Актывісты рыхтуюць таксама і спіс усіх школ Мінска з беларускамоўным навучаннем.
На сайце Svaje.by з’явілася актуальная на сёння карта ўсіх дзіцячых садкоў сталіцы, у якіх дзеці могуць навучацца па-беларуску. Падобнай карты дагэтуль не было, усім зацікаўленым бацькам даводзілася самастойна звяртацца па гэтую інфармацыю, прасіць і пісаць афіцыйныя запыты, піша nn.by.
Гэты спіс дашкольных устаноў са звесткамі Міністэрства адукацыі на 2017/2018 год апынуўся ў руках грамадскасці дзякуючы намаганням актыўнай беларускай маладой мамы, вядомай архітэктаркі і дызайнеркі Аляксандры Баярынай. Яна ж перадала яго камандзе Svaje.by, якія літаральна за некалькі дзён нанеслі ўсе 102 садкі на мапу і распрацавалі зручную форму зваротнай сувязі з бацькамі.
«Мы не ўпэўненыя, што ўсе гэтыя беларускамоўныя групы насамрэч беларускамоўныя. Дакладна беларускамоўныя два сады — №187 і №534 — дзе навучанне вядзецца цалкам па-беларуску. Мы падазраем, што большасць астатніх груп — гэта фікцыя, таму заклікаем бацькоў пісаць водгукі. У нас для гэтага на сайце ўсё ёсць, пад кожным садком можна напісаць, якая там рэальная сітуацыя», — каментуе заснавальнік праекту Svaje.by Павел Колас.
Цяпер бацькоўская супольнасць можа сфармаваць праўдзівыя рэйтынгі ўсіх гэтых 102 садкоў. Вы аўтарызуецеся [можна праз фэйсбук], клікаеце на любы сад, каб пабачыць больш падрабязную інфармацыю пра яго ды кантакты і націскаеце «Пакінуць водгук». Тут вы бачыце над полем для каментавання тры пункты: персанал, матэрыяльная база, мова. Насупраць іх стаяць зорачкі — яны і вызначаюць рэйтынг сада па кожным з пунктаў.
Возьмем пункт «Мова»:
1 зорачка — «Адна назва, ніхто па-беларуску не гаворыць»
2 зорачкі — «Можна пачуць асобныя словы па-беларуску»
3 зорачкі — «Супрацоўнікі часткова размаўляюць па-беларуску, дзетак беларускамоўных вобмаль»
4 зорачкі — «Персанал размаўляе пераважна па-беларуску, ёсць беларускамоўныя дзеці ў групе»
5 зорачак — «Выдатна! Усё па-беларуску!»
«Што тычыцца саміх водгукаў, то мы зрабілі магчымасць дасылаць іх ананімна, не ад свайго імя. Гэта зроблена, каб ніхто ў садку не меў зуб, калі водгук не вельмі добры. Тым не менш, адправіць яго можна толькі аўтарызаваўшыся. Гэта значыць, што Svaje.by будуць ведаць, хто пакінуў водгук, але больш нікому гэтая інфармацыя не будзе даступная. Усе водгукі публікуюцца толькі пасля праверкі, яны будуць перачытвацца мадэратарам, — тлумачыць Павел. — Калі карыстальнік упершыню адпраўляе водгук, то сайт прапануе яму прайсці смс-праверку па нумары тэлефона. Але калі хтосьці не захоча яе праходзіць, гэта не страшна, водгук усё адно захаваецца».
На садках каманда праекта не збіраецца спыняцца, хутка абяцаюць апублікаваць спіс усіх школ Мінска з беларускамоўным навучаннем.
Таксама Павел кажа, каб бацькі з абласных гарадоў, зацікаўленыя ў стварэнні такіх карт садоў і школ для іх рэгіёна, пісалі пра гэта і дасылалі інфармацыю на Svaje.by. Будзе запыт — будзе і мапа.