Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Балотнае войска правіцеля

30.10.2010 политика

Толькі наіўным сёння падаецца, што выбары на ўсіх адны.

У адпаведнасці з законам. Паводле агульнапрынятых у свеце традыцый і нарматываў. Але гэта дзе-небудзь там, далёка. А тут традыцыі вядомыя. І выбары ў кожнага свае.

Ва ўсякім разе, ужо на першым этапе прэзідэнцкай кампаніі адбылося тое, што не адбыцца не магло. У яе магутным рэчышчы выразна вызначыліся дзве плыні, якія нічога супольнага між сабой не маюць. Тутэйшая ўлада проста салаўём разліваецца, усхваляючы неверагодны дэмакратызм збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў. Гэта ж трэба, побач з пікетамі ў падтрымку яе кандыдата стаяць таксама і пікеты ягоных апанентаў. І ніхто іх за гэткае нахабства не б’е па галаве і ў пастарунак не цягне. Яшчэ ніколі рэжым не быў такі рахманы. Сам сябе пасадзіў на моцны ланцуг, наступіў на горла сваёй любімай песні. Не выключана, што недзе ў лесе нават воўк здох.

У цудоўную казачку пра неадольны наступ дэмакратыі не дае магчымасці паверыць хіба што адна акалічнасць. У імклівым рытме гэтых дзіўных дзён выразна чуецца цяжкое сапенне кіроўнай вертыкалі. Яна ўпарта выконвае сваю звыклую ў такіх выпадках працу. І ў рэальным жыцці адбываецца ўсё тое ж, што было тут і раней. Пра тое шмат пісалі, няма сэнсу паўтараць. За пярэстай шырмай абвешчанай шырока лібералізацыі выбарчага заканадаўства дзейнічае апрабаваны не аднойчы механізм фальсіфікацый. Проста грукоча крыху цішэй - гэтым разам не пашкадавалі алею.

Першы этап выбарчай кампаніі выразна прадэманстраваў, што яна фактычна падзелена на два ўзроўні. На адным, вышэйшым і асноўным, ні на якія правілы і забароны ніхто ўвагі не звяртае. Гэта жыццёвая прастора недатыкальнага кандыдата ад улады. Ён ужо зараз можа колькі заўгодна мільгацець на ўсіх тэлеэкранах. Аднак ніякіх парушэнняў дэкляраванай роўнасці няма – ён проста выконвае свае службовыя абавязкі. Можа нават бэсціць сваіх канкурэнтаў, назывць іх ворагамі народа. І за тое яму нічога не будзе. Такі ўзровень.Там ужо на першым этапе на поўную моц выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Зразумела, пад выглядам асабістага чынавенскага энтузіязму.

А на ўзроўні другім, ніжэйшым, усё зусім інакш. Там кожны новы подпіс у падтрымку здабываецца ў выніку нялёгкай працы далёка не шматлікіх каманд патэнцыйных кандыдатаў. Шэрагі іх зборшчыкаў па вызначэнні быць шматлюднымі не могуць. Атмасфера страху ў грамадстве ўсё тая ж, невыносная. Нявернасці ўладзе вертыкаль нікому не даруе. Тыя, хто дазволяў сабе альтэрнатыву ў поглядах і ўчынках, выляталі з трэскам не толькі з высокіх пастоў.

На гэтым тыдні страціла працу яшчэ адна зборшчыца подпісаў “не за таго” кандыдата. Начальнік шчыра ёй паведаміў, што завіталі да яго наглядчыкі за лаяльнасцю электарату. І патлумачылі выразна, што крамольная зборшчыца подпісаў на карысць канкурэнта ўяўляе страшэнную небяспеку не толькі для ўлады, але і для той сістэмы, у якой яна працуе. Не, гэта не таямнічая ракетная база. І не контрвыведка. Гэта мінскі заапарк. Аднак і на вышэйпамянёным экзатычным фронце ніякіх кампрамісаў быць не можа. А раптам пад уплывам той ідэйна хісткай працаўніцы заапарку які-небудзь ненадзейны папугай ці беспрынцыпны бегемот пачне кепска думаць пра кіраўніка дзяржавы?

Паміж першым і другім узроўнямі выбарчай кампаніі не проста нейкая мяжа. Паміж імі – бездань. Гэта, па сутнасці, розныя выбары. Не так проста сёння сабраць сто тысяч галасоў. Кандыдаты, нават самыя паспяховыя, хіба толькі пераўзышлі неабходную для рэгістрацыі колькасць. А вось на ўзроўні тым, пазаканкурэнтным, проста нейкія неверагодныя рэкорды. Неабходны мінімум там перавышаны ажно на мільён.

Ды ўсё тут зразумела. Не варта кпіць з таго, што зборшчыкі кандыдата ад улады, якія стаялі ў пікетах побач з іншымі, увагай выбарцаў не карысталіся. І нават не ведалі, чым сябе заняць падчас ганебнага і занадта відавочнага беспрацоўя. Каму тут невядома, што незлічоны электарат правіцеля надзвычай далікатны і нават сарамлівы. Ён удзень зазвычай хаваецца ў балоце. Нібы сапраўднае войска, тоіцца ў шэрых хмызняках ў чаканні сігналу атакі. А з надыходам цемры, разгарнуўшы пашпарты, спяшаецца абранніку свайму на дапамогу. І подпісы здае своечасова. І галасуе адпаведна.

Яно нябачнае, тое балотнае войска. Але надзейнае неверагодна. Дыктатара ніколі не падводзіла. Ні падчас сумнавядомага лістападаўскага рэферэндуму 1996 года, калі ніхто не мог зразумець, адкуль на пустых участках з надыходам цемры ўзнікла раптам фантастычная электаральная актыўнасць. Ні падчас мінулых выбараў, калі пры падвядзенні вынікаў колькасць галасоў у падтрымку незаменнага зашкаліла настолькі, што яму давялося нават уласным загадам змяншаць іх не на сваю карысць. Пра тое, як спалучаецца ў жыцці містыка з рэальнасцю, падрабязна і дакладна распавёў міліцэйскі падпалкоўнік Казлоў. Пра балотнае войска правіцеля ён ведае ўсё.

Ёсць адзіная сіла, здольная тых прывідаў спыніць. Гэта – Плошча. Толькі народ можа надзець аброць на неўтаймаваную і нахабную вертыкаль. Адмяніць падзел кампаніі на ўзроўні першы і другі. Усіх кандыдатаў паставіць у роўныя ўмовы. І прымусіць тых, каму даручана, падлічыць галасы ў адпаведнасці з законам.

У кожнага з нас сапраўды ёсць выбар. Недаравальна ім не скарыстацца. Нічога іншага ў краіне, дзе змаганнем з іншадумствам займаецца ўжо нават заапарк, чакаць не выпадае.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]