Дырэктарка тэлеканалу заявіла, што грошай мае хапіць на год працы.
Тэлеканал «Белсат» атрымае на дзейнасьць у 2018 годзе 20 млн злотых (каля 4,8 млн эўра) з мэтавых датацыяў Міністэрства замежных справаў Польшчы, перадае «Радыё Свабода».
Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы на сустрэчы з журналістамі заявіла, што ««Белсат» выжыве» — грошай мае хапіць на год працы. У будучыні не выключаецца, што «Белсат» будзе фінансавацца МЗС на пастаяннай аснове. Дырэктар польскай тэлевізіі TVP Яцэк Курскі заявіў, што датацыі МЗС — гэта «сыгнал, што нешта зьмянілася ў польскай палітыцы».
Беларускамоўны тэлеканал «Белсат» зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем публічнай Польскай тэлевізіі і фінансуецца пераважна з польскага дзяржаўнага бюджэту, а таксама з крыніц з-за мяжы Польшчы. Да 2016 году гэты фактычна адзіны беларускамоўны тэлеканал у сьвеце атрымліваў 16–20 млн злотых датацый за год ад МЗС Польшчы.
Ад жніўня 2017 году сытуацыя зь фінансаваньнем была няпэўная, калі МЗС Польшчы вырашыў значна зьнізіць фінансаваньне тэлеканалу — тады казалі, што гэта можа значыць яго закрыцьцё.
Пазьней у МЗС Польшчы зявілі, што «Белсат» мае застацца, але «ўлада хацела б, каб фінансаваньне не ішло праз МЗС». Урэшце ў Сэйме прынялі папраўкі, што дазвалялі фінансаваць «Белсат» празь Міністэрства фінансаў. Таксама грошы на «Белсат» абяцала даць Вялікая Брытанія.
Ад афіцыйнага Менску «Белсат» не атрымлівае фінансаваньня — наадварот, штрафы і канфіскацыі маёмасьці. Беларускія дэмакратычныя актывісты ладзілі ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі на менскай вуліцы Карла Маркса акцыю пратэсту, на якой прасілі афіцыйны Менск «Выключыць НТВ, уключыць «Белсат»».
«Белсату» адмовілі ва ўключэньні ў беларускія тэлевізійныя кабэльныя сеткі: на пэтыцыю аб уключэньні ў сеткі намесьнік гендырэктара «Беларусь-1» Сяргей Шышко адказаў, што «ў сетцы вяшчаньня прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадач і рубрык».
Цяпер «Белсат» у Беларусі можна глядзець як праз спадарожнік, набыўшы адмысловае абсталяваньне, так і праз інтэрнэт-трансьляцыю.