А ўдар па іміджы ўладаў будзе моцны.
Думаю, адначасовае блякаваньне сайту «Хартыя-97» і адмена паказу фільму «Сьмерць Сталіна» здарылася выпадкова. Але супадзеньне па часе гэтых дзьвюх падзей вельмі сымбалічнае і знакавае. Таксама невыпадкова, што гэта здарылася цяпер, у першы месяц новага году.
Толькі прайшлі дыскусіі пра наступствы тых рашэньняў аб лібэралізацыі, якія былі зроблены ў канцы мінулага году. Маю на ўвазе шэраг заканадаўчых актаў дзеля спрашчэньня ўмоваў вядзеньня бізнэсу, распрыгоньваньня прадпрымальніцтва, а таксама дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі».
Вялікі розгалас выклікаў артыкул палітоляга Валерыі Касьцюговай «Выклікі часу: нараджэньне палітыкі. Назапашваньне сацыяльных зьменаў» на сайце «Наше мнение», а таксама блог пісьменьніка Віктара Марціновіча на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!» «Дзьве Беларусі робяцца адной» і ягонае інтэрвію Свабодзе. Спадар Марціновіч казаў пра зьмены ў культурнай сфэры, пра зьняцьце ранейшых забаронаў, пра збліжэньне дзьвюх культур: афіцыйнай і незалежнай. Зьявілася некалькі матэрыялаў на тэму, ці магчымая ў зьвязку з гэтымі рашэньнямі ўладаў аўтарытарная мадэрнізацыя Беларусі.
І вось пасьля ўсяго гэтага робяцца крокі назад, у змрочнае мінулае (узгадайма таксама блякаваньне сайту «Беларускі партызан»), калі ў дзейнасьці рэжыму былі выразныя таталітарныя тэндэнцыі, ён спрабаваў кантраляваць духоўнае жыцьцё грамадзтва.
Арцём Шрайбман у сваім артыкуле на сайце Tut.by робіць акцэнт на тое, што ЭЗ і ЗША ў адказ на рэпрэсіўныя захады рэжыму фактычна маўчыць, таму беларускія ўлады могуць дазволіць сабе гэта рабіць.
Але я хачу зьвярнуць увагу, што блякаваньня незалежных інфармацыйных сайтаў не было нават у самыя змрочныя часы палітычных рэпрэсій у 2000-я гады ці пасьля 19 сьнежня 2010 году. Былі спробы перакрыць доступ да непажаданых рэсурсаў, але толькі на кароткі час. А цяпер — бестэрміновае блякаваньне.
Яшчэ больш абсурднай выглядае сытуацыя з часовай забаронай фільму «Сьмерць Сталіна», якая здарылася адразу пасьля таго, як яго забаранілі ў Расеі. І гэта адбываецца якраз у момант, калі намеціліся кволыя спробы неяк дыстанцыявацца ад расейскай інфармацыйнай прасторы. Некаторыя адыёзныя ток-шоў расейскіх тэлеканалаў ці ўвогуле перасталі паказваць у Беларусі, ці перанесьлі на позьні час. Вось судзяць блогераў расейскага рэсурсу Regnum за беларусафобства. І на гэтым тле такая сынхранізацыя стаўленьня да фільму, дзе высьмейваецца савецкі лад. Што лішні раз дэманструе перад усім сьветам несамастойнасьць Беларусі. Звонку гэта выглядае так, што нават такое простае пытаньне, як паказ фільму, ня могуць вырашыць без дазволу Масквы.
Што найбольш паражае ва ўсёй гэтай гісторыі, гэта абсалютная практычная бессэнсоўнасьць згаданых дзеяньняў з гледзішча інтарэсаў самой улады. Закрываць інфармацыйны сайт у эпоху інтэрнэту — гэта як змагацца з акіянам. Блякаваньне лёгка абысьці.
Гэтак жа нелягічна забараняць фільм. Бо яго лёгка паглядзець праз кампутар ці «смарт»-тэлевізар.
А ўдар па іміджы ўладаў будзе моцны. І ён можа перакрыць, нэўтралізаваць, зьмікшаваць той станоўчы эфэкт, які меў у сьвеце выхад ІТ-«дэкрэту». Для замежных інвэстараў адкрываць свой ІТ-бізнэс у краіне, якая мае імідж «ворага інтэрнэту», не зусім лягічна.
Таму чарговы раз узьнікае пытаньне: навошта? Здаецца, адказ тут зноў жа традыцыйны. Думаю, гэта рэванш сілавікоў за тыя лібэралізацыйныя захады, якія зрабіў Лукашэнка ў канцы мінулага году. Дарэчы, некаторыя экспэрты якраз пасьля вядомых прэзыдэнцкіх дэкрэтаў прагназавалі, што цяпер варта чакаць адказу сілавых структураў. Дык і не памыліліся. Здаецца, што «ястрабы», кіраўнікі спэцслужбаў эфэктна згулялі на ірацыянальных страхах Лукашэнкі. Маўляў, ня трэба станавіцца на склізкі шлях, якім у свой час пайшоў Міхаіл Гарбачоў, распачаўшы перабудову, што пахавала дзяржаўны і палітычны лад. Таму чарговым разам спрацаваў «сындром Гарбачова».
Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»