Прыстойным людзям нельга удзельнічаць у пашырэнні прыкрага міфа, што нашы паэты самі сябе паздавалі.
«Пасля адказу Мінадукацыі на мой адкрыты ліст з асаблівай агідай чытаю ад прыстойных людзей словы кшталту «яны там усе самі сябе паздавалі» ў дачыненні да беларускіх пісьменнікаў міжваеннага часу, — піша Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў Фэсбуку.
Па-першае, не ўсе. Дакументальна вядома, што ані Адам Бабарэка, ані Уладзімір Дубоўка не пакінулі ніводнага сведчання, якое можна кваліфікаваць як данос. Невядома мне, каб каму-небудзь пашкодзіла хаця б слова, напісанае Феліксам Купцэвічам, Уладзімірам Жылкам, Васілём Шашалевічам.
Па-другое — не «паздавалі». Асабліва ў паказаннях 1930х гадоў, калі яшчэ не ўжываліся да людзей нялюдскія катаванні (калі не лічыць катаваннямі псіхалагічны ціск, невыносныя ўмовы ў камерах і шматдзённыя канвееры, якія практывалася ўжо і ў трыццатым), яскрава бачна, як выкручваліся людзі, каб толькі «выгарадзіць» ці схаваць дарагіх ім сяброў. Аднойчы нехта напісаў мне: «Дудар здаў Маракова». Чорт, я тысячу разоў перачытала ўсе вядомыя паказанні Дудара, а потым шчэ і набрала іх сваімі рукамі для Выбраных твораў. Ён не здае Маракова! Наадварот! Ён піша, што не пасвячаў сябра ў свае нацдэмаўскія справы, бо лічыў яго надта маладым і глупым.
У тых жа паказаннях ён піша пра Янку Купалу, што рэдка бываў яго дома і ніколі не чуў, каб там вяліся нацдэмаўскія гутаркі. Хаця мы ведаем з пазнейшых успамінаў: бываў, і часта, і вяліся! Ані словам не згадвае Дудар галоўнага нацдэма ў сваім жыцці — Уладзіслава Галубка, суседа па доме, з якім — дзверы ў дзверы, які і выхаваў у ім непахісную беларушчыну. Нават у жудасных пратаколах 1937 года бачна, як яны ўпіраліся, як стараліся нагаварыць абы чаго, і не сказаць — галоўнага. Дарма, ці што, пратаколы тыя напісаны нібыта пад капірку? Каб яны здавалі адзін аднаго — ці была б у гэтым патрэба?
Па-трэцяе — не «самі сябе». Нават з апублікаваных дакументаў вядома, што з 1926 года ўсе паэты і пісьменнікі знаходзіліся пад пільнай увагай ГПУ: чаго вартыя адны толькі службовыя запіскі сакрэтнага агента Ульянава (хі-хі), апублікаваныя Р. Платонавым, які і ў 1926, і ў 1927 годзе настойліва рэкамендаваў ворганам заняцца Дударом, Пушчай, Бабарэкай як людзьмі з выразна нацдэмаўскімі настроямі.
Відавочна, што нехта (ну зразумела, хто) паслядоўна і метадычна стварае гэты вобраз: яны там самі сябе паздавалі», множачы без канца гэты прыкры міф сярод нас.
Усім, хто бачыў справы арыштаваных у 1937, вядома: шмат якія лісты чытаць і глядзець проста не даюць, яны закрыты белымі плотнымі канвертамі, дый чытанне заўсёды адбываецца пад пільным позіркам супрацоўніка КДБ. З іх жа намёкаў вядома, што пад тымі канвертамі нібыта — даносы тых пісьменнікаў, якія перажылі трыццатыя. Так, я думаю, і яны там ёсць. Але не толькі яны.
Вынікам існавання і пашырэння гэтага міфа з'яўляецца простая такое ўяўленне: ну правільна! Што было рабіць нкусаўцам, цераз аднаго — прышлым, чужым на Беларусі, як толькі не пастраляць усю гэтую хеўру, якая зусім страціла чалавечыя якасці, здаючы адзін аднаго? Бязвінны і пушысты НКУС, прыўкраснае, спрацаванае, стомленае ГПУ — яны толькі прывялі ў выкананне выракі ,якія людзі павыносілі самі сабе.
Я думаю, гэта ўсё — штучна і свядома створаны міф, штучна і свядома створаная ўпэўненасць.
Так, сярод пісьменнікаў былі і сэксоты, і даносчыкі, былі так званыя «літаратурныя эксперты НКУС», якія рабілі літаратурны аналіз твораў тых, каго трэба было пасадзіць. Імёны гэтыя вядомыя з успамінаў, з эмігранцкай прэсы, але я пакуль не буду іх называць, бо не хапае ўсё ж дакументальных сведчанняў.
Але іх было на парадак менш, чым тых, хто з усіх магчымых чалавечых сіл — сыходзячы з характара, трываласці, у рэшце рэшт, уласнага парогу фізічнай болі, які можа перанесці чалавек — імкнуліся застацца людзьмі, за што і палеглі.
І я думаю, што прыстойным людзям нельга далей ўдзельнічаць у пашырэнні, прапагандаванні, наогул — стварэнні для іншых людзей гэтага прыкрага і несправядлівага міфа пра тое, як нашы паэты самі сабе паздавалі — а бальшавікі вымушаны былі іх, так і быць, пастраляць.
Я і для сябе ад сёння стаўлю такую забарону», - напiсала Ганна Севярынец.