Полацкі музей беларускага кнігадрукавання сабраў вялікую колькасць прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Арлова.
Нагодай для сустрэчы стаў выхад у выдавецтве «Логвінаў» адразу пяці кніг з лепшымі творамі пісьменніка.
– Сённяшняя нагода вельмі прыемная. Выдавецтва «Логвінаў» зрабіла мне калядна-навагодні падарунак – выдала маё пяцікніжжа. Гэта выбранае – гістарычная і сучасная проза, эсэістыка і вершы. Першая прэзентацыя адбываецца тут, у Полацку, таму што ў Менску ў «Акадэмкнізе» была толькі аўтограф-сесія, - распавеў «Радыё Рацыя» пісьменнік.
Адначасова прэзентуецца і кніга новай прозы Уладзіміра Арлова «Танцы над горадам». Кніга складаецца з трох аповесцяў. Таямнічыя падзеі ў аднайменнай з назвай кнігі аповесці як раз і адбываюцца ў Полацку.