Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Адважыцца на перамены

01.02.2018 политика
Адважыцца на перамены

Зрэшты, у першую чаргу нам трэба быць сапраўдным народам.

Не ведаю, чытачы, як вас, а мяне абражае і абурае хлуслівая інфармацыя, якая тычыцца нашага жыцця. «Фантазіі» яшчэ нявопытнай улады спісваліся напачатку на хваробы росту. Яна, маўляў, вучыцца, хоча такім чынам падбадзёрыць народ, выглядаць лепш.

Прайшло шмат часу. У зацятым змаганні за вечнае існаванне рэжым набраў сілу, закасцянеў, задубеў, надзейна адгарадзіўшыся ад грамадзян адміністратыўнымі і рэпрэсіўнымі структурамі, але ад маніпуляцый, фальсіфікацый так і не адмовіўся. Наадварот, балота маны пашырылася і пахавала пад сабой не толькі сумленныя выбары, але і многія іншыя сферы жыццядзейнасці краіны.

Любая палітычная сістэма не ўсталёўваецца за адзін дзень. У нас была магчымасць, бачачы здзек рэжыму над дэмакратычнымі заваёвамі, над Канстытуцыяй і заканадаўствам, над чалавечымі правамі і свабодамі, паставіць заслон новаму аўтарытарызму. Але для гэтага неабходна мець гістарычную памяць, уменне прызнаваць і выпраўляць памылкі папярэднікаў, настроенасць на супраціў, смеласць і ўпартасць, чым, на жаль, мы пахваліцца не можам. Зрэшты, у першую чаргу нам трэба быць сапраўдным народам, а не затурканым насельніцтвам.

Абкатка прыёмаў ідэалагічнай, адміністратыўнай і рэпрэсіўнай апрацоўкі людзей, давядзення іх да рабскага стану, татальнага падаўлення іншадумства, палітычнай і сацыяльнай рухомасці грамадства вялася на «беларускім палігоне» доўга. Багаты вопыт выкарыстала Расія, прытым пайшла яшчэ далей — у выхаванні агрэсіўнага патрыятызму, у мілітарызацыі і захопах чужых тэрыторый.

Два аўтакраты, нягледзячы на рэгулярныя асабістыя сутычкі, захоўваюць адзінства ў абароне ўзурпіраванай улады. Збоку гэты працэс бачыцца лепей, а таму цытую ўкраінскага публіцыста В. Портнікава: «Лукашенко и Путин общаются друг с другом на одном языке — языке авторитаризма и уважают силу и ложь».

Бачанне тутэйшай рэчаіснасці ускаламучаным балотам, у якім, бессэнсоўна марнуючы каштоўны час і велізарныя сродкі, боўтаюцца мільёны людзей, — гэта не проста метафара.

Людзі без фантазіі могуць сказаць, што трэба радавацца таму, як у Беларусі на фоне агульнай сціпласці і нават беднасці каля гарадоў паўстаюць шыкоўныя катэджы і нават палацы.

А нехта з імі не згодзіцца, убачыць панараму праўдзіва і дасціпна параўнае велічныя збудаванні з зялёнымі балотнымі купінамі, на якіх сядзяць задаволеныя жабы. На гэта падштурхоўвае тое, што многія ўладальнікі харомаў паводзяць сябе так, як гэтыя боскія стварэнні, што няспынна крумкаюць, нібы павучаюць увесь свет. Драздоўскія і іншыя «шчасліўчыкі» таксама папракаюць абураных грамадзян, што зайздросціць — гэта неэтычна, заяўляюць: «Элітныя дамы будуюць не толькі чыноўнікі, але і нармальныя людзі».

Пакінем па-за ўвагай ляп, якім чыноўнік залічыў сябе і калег у «ненармальныя», а выслухаем «нармальных», якія ў інтэрнэце выказалі меркаванні: «Если экономика стоит, а коттеджи вокруг городов растут — значит, в стране воруют, причем даже из последнего, что осталось в дырявом бюджете»; «людей интересует, откуда при таком уровне жизни столько денег у чиновников. Нормальные пусть строят, вопросы только к ненормальным».

Пасля доўгай і безапеляцыйнай пахвальбы (варта ўспомніць настырны лозунг на тэлебачанні: «Беларусь — страна для жизни!») нечакана стаў нібыта самакрытычным правіцель: «Жизнь у нас не великолепная и даже не хорошая. Пока мы живем терпимо». З гэтай нагоды быў смех у сацыяльных сетках. Людзі пыталіся, а каго ён меў на ўвазе? Відаць, толькі сябе і клан сваіх прыслужнікаў. А некаторыя карыстальнікі з гумарам заяўлялі: «Мы согласны, как и они, терпеть!»

У дэмакратычных краінах жыццё будуецца знізу — на грунце няўхільнага выканання заканадаўства, народнай ініцыятыўнасці, свабоднага прадпрымальніцтва, самадастатковасці грамадзян, таму яно не тузаецца, а спакойна і стабільна развіваецца. Што тычыцца беларускай «терпимой жизни», то яна навязана зверху і сціснута «абдымкамі» безлічы кантралёраў. Натуральна, у такім выпадку спачатку абслугоўваюцца вярхі і іх памагатыя (за мінулы год зарплата дзяржаўных чыноўнікаў вырасла на 37%), а «нармальным людзям» перападае тое, што застанецца, прытым у выглядзе ўраўнілаўкі.

У маім разуменні боўтанне ў аўтарытарным балоце — гэта наша пастаяннае і амаль заўсёды безвыніковае змаганне за тое, што грамадзяніну павінны гарантаваць Канстытуцыя і законы, гэта пераадоленне бязглуздых інструкцый, падінструкцый, правілаў, прыдуманых чыноўнікамі, гэта бясконцае абсмоктванне ў размовах, якія вядуцца ў чэргах магазінаў, рынкаў, аптэк, неадэкватных дэкрэтаў і ўказаў, любых абсурдных рухаў улады.

Нам прапануюцца графікі дынамікі росту, у тым ліку і сярэдняй зарплаты ў Беларусі. Што дае такі безасабовы падыход? Як кажуць, сярэдняя тэмпература па бальніцы нармальная. А вы пацікаўцеся, якія зарплаты ў працаўнікоў сельскай гаспадаркі, у шараговых бюджэтнікаў? Але нават агульныя статыстычныя дадзеныя паказваюць не толькі таптанне на месцы, але і за апошнія пяць гадоў — значны адкат.

Улада па некалькі разоў звяртаецца да адной і той жа эканамічнай праблемы, але рашыць яе ніяк не можа. Гэта ганебная традыцыя, якой абураюцца неабыякавыя грамадзяне.

Крадзеж бюджэтных грошай стаў не выключэннем, а нормай. Карупцыйныя скандалы цягнуцца гадамі, але канфіскацыя накрадзенага адбываецца выбарачна і нячаста. Злодзеі, жулікі ў судовых клетках не перажываюць, яны ўсміхаюцца і пляваць хацелі на нас — сумленных людзей.

Нават тыя, у каго, як паўтараецца з трыбун, «горячее сердце» і «чистые руки», маюць мільёны долараў у афшорах, салідную нерухомасць дома і за мяжой.

Шмат хто з нас змірыўся з аўтарытарным абсурдам і рабствам, з нахабствам недавучак і няўмекаў, змарыўся адстойваць здаровы сэнс жыцця, прыцерся да абставін, заціснуў крыўду ў кулаку і заціх.

Але ж, акрамя палітычнага фарысейства, прапагандысцкай хлусні, чыноўніцкай імітацыі нібыта карыснай дзейнасці для народа, ёсць яшчэ праўда. Яна тычыцца ўсіх сфер: палітыкі, эканомікі, навукі, аховы здароўя, адукацыі, культуры і абвяргае пахвальбу ўлады. Яе нельга, як пратэстуючага чалавека, што выйшаў на маніфестацыю, нахабна схапіць, кінуць у аўтазак, пасадзіць за турэмныя краты. Яна вечна застаецца на свабодзе і будзіць сумленне. Безумоўна, тады, калі яно ў чалавека ёсць.

Больш таго, праўда ў канчатковым выніку бярэ верх над хлуснёй і цемрашальствам, што засведчана гісторыяй. З гэтай неаспрэчнай ісціны трэба сыходзіць сёння, разважаючы над уласным жыццём і доляй Беларусі, будуючы планы на перспектыву...

Што лепш: боўтацца ў аўтарытарным балоце, трываць з дня ў дзень гвалт і знявагі або рашыцца на перамены, якія прывядуць да лепшага жыцця? Многім беларусам, што без сумніву ставяць сябе ў шэрагі патрыётаў, у сапраўднасці ў час выбараў і ў звычайныя дні не хапае любові да Айчыны, годнасці, смеласці і элементарнай (нават пачатковай!) палітычнай культуры.

Але як бы «суперпамяркоўны» люд ні сабатаваў сваю адказнасць за лёс краіны, ні хітраваў, адцягваючы прыход моманту ісціны, ён абавязкова настане.

Сяргей Законнікаў, «Свободные новости плюс»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]