звароту. Яны павінны будуць цягам паўгады накіраваць мне ліст з тлумачэннямі.

Ведаеце, спадзеў у мяне ёсць заўжды. Але мне хацелася б, каб такіх зваротаў у Камітэт па правах чалавека было больш. І не толькі ад журналістаў, але і ад іншых людзей, правы якіх парушаюцца ў Беларусі. Тады быў бы большы спадзеў. Бо мне падаецца, што не ўсе, нават нашыя калегі, правы якіх парушаюцца, звяртаюцца да міжнароднай супольнасці ды намагаюцца штосьці змяніць у сферы правоў чалавека ў Беларусі. Некаторыя проста стамляюцца пад ціскам гэтай улады і сыходзяць у зацішша, хочуць жыць спакойна, каб іх ніхто не чапаў. На што, дарэчы, і разлічвае ўлада, калі прымяняе ціск. Але, ведаеце, у мяне ёсць па жыцці некалькі крэда: «Хто, калі не я». І яшчэ адно: «Усё робіцца да лепшага». Таму лепшыя часы, я веру, наступяць і для незалежных журналістаў-фрылансераў у нашай краіне.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]