Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Уратаванае сэрца

10.01.2018 общество
Уратаванае сэрца

Што б ні было, а я веру ў беларусаў, у годны лёс нашай незалежнай краіны.

Наша існаванне ў цудоўным белым свеце — гэта шчаслівая выпадковасць. Пасля таго, як маё сэрца на доўгія гадзіны было адключана, калі практычна вярнуўся з небыцця, пра ўласны лёс і пра ўнікальнае чалавечае жыццё думалася з асаблівай удзячнасцю.

Пачну з таго, што год, які мінае, быў для мяне цяжкім. Страціў зяця Юрася, а затым брата Міхася — добрых, шчырых людзей, таленавітых прафесіяналаў у сваёй сферы дзейнасці, сапраўдных беларусаў. Самому давялося прайсці выпрабаванні: спачатку былі дзве лёгкія аперацыі, а ў лістападзе ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія» хірургі правялі сур’ёзны рамонт сэрца і аорты.

Калі змог уставаць з мулкага ложка, бяссоннымі начамі я стаяў ля вакна і глядзеў у зменлівае асенняе неба над любімым горадам. Яно выглядала трывожным, вецер нёс па ім растурзаныя аблокі, але і змрочнае відовішча радавала.

Не ведаю, колькі яшчэ зямнога часу мне адпушчана, ды аптымізм застаецца. Што б ні было, а я веру ў беларусаў, у годны лёс нашай незалежнай краіны. Гэтая ўпэўненасць атрымала новую падпітку якраз у вядомай лякарні.

Як ні дзіўна, але праз усё маё жыццё час хвароб нараджае новыя адкрыцці і радасць. Менавіта такой парою, а яшчэ ў глыбокай начы напісаны многія вершы і паэмы. Што зробіш, паэтычнымі радкамі, хоць яны «саграюць і ўзвышаюць душу», пракарміцца цяжка, а таму хлеб зарабляецца ўдзень звычайнай працай.

У кардыялагічным цэнтры па-новаму адкрываў сваю даўнюю тэму — асэнсаванне людскога патэнцыялу Беларусі. Ён і праўда значны, дастатковы для пабудовы нармальнага жыцця, але ўлада не ўмее і не хоча стварыць умовы для яго рэалізацыі.

Калектыў аддзялення, якім кіруе выдатны хірург Аляксандр Шкет, усцешыў высокім прафесіяналізмам, душэўнай спагадай да пацыентаў, культурай абслугоўвання. Гэта тычыцца як урачоў, так і інжынерна-тэхнічнага персаналу, медыцынскіх сясцёр, санітарак. Многія з іх сталі нібыта роднымі, застануцца ў душы светлай згадкаю. З асаблівай удзячнасцю называю імёны тых, хто канкрэтна ратаваў сэрца: гэта Аляксандр Камароўскі, Уладзімір Андрушчук. А яшчэ дзякуй анестэзіёлагу, яго памочніцы, аперацыйнай сястры. Увесь час мяне апякаў усмешлівы, аптымістычны лекавы ўрач-хірург Віталь Адзінцоў, якому таксама паклон.

Прарыў да высокага майстэрства, які зрабілі хірургі-кардыёлагі, мае трывалы падмурак. У адрозненне ад некалькіх пакаленняў чыноўнікаў, якія два дзесяцігоддзі пад выглядам пераймання вопыту каталіся па замежжы, безвынікова спальваючы народныя грошы, урачы па-сапраўднаму вучыліся, праходзілі стажыроўкі ў еўрапейскіх клініках. Яны паказваюць прыклад, як трэба працаваць, мацуюць веру ў стваральныя сілы беларусаў. Шкада, што нават у іх матэрыяльная база патрабуе значнага паляпшэння. Пра гэта можа сведчыць факт, што часам ім тыднямі даводзіцца чакаць паступлення неабходных хірургічных матэрыялаў.

Увогуле, нягледзячы на пахвальбу прапаганды, сфера медыцыны патрабуе кардынальнай мадэрнізацыі, увагі і падтрымкі. Недахоп спецыялістаў не толькі ў глыбінцы, але і ў сталіцы, бясконцыя чэргі ў паліклініках, неадрамантаваныя памяшканні, дэфіцыт патрэбнага абсталявання — усё гэта кідаецца ў вочы, асабліва на фоне сапраўды ўнікальных, значных дасягненняў канкрэтных урачоў.

За жыццё мне давялося зведаць нямала фізічнага болю. У 23 гады трапіў у аўтамабільную катастрофу. Па віне вадзіцеля аўтобус зваліўся ў кювет, раздрабіла плячо. П’яны фельчар вясковай бальніцы, куды прывезлі, палічыў траўму за вывіх і крутануў руку так, што не маглі даць рады спецыялісты, давялося восем месяцаў насіць гіпс. Некамфортна адчуваў сябе і ў сталым узросце, калі хірургі сшывалі разарваную мышцу. А за чатыры гады да пенсіі, пасля таго як па палітычных матывах звольнілі з працы, маю скроню дастаў «зашыфраваны» кастэт.

Але хачу сказаць, што фізічны боль не ідзе ні ў якое параўнанне з душэўным. Апошні — мацнейшы. Маё ўратаванае сэрца з яшчэ большай трывогаю непакоіцца за будучыню Беларусі. Пакуль што ў людзей няма асабістай зацікаўленасці ў нацыястварэнні, адказнасці нават за ўласную долю.

Многія беларусы не даганяюць новую рэчаіснасць, не ўсвядомілі, што маюць незалежную краіну, у якой мінулыя завядзёнкі не праходзяць. Жыццё выслізнула з іхніх абдымкаў і бяжыць паперадзе, а яны збянтэжана топчуцца, не спрабуючы, хоць трошкі, паднатужыцца. Людзі, адвучаныя камандамі ад самастойнасці, не могуць зрушыцца, перагледзець лёс у думках і ў справах. Навізна асляпіла ім вочы, заклала вушы, адняла мову, яна не паддаецца асэнсаванню і засваенню. Дагнаць час не ўдаецца, у душы застаюцца разгубленасць, адчай і крыўда невядома на каго.

У бальнічных палатах мне ўбачыўся шырокі зрэз грамадства. Тут былі прадстаўлены людзі розных палітычных поглядаў, нацыянальнасцяў, веравызнанняў, сацыяльных узроўняў. Адны з іх абсалютна не разумеюць, што патрабуецца ад свядомага грамадзяніна незалежнай краіны, жывуць чамусьці праблемамі Расіі і падтрымліваюць яе агрэсію, клянуць Украіну, згаджаюцца з аўтакратычным рэжымам, другія крытыкуюць уладу, пералічваюць яе правалы. Гаворка з імі паказала, што зрух у свядомасці, хоць і марудны, але ўсё ж адбываецца. Да высновы, што лепшае жыццё залежыць толькі ад нас саміх, паступова прыходзяць людзі ўсіх узростаў. Запомніліся словы маёра міліцыі ў адстаўцы, які моўчкі слухаў каментарыі пацыентаў, што ўвечары сабраліся ля тэлевізара, а затым падвёў рысу: «Власть окончательно утратила доверие народа!» Як бы хацелася, каб жаданне перамен было перанесена на палітычнае і грамадскае жыццё, каб у грамадстве перамог здаровы сэнс, разуменне будаўніцтва новай дэмакратычнай Беларусі.

Тое, што краіна зайшла ў тупік і з яго трэба хутчэй выбірацца, засведчыла пампезнае святкаванне 100-годдзя арганізацыі, якая ў свой падмурак залічыла адыёзныя ўстановы: ВЧК—ОГПУ—НКВД—МГБ. Чаму незалежная Беларусь навешвае на сябе жудасны ярлык? Нейкім чынам можна зразумець Расію, бо гэта яе гісторыя, але навошта нам услаўляць змрочныя «канторы», навязаныя з усходу? Магчыма, гэта зноў каманда Крамля?

Са школьных гадоў я займаўся вывучэннем сталінскіх рэпрэсій, высвятляў, як і дзе загінуў дзядзька — паэт Сяргей Ракіта (Сяргей Васільевіч Законнікаў). Ведаю многае пра свядомых злачынцаў. 20 тысяч з іх самі трапілі ў гулагаўскае пекла. Сотні тысяч беспадстаўна рэпрэсіраваных людзей рэабілітаваны, а іх каты — не. Чаму? Бо выканаўцы так стараліся дагадзіць Сталіну і яго падручным, перавыконваючы планы па знішчэнні «ворагаў народа», што ім не можа быць ніякага апраўдання.

З гісторыі, з памяці не вырвеш і не спаліш тыя старонкі, якія некаму не падабаюцца, не зробіш слаўных герояў з мярзотнікаў і садыстаў. Мне часта ўспамінаюцца словы акадэміка Д. Ліхачова: «Без памяти нет совести»…

Мы павінны ўратаваць свае сэрцы ад нянавісці, абыякавасці і стомленасці, не дазволіць сабе скаціцца ў бездань цемрашальства. Будзем вучыцца паважаць сябе, са спагадаю ставіцца да тых, хто побач. Наперадзе ў нас шмат клопатаў і звычайнай радасці, якая патрэбна кожнаму чалавеку.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]