Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Дзякуй, Міхал!

25.01.2018 культура
Дзякуй, Міхал!

Колькі асабістых гісторый у памяць пра Міхала Анемпадыстава.

Юнаком з кожнай сваёй вандроўкі ў Менск я стараўся прывезці штосьці, што не мог знайсці ў Навагрудку, дзе вучыўся ў канцы 1990-х. Газеты, якіх не было ў шапіках, касеты з «нашай» музыкай, значкі, каляндарыкі і паштоўкі.

Тыя паштоўкі я дасылаў сябрам і сяброўкам па ліставанні, з якімі пазнаёміўся праз «Нашу Ніву» і «Музыкальную газету».

Але была адна віншаванка, якую я без доўгіх роздумаў даслаў дзядзьку ў Гродна.

Гэта была калядная паштоўка: чорнае неба, пад ім Дзед Мароз з чырвоным носам і мяхом падарункаў. Здавалася б, просты і зразумелы вобраз, ён глыбока ўразіў мяне сваёй магічнасцю. З таго часу я даслаў шмат калядных паштовак, многія з якіх сцерліся з памяці адразу па заклейванні канверта. А тую карцінку я памятаю дасюль. На адвароце было пазначана: мастак М. Анемпадыстаў.

Чаму я даслаў яе дзядзьку? Бо менавіта ён далучыў мяне да беларушчыны ў першыя гады незалежнасці. Магчыма, праз які дзясятак гадоў я неўсвядомлена вырашыў даць яму знак, што ягоныя шчыраванні не былі дарэмнымі.

Студэнтам я пачаў слухаць беларускую музыку. Чуў я яе і раней, але менавіта слухаць стаў у другой палове дзевяностых. «Уліс», «Новае неба», «Крама», N.R.M. Тады я і даведаўся, што Анемпадыстаў не толькі таленавіты мастак.

А потым выбухнуў «Народны альбом». Добра памятаю, як паслухаў яго першы раз і не змог зразумець захаплення, якім проста праменіўся мой сябар. А потым і сам захапіўся альбомам нагэтулькі, што ягоныя героі, нават Юзік, сталі мне як родныя.

«Простыя словы, простыя рэчы:

Хлеб на стале, полымя печы…»

Гэтыя радкі штораз прыгадваліся мне ў моманты, калі нябожчык-бацька пачынаў расказваць пра хатні хлеб, што пякла ягоная маці на кляновым лісці.

У войску, у часе адпачынку, я трапіў на «Народны альбом» у Мінску. Тады я, натуральна, яшчэ не ведаў, што праз лічаныя месяцы буду працаваць у «Нашай Ніве». Што дзякуючы гэтаму змагу пазнаёміцца з тымі, каго дагэтуль чытаў, глядзеў і слухаў, кім захапляўся. Што напішу пра войска нізку артыкулаў, якія выйдуць неўзабаве асобнай кнігай. Вокладку для якой аформіць Міхал Анемпадыстаў. Калі тое здарылася, я, здаецца, больш ганарыўся гэтай акалічнасцю, чым уласна самім фактам выхаду ўласнай кнігі.

Я так і не падзякаваў мастаку за тую вокладку. Як не падзякаваў асабіста за «Народны альбом» і за Дзеда Мароза з каляднай паштоўкі, за многае іншае, што зрабіла мяне тым, кім я ёсць. Зраблю гэта тут і цяпер: дзякуй, Міхал!

Сямён Печанко, «Салідарнасць»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]