Прыма Купалаўскага тэатра падзялілася прафесійнымі і асабістымі планамі.
Прыма Купалаўскага тэатра Валянціна Гарцуева ўжо на працягу дзесяцігоддзя іграе вядучыя ролі ў спектаклях, а таксама знялася ў дзясятках фільмаў. У інтэрв'ю газеце «Звязда» актрыса расказала, як знакамітае прозвішча можа ўскладніць жыццё, а таксама падзялілася прафесійнымі і асабістымі планамі.
— Валянціна, сёння, напэўна, не ўсе гледачы ў тэатры ведаюць, што вы — прадстаўніца адной з самых знакамітых тэатральных дынастый…
— Свайго прадзеда, Глеба Паўлавіча Глебава, які стаў акцёрам Купалаўскага тэатра ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, я ведаю толькі па аповедах, кнігах, відэаспектаклях. Яго малодшая дачка і мая бабуля Вольга Глебаўна, выдатная піяністка, канцэртмайстар, была цудоўным чалавекам і для мяне вельмі шмат зрабіла. Калі я нарадзілася, мае бацькі, маладыя акцёры, мелі шмат работы ў тэатры. І бабуля рабіла ўсё, каб са мной займацца. Яна, напрыклад, вадзіла мяне «на музыку». Мне падабаліся духавыя музычныя інструменты. І я вырашыла, што хачу іграць на флейце. Праўда, музычную школу я так і не скончыла…
Маім вялікім сябрам быў і дзядуля, Валянцін Сяргеевіч Белахвосцік, таксама ў свой час акцёр Купалаўскага тэатра. Мне яго часта не стае. У дзядулі і бабулі дзве дачкі: старэйшая — мая мама Зоя Белахвосцік, актрыса Купалаўскага тэатра, і малодшая, мая цётка, Надзея Белахвосцік, яна журналіст. Сям'я вельмі творчая, хоць і не ўсе акцёры. Звычайна чалавек здольны ўлюбіцца ў тое, што бачыць вакол, калі гэта прыносіць яму нейкае задавальненне, таму я з дзяцінства ведала, што буду актрысай.
— Купалаўскі тэатр вашага дзяцінства, які ён?
— Мяне часта бралі з сабой бацькі, якія ледзь не кожны дзень ігралі ў спектаклях. Тады ўсё тут было крыху па-іншаму. У старых тэатрах заўсёды накопліваюцца нейкія прадметы, рэчы: частка рэквізіту, старая мэбля, канапы. Я іх добра памятаю. Усе вакол — акцёры, рэквізітары, касцюмеры — імкнуліся мяне чымсьці заняць, нешта паказвалі. Было шмат акцёрскіх дзяцей майго ўзросту ў той час, і ў нас была выдатная кампанія. Канешне, я тады не ўспрымала тэатр у нейкім высокім сэнсе. Я глядзела спектаклі, нават дарослыя, але ўсё роўна бацькі заставаліся для мяне мамай і татам.
— Яны заўсёды пакідалі права выбару за вамі?
— Так. Яны мне толькі раілі штосьці. Натуральна, гэта была іх ідэя, каб я паступала ў тэатральную школу. Для гэтага летам трэба было здаваць іспыты: песню, танец, рускую і беларускую літаратуру — урывак, байку, верш… Зразумела, у трынаццаць гадоў на канікулах мне хацелася гуляць, а не нешта вучыць. Тады, памятаю, бацькі сур'ёзна размаўлялі са мной: Валя, калі ты хочаш стаць актрысай, павінна папрацаваць над сабой, прымусіць сябе. Я вельмі ўдзячная ім за гэта.
Сістэма выкладання ў школе вельмі падобная на тую, што была ў нашай тэатральнай акадэміі: спачатку ўрокі, а пасля тэатральнае майстэрства. Нягледзячы на тое, што я тэатральнае дзіця, вельмі саромелася і не магла займацца з бацькамі, таму школа мне моцна дапамагла. Шчыра прызнацца, бацькі мяне ўвогуле не рыхтавалі да паступлення ў тэатральную акадэмію. Нашмат пазней мне стала лёгка працаваць з бацькам як з рэжысёрам (Аляксандр Гарцуеў — мастацкі кіраўнік Тэатра беларускай драматургіі. — Аўт.) і адрозніваць, дзе сям'я, а дзе прафесія.
— Прыходзілася сутыкацца з прадузятымі адносінамі, калі вас успрымалі як дачку акцёраў?
— Ад гэтага ціску я пазбавілася літаральна нядаўна. Гэта не значыць, што ён быў, — я сама развіла ў сабе такі комплекс. Мне здаецца, сярод студэнтаў у акадэміі хадзілі нейкія размовы, маўляў, ну, зразумела, у яе ж тата і мама. А ў тэатры ўсё больш сур'ёзна, там ніколі з такім не сутыкалася. Мне самой ніколі не хацелася засмучаць бацькоў, было настолькі страшна зрабіць што-небудзь не так, калі б усе сказалі, што прырода на мне адпачыла. Не хацелася, каб з-за мяне ўсе дрэнна думалі пра маіх бацькоў-дзядуляў-прадзядуляў. Таму я сябе ўвесь час мучыла: ты павінна працаваць больш і лепш. Не проста мне было справіцца з такой адказнасцю. І зусім нядаўна зразумела, што я ў прафесіі толькі таму, што хачу працаваць і мне гэта падабаецца. І я нікому нічога не павінна.
— Бацькі за вашымі спектаклямі сачылі з самага пачатку?
— Канешне. Першы раз я працавала з бацькам на чацвёртым курсе тэатральнай акадэміі, калі ў нас пачаліся пастаноўкі дыпломных спектакляў. Адзін з іх паставіў мой тата. Спектакль называецца «Хам», па той жа п'есе, што ідзе зараз у Купалаўскім тэатры. Безумоўна, гэта два розныя спектаклі. Але тая работа, якую ён правёў са мной у акадэміі, аказалася вельмі грунтоўнай базай для цяперашняй ролі. Яе можна параўнаць з чатырма гадамі навучання. Для маладога акцёра гэта вялікая карысць і падарунак — адразу сутыкнуцца з такім глыбокім і складаным персанажам. У гэтым сэнсе мне сапраўды пашчасціла: я ніколі не сядзела і не чакала роляў. У мяне добрая занятасць і сапраўды шмат роляў.
— Адчувалі, што вам ад бацькі-рэжысёра дастаецца больш за астатніх?
— Гэта было цалкам відавочна. Ён жа верыў у мяне і ведаў, што я магу ўсё рабіць лепш. А вера для акцёра вельмі важная, праўда, гэта я цяпер разумею. А тады перажывала, што ён цісне на мяне больш, чым на іншых, вельмі з-за гэтага расстройвалася. Такое вось дзіцячае было ўспрыманне. Зараз падчас рэпетыцыі я магу ціснуць на сябе сама, для гэтага мне ўжо хапае вопыту і разумення. А тады быў нават не ціск, ён проста працаваў са мной, вучыў. Таму для мяне ён не толькі бацька і рэжысёр, а яшчэ і выдатны педагог.
— У каго з бацькоў навучыліся большаму?
— За мамай я больш назірала. Мне заўсёды было цікава, што яна робіць як актрыса. Мама мяне натхняла, а бацька даваў практычныя парады.
— У тэатры ў вас у асноўным станоўчыя, калі не сказаць, гераічныя ролі…
— У пастаноўках адмоўных персанажаў увогуле няшмат. Вось у «Хаме» ёсць складаны характар, з неадназначнымі рысамі. Франка вельмі няпросты персанаж, актрысе трэба добра разумець, што з ёй адбываецца, і ўсё роўна гэта не залог поспеху. А так у маім рэпертуары пераважна гераічныя і драматычныя дзяўчаты. Яны ўсе розныя: Ніна Зарэчная ў «Чайцы», Ганна ў «Людзях на балоце», Паліна ў «Нямым». Але ўсе светлыя. Вось у кіно мяне выкарыстоўваюць па-іншаму. Там сыграла шмат адмоўных персанажаў. Ад каранёў валасоў да кончыкаў пальцаў — абсалютнае зло.
— Складана іх сыграць?
— Мне заўсёды няпроста. Над усім я шмат думаю, аналізую. У кіно, асабліва ў серыялах, патрэбныя такія полюсы — чорнае і белае. Там заўсёды ёсць жанчына, якая сапсуе жыццё галоўнай гераіні. І на маю долю выпала шмат такіх роляў. Але калі ў героя за яго дрэннымі ўчынкамі ўнутры ёсць уласная праўда, ён разумее, чаму гэта робіць, тады ён не здаецца такім жахлівым. Ты ж не можаш іграць зло. Ты павінен шукаць, дзе твая праўда, чаму ты — зло. Калі ў тэатры ў гэтым плане ёсць дзе разгарнуцца, то ў фільме ў цябе ўсяго пяць сцэн. І нават калі ты прыдумала сабе перадгісторыю, вельмі невялікая верагоднасць, што паспееш яе ўвасобіць. Звычайна я не вельмі задаволеная сабой у фільмах. Адна з тых карцін, дзе я сабе больш-менш падабаюся, — «Участак лейтэнанта Качуры». Я там іграю следчага, які дапамагае ўчастковаму разблытваць складаныя і страшныя справы: пра наркотыкі, падлеткаў. Мяне захапіла работа, дынамічны сцэнарый, я сачыла за гісторыяй, і было цікава іграць.
— Якую работу нядаўна скончылі ў кіно?
— Я вось думала, чаму я ніколі не здымалася ў такога выдатнага рэжысёра, як Аляксандр Яфрэмаў, вельмі хацелася з ім папрацаваць. І так атрымалася, што трапіла ў яго фільм «Фламінга», які пакуль яшчэ не выйшаў на экраны, але работу мы амаль скончылі. На днях паглядзела свае сцэны, і мне спадабалася. Фільм вельмі добры, з прыгожым фіналам. Мне радасна бачыць маіх калег, беларускіх акцёраў, у добрых ролях. Іх праца мяне натхніла.
— Ці складана ўвогуле знаходзіцца ў творчым калектыве, дзе кожны — таленавітая асоба?
— У нашым тэатры вельмі добрыя акцёры, і мне ў гэтым плане пашчасціла. З усімі лёгка, хоць усе працуюць па-рознаму. Ніхто ніколі не падманвае, не робіць выгляд, што працуе. І гэта вельмі важна, калі творчыя людзі робяць сваю справу ў поўную сілу. Тут заўсёды было так заведзена, і напэўна, у гэтым і крыецца поспех Купалаўскага тэатра.
— Паўлінка — амаль ваш сямейны спектакль…
— Так, у ім іграў мой прадзядуля, мама. Я іграла, праўда, не доўга — гады тры. Вельмі хвалявалася заўсёды. Спектакляў ва ўсе часы было шмат. Калі я іграла, было яшчэ дзве актрысы акрамя мяне на ролю Паўлінкі. А мая мама іграла адна. Я цікавілася, як гэта ў яе атрымлівалася. Там велізарная нагрузка, вельмі важна, каб актрыса аддавала шмат энергіі.
— Што адказвала мама?
— Такая прафесія. Асабіста ў мяне «апетыт» прыходзіць «падчас яды». Вось ведаю, што праз дваццаць хвілін будзе спектакль, а ў мяне няма энергіі, сіл, каб выйсці на сцэну. Але пачынаецца пастаноўка, я выходжу — і сілы з'яўляюцца.
— Зала натхняе?
— Яна вельмі розная бывае. Сёння гучная, адразу рэагуе, а заўтра на тым жа спектаклі — поўная цішыня. Гэта не значыць, што гледачам не падабаецца, яны проста па-іншаму ўспрымаюць. Я не знайшла гэтаму тлумачэнне: як так здараецца, што 350 чалавек рэагуюць, як адзіны арганізм. Уключыць, завесці залу — гэта наша задача. Глядач нам нічога не павінен… Увогуле ў акцёрстве нельга стамляцца ад прафесіі. Калі такое адчуванне з'яўляецца, гэта вельмі дрэнная прыкмета.
— З вамі такое здараецца?
— Канешне, бываюць розныя моманты. Бывала, што ненавідзела сябе ці проста была незадаволеная. І заўтра такое зноў можа здарыцца. Праўда, я ніколі не апускаю рукі, не думаю, што трэба сыходзіць з прафесіі. Я вельмі давяраю сваім бацькам, ведаю, што яны мяне любяць. І калі б мае бацькі ці чалавек, якога я кахаю, сказалі б мне: ты ведаеш, ты вельмі дрэнная актрыса, я б сышла з прафесіі. Веру, што дзеля маёй карысці Яны не сталі б маўчаць.
— Дарэчы, ваш каханы чалавек — нямецкі акцёр Жан-Марк Біркхольц — не збіраецца звезці вас да сябе на радзіму?
— Мы хочам жыць там, дзе будзем сапраўды шчаслівыя. Жан-Марку падабаецца ў Беларусі. А я вельмі люблю Купалаўскі тэатр.