Вобразы нераічнага мінулага становяцца ўсё больш папулярнымі сярод моладзі.
Разам з ростам цікавасці беларусаў да роднай гісторыі, вяртаннем Пагоні і вышыванкі, мы назіраем і іншыя феномены. Прыкладам, усё больш папулярным стае вобраз крылатага гусара, які яшчэ ўчора лічыўся адназначна «польскай спадчынай». Не верыце? Глядзіце самi, піша «Новы Час».
Апошнія год пяць можна назіраць трыюмфальнае вяртанне вобразу крылатага гусара ў беларускую культурную прастору. На працягу доўгіх год гусар асацыяваўся з Польшчай, дзякуючы творчасці Генрыка Сінкевіча ды бліскучай экранізацыі «Агнём і мячом». У Польшчы гусар ніколі не губляў папулярнасці: вобраз замацаваны ў музейных экспазіцыях, школьнай праграме, кінематографе, традыцыі ўзнагародаў, палякі маюць нават спецыфічны накірунак у тату-культуры — Husaria, а зараз яшчэ і адмысловыя наборы лега.
Цікава, што такі накірунак думак цалкам задавальняе рускіх. Разам з выбудовай парадыгмы «Рэч Паспалітая — гэта Польшча», уся спадчына нашай агульнай дзяржавы ў свядомасці ўсходніх суседзяў — «адназначна польская». Гэта тычыцца і шляхты, і замкавай архітэктуры, і тых жа крылатых гусараў. Дастаткова ўзгадаць негатыўны вобраз «гусараў-захопнікаў» у расійскай стужцы «1612»…
Што кажа гісторыя?
Упершыню пра гусараў на прасторах будучай дзяржавы ліцвінаў і палякаў ідзецца ў маёмасным рэестры караля Яна Ольбрахта, створанага ў 1500 годзе. Ужо тады, за больш як паў стагоддзя да падпісання Люблінскай Уніі і ўтварэння Рэчы Паспалітай, паміж Каронай і Вялікім Княствам Літоўскім існавалі моцныя вайсковыя і дынастычныя сувязі.
Верагодна, гусарыя ў нашым рэгіёне з’явілася разам са з’яўленнем тут сербскіх і вугорскіх вершнікаў-наймітаў. Пасля экспансіі на Поўдзень Еўропы туркаў, шматлікія тамтэйшыя ваяры апынуліся незапатрабаванымі на радзіме, таму і бадзяліся па Еўропе, спрабуючы прыкласці досвед і кваліфікацыю ў іншых канфліктах. Праз шматгадовае супрацьстаянне з туркамі, вершнікі набылі адмысловыя якасці ды запазычылі некаторыя элементы бою ды рыштунку ў ворага.
Росквіт гусарыі ў нас — гэта ўжо XVII ст., час войнаў з Масковіяй. Тады ж вобраз гусара сфармаваўся і ў плане эстэтыкі: бліскучы панцыр, шалом з маскай, піка альбо крывая шабля, ну і, канешне, крылы за спіной, што свісцелі на вятрыску, выдаючы характэрны гук. Безумоўна, не кожны гусар выглядаў ажно так яскрава — гэта быў прывілей адно найбольш заможных ды статусных шляхцічаў.
Каму належаць гусары?..
Як у польскіх, так і ў расійскіх крыніцах часцяком можна сустрэць абароты, накшталт, «польская» альбо «польска-вугорская гусарыя»... Гэта маніпуляцыі, бо гусар не нацыянальнасць, а род войскаў, не прывязаны да нейкай этнічнай групы, кшталту, сікхаў у складзе брытанскай арміі. Нават польскія гісторыкі Ціхоўскі і Шульчынскі пішуць, што гусарыя — гэта вынік сумеснага ваенна-гістарычнага развіцця супольнасці народаў, аб'яднаных Крэўскай, а затым і Люблінскай уніяй. Такім чынам, гэта спадчына ўсіх народаў Рэчы Паспалітай, у тым ліку беларусаў.
У мадэрнай беларускай традыцыі і культуры гусар узнікае даволі позна, разам з пераключэннем увагі ад «гаротнай вёскі», да велічнай і, часам, ваяўнічай спадчыны ВКЛ. Узгадваючы таго ж Яна Караля Хадкевіча, гісторыкі 1990-х не забываліся дадаваць: «правадыр крылатых вершнікаў». На вокладцы папулярнай кнігі Міхася Чарняўскага «Дзесяць бітваў», зноў жа, крылаты гусар. Так расійскі негатыўны міф пра «польскага гусара-захопніка», які паліў Маскву ў 1612-м, пераўтвараўся ў беларускі патрыятычны: гусар — абаронца Радзімы.
Гусарыя на скуры: ад Гродна да Магілёва
Міфы, як вядома, ажываюць, калі робяцца дастаяннем не адно гісторыкаў, але шырэйшых масаў, стаючы часткай нацыянальнай культуры. Гусарыя ў Беларусі сёння, нажаль, пакуль не стала папулярным эстэтычным кантэкстам для мастацкіх фільмаў і білбордаў. Тым не менш, усё часцей беларусы носяць гусараў на вопратцы ды нават… на скуры. Мы адмыслова адшукалі некалькіх носьбітаў падобных тату ды запыталіся пра іх матывацыі.
— Крылаты гусар, гэта мая не першая тату і, хіба, не апошняя, — распавядае Даша, студэнтка БДУ, якая носіць «гусара» на назе, — Мяне натхніла стужка Ежы Гофмана «Агнём і мячом»: фільм уразіў і дапамог паглыбіцца ў рамантыку часоў Рэчы Паспалітай. Гусар у фільме вельмі прыгожа візуалізаваны, таму ідэя тату ўзнікла сама сабой. Гусарыя, на маю думку, гэта спадчына не толькі палякаў, але і беларусаў, хай у тыя часы мы і называліся ліцвінамі.
Гарадзенец Віталь Бандаравічус працаваў на адным з гарадзенскіх прадпрыемстваў, зараз з’ехаў за мяжу па сямейных прычынах. У яго гусар набіты на руцэ:
— Вельмі люблю і ганаруся гісторыяй роднай зямлі. Па нацыянальнасьці летувіс, але лічу сябе ліцвінам. Таму і выбраў тату ў патрыятычна-гераічнай тэматыцы: «слупы гедыміна» (калюмны) і пагоня ў спалучэнні з крылатым гусарам. Акрамя гэтых маю яшчэ шэраг патрыятычных тату: калі пачынаеш, спыніцца ўжо цяжка…
Як апынулася, тэма гусарыі на скуры закранула не толькі “заходнікаў”. Пра гэта сведчыць прыклад Максіма, які займаецца будаўніцтвам:
— Я з Магілёва, тату рабіў тут жа. Мне наўпрост спадабаўся малюнак, адмыслова гусара не шукаў. Хутчэй за ўсё майстар упершыню рабіў падобнае тату. Свайго гусара нашу на руцэ, знаёмыя часцяком звяртаюць на яго ўвагу, прыемна!
А вось гісторыя Дзяніса, мэнеджэра па продажах з Гродна, ураджэнца Кобрына:
— Яшчэ падлеткам хацеў зрабіць сабе тату, але было ўсведамленне, што гэта сур’ёзна і на ўсё жыццё — адказнасьць стрымлівала. А вось на 33-я ўгодкі сам сабе зрабіў падарунак. Спачатку хацеў пагоню, але акурат на гэты час прыпаў скандал з помнікам Касцюшку ў Швайцарыі, разборкі, чый ён герой, беларускі ці польскі… Вось і зрабіў сабе гусара, каб ведалі і бачылі, што наша! І сыну, і жонцы спадабалася!
Гусарыя на вопратцы: скандалы, світшоты і тайскі бокс
Асобная гісторыя — гэта гусарыя на вопратцы. Першапраходцам тут быў брэнд патрыятычнага адзення LSTR, які звярнуўся да тэмы яшчэ ў 2012-м. Эфект атрымаўся неверагодны, а вакол адной з цішотак разгарэўся ледзве не скандал: на выяве гусар працінае пікай маскоўскага стральца. Красамоўна, што ў адказ у Расіі з’явіліся майкі з выявамі стральца, які перамагае гусара… Відаць, зачапіла.
«Скандальныя» цішоткі больш не вырабляюцца, агулам жа LSTR стварыла чатыры тэматычных прынта.
На адным з іх выкарыстаная выява гусара ад мастака Зміцера Шапавалава, які спецыялізуецца на батальнай графіцы часоў ВКЛ. Сёння, паводле ўладальнікаў брэнду, гусарская тэма для іх вычэрпаная і на 2018-ы навінак у такой стылістыцы не плануецца — трэба рухацца далей.
Іншы патрыятычны брэнд HONAR прыйшоў да тэмы гусарыі пазней, у 2016-м. Гэта была серыя світшотаў высокай якасці, дзе малюнак нанесены метадам вышыўкі з выкарыстаннем даўгавечных матэрыялаў. Паводле вырабнікоў, гэта дазваляе захаваць малюнак на ўвесь перыяд носкі. У адрозненні ад LSTR, гэты брэнд толькі адкрывае для сябе тэму крылатых вершнікаў ды плануе пашыраць серыю новымі фасонамі.
Самай жа папулярнай медыйнай падзеяй, звязанай з гусарыяй на вопратцы, быў выезд нашай зборнай па тайскім боксе на спаборніцтвы ў цішотках з крылатымі вершнікамі ды подпісам BELARUS. Фота спартоўца-чэмпіёна Віталя Гуркова з гусарам на грудзях разыйшліся па шматлікіх медыя.
Падняць келіх з гусарам
Нарэшце, гусары стаюць… інтэр’ернымі ўпрыгажэннямі! Тут нельга абыйсці вялізнае графіці ў пабе «Піўны Гетман» у Астраўцы з выявай крылатых вершнікаў з пікамі, якія ідуць у атаку. Выява на цэнтральнай сцяне з’явілася праз паўгода пасля адкрыцця, у 2016-м. Ідэя належыла Аляксею Пятровічу, уладальніку «Гетмана», маляваў мастак Дзяніс Ходас.
Паводле персаналу, наведнікі часам пытаюцца пра выяву «польскіх гусараў», пасля чаго даводзіцца тлумачыць пра агульную слаўную гісторыю, дзяржаву абодвух народаў ды войны з Масковіяй. Планаў па развіццю тэмы ва ўладальнікаў пабу шмат. Сярод іншага — арганізаваць мастацкую выставу продаж партрэтаў гетманаў ВКЛ ды батальных гістарычных выяваў тут жа, на сценах. Маўляў, зайшоў выпіць піва — выйшаў з партрэтам Хадкевіча!
Падводзячы вынікі… не-не! Акурат вынікі падводзіць яшчэ рана. Як бачым, крылаты вершнік толькі вяртаецца ў нашу сучасную культуру, рыхтуецца на поўнай хадзе заскочыць у свядомасць масаў.
У гэтым кантэксце прыемна, што гусар з’явіўся і на календары… дзяржпрадпрыемства «Белспецзнештэхніка», структурнай адзінкі ваенна-прамысловага комплексу Беларусі. Каляндар на 2018-ы год так і называецца: «Вялікія бітвы нашай гісторыі». Пасля такіх навінаў цалкам верыш, што мода на гусарыю ў Беларусі толькі набірае абароты.