Гісторык і журналіст «Народнай Волі» Васіль Герасімчык выдаў кнігу «Канстанцін Каліноўскі: асоба і легенда».
Аўтар зазначае, што робіць акцэнт на дробязях: «Як жыў Каліноўскі, што ёў, чым хварэў, што бачыў. Вакол яго заўсёды было нямала жанчын, але кахаў ён Марыську чорнаброву, галубку сваю», паведамляе «Радыё Свабода».
Прэзэнтацыя адбылася ў Горадні ў цэнтральнай гарадзкой бібліятэцы імя Андрэя Макаёнка.
Чаму Канстанцін, не Кастусь?
Аўтар кнігі Васіль Герасімчык называе Каліноўскага Канстанцінам. Чаму? Ён тлумачыць: Кастусь — імя больш сваё, роднае, так ствараўся вобраз для сялян, каб яны змаглі адчуць крэўную сувязь зь ім. Але каб з павагай, то варта называць яго так, як называлі родныя. Не зважаючы, што сам Герасімчык сутыкнуўся са сьведчаньнем, што ў ваколіцах Сьвіслачы сяляне, удзельнікі таго паўстаньня, называлі яго Кастусём. «Была такая легенда напачатку 1920-х гадоў, што ён змагаўся чамусьці з палякамі за сялян, Кастусь. Гэта своеасаблівы міт», тлумачыць аўтар.
25 дзяцей бацькі Каліноўскага
Герой кнігі быў названы ў гонар сына сьвятара мастаўлянскай царквы Сымона Крукоўскага, якога звалі Канстанцінам. Сям’я Каліноўскіх падтрымлівала добрыя стасункі з гэтым сьвятаром.
Васіль Герасімчык вырашыў наведаць радзіму Каліноўскага. Летась у лістападзе даехаў да Беластоку, затым да Ялоўкі, агледзеў старыя каталіцкія могілкі і адтуль пешшу, атрымалася больш за восем кілямэтраў, прайшоў шляхам, якім сям’я Каліноўскіх езьдзіла ў касьцёл са сваіх Мастаўлянаў (дзе была раней уніяцкая царква). Сьлядоў магіл знайсьці не атрымалася. Між тым, у бацькі Каліноўскага ад адной жонкі было 10 дзяцей і яшчэ 15 — ад другой. Усяго ў Сымона Каліноўскага, такім чынам, было 25 дзяцей. Хаця ён сам гаварыў толькі аб 22, таму што паміралі дзеці, кажа Васіль Герасімчык.
Дзецюкі, вы — літоўцы!..
Васіль Герасімчык зьвяртае ўвагу на ненадрукаваны нумар «Мужыцкай праўды». Ён захаваўся. Быў напісаны ад рукі 22 кастрычніка 1862 году, «у той час, калі ўзьніклі спрэчкі з палякамі». «Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі... Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а вы то называецеся літоўцы», сьцьвярджаецца ў ненадрукаванай «Мужыцкай праўдзе».
Складвалася ўражаньне, што ён быў супярэчлівай асобай, прызнаецца Васіль Герасімчык. Але, працуючы над кнігай, ён зразумеў адну простую ісьціну, што калі мы гаворым пра іншых людзей, мы гаворым гэта так, як мы бачым самі, са свайго пункту погляду ўспрыманьня рэчаіснасьці. І ўвогуле — бачым тое, што мы хочам бачыць:
«Для мяне самога ўласная кніга паспрыяла разуменьню таго, як Канстаньцін Каліноўскі напярэдадні сваёй сьмерці прыйшоў да важнага ўсьведамленьня. Што гэтыя людзі, сярод якіх ён выхоўваўся, якіх спрабаваў зразумець, інтарэсы якіх спрабаваў адстойваць, што няхай дзесьці яны літоўцы, але ў „Лістах з-пад шыбеніцы“, на маю думку, ён прыйшоў да разуменьня таго, што гэта мужыкі беларусы. У выніку ён ахвяраў сваё жыцьцё народу, нараджэньне якога падсьвядома адчуваў».
Васіль Герасімчык разумее, што кніга можа выклікаць пытаньні. Напрыклад, ён піша адкрыта, што ў сям’і Кастуся карысталіся польскай мовай, ён выхаваўся на польскай культуры, «але ўзрасьціў у сабе разуменьне таго, што ён — частка гэтага мужыцкага люду». І кніга менавіта аб тым, «як гэтае разуменьне вырастала ў ім».
Паляк, літовец, беларус?
Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук на прэзэнтацыі зазначыў: Тое, што малады аўтар ўзяўся за такую тэму, з аднаго боку, добра. Але неабходна сказаць пра адказнасьць: трэба быць падрыхтаваным, у тым ліку маральна і псыхалягічна, таму што асоба Каліноўскага — вельмі важная для беларускай памяці. Ён параіў аўтару ставіцца да сябе крытычна. І выказаў спадзяваньне, што з часам цяперашняя кніга, у якой 228 старонак, перарасьце ў больш салідны том.
Алесь Смалянчук таксама зьвярнуў увагу на тое, што ня варта супастаўляць літоўцаў і беларусаў у тэкстах Каліноўскага. Бо гэта была сьвядомасьць іншага ўзроўню, ня наша сёньняшняя нацыянальная.
«Літоўцы — гэта магло разумецца як нейкі палітонім, як прыналежнасьць да той вялікай гістарычнай Літвы. А беларусы — гэта ўжо этнонім. Адным словам, можна было тады адчуваць сябе і літоўцам, і адначасна беларусам».
Каб зразумець Каліноўскага, вельмі важна зразумець ідэйны кантэкст той эпохі, што было важна ў сьвядомасьці для жыхароў тагачаснай Беларусі, зазначае вядомы гісторык:
«Ва ўсім гэтым жыў Каліноўскі, варыўся, і там яго сьвядомасьць фармавалася. Бо гэта не чалавек эпохі нацыянальна-культурнага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя, калі ўсё стала больш відавочным: я беларус, ён — паляк. А тут можна было быць палякам і беларусам і літоўцам у адной асобе». Пасьля паўстаньня Беларусь апынулася перад наступленьнем эпохі нацыяналізму, якая пачала вельмі моцна мяняць сьвядомасьць людзей, падсумоўвае Алесь Смалянчук.