Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Народны» помнiк Тадэвушу Касцюшку будзе ўсталяваны ў Мерачоўшчыне

03.02.2018 общество
«Народны» помнiк Тадэвушу Касцюшку будзе ўсталяваны ў Мерачоўшчыне

Беларусы сабралi грошы на помнiк нацыянальнаму герою.

У лютым у доме-сядзібе самага вядомага ў свеце ўраджэнца Беларусі, якому гэтымі днямi споўнiцца 272 гады, будзе ўсталяваны «народны» помнік, пiша «Вечерний Брест».

Бронзавы Тадэвуш Касцюшка вышынёй 2,2 м левай рукой прыціскае трывуголку, а ў правай трымае шаблю. Па задумцы аўтара Геніка Лойкі (на фота), скульптура сімвалізуе любоў да Айчыны і гатоўнасць яе абараняць. Гэта, дарэчы, не першы падобны твор вядомага беларускага скульптара, пераможцы конкурсу на стварэнне помніка Францыску Скарыне ў Кішынёве, аўтара праекта новых скульптур у парку Янкі Купалы ў Мінску.

Эскіз помніка быў ухвалены экспертна-мастацкай радай пры Брэсцкім аблвыканкаме і ў Міністэрстве культуры. Па рашэнні Івацэвіцкага райвыканкама ён будзе прыняты на баланс аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўзбагаціць фонды музея-сядзібы ў Мерачоўшчыне.

Планаванася, што помнік Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне будзе адкрыты 4 лютага - у дзень нараджэння героя. Аднак крыху не паспелі. Гэтымі днямi помнік мяркуецца прывезці з Украіны, дзе ён выраблены. На гэта дадзены дазвол Міністэрства культуры Беларусі.

Па сутнасці, першы ў Беларусі помнік Касцюшку справядліва называюць «народным» праектам. Ён адбыўся па ініцыятыве грамадскасці пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, Брэсцкага аблвыканкама і Івацэвіцкага райвыканкама. Рэалізавалi яго на дзіва хутка: менш чым за паўгода.

22 тыс. рублёў, неабходныя на выраб помніка, былі сабраны за некалькі месяцаў. Каля 700 чалавек ахвяравалі ўласныя сродкі, па 5-10 рублёў. І толькі адзін чалавек, прозвішча якога невядома, зрабіў значны ўклад (3 тыс. рублёў).

«Каталізатарам у гэтай справе, - расказвае ініцыятар праекта, журналіст і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка, - стала ўсталяванне помніка Касцюшку ў швейцарскім Залатурне, на месцы ягонай смерці. Лагічна, каб і на месцы нараджэння быў помнік, праўда? Палякаў тады абурыла нашае жаданне пазначыць на шыльдзе, што Касцюшка "сын Беларусі". Але для мяне гэта момант адназначны: усе людзі, якіх дала беларуская зямля, - сыны і дочкі Беларусі. Гэта не нацыянальнасць, гэта сведчанне Радзімы. Ён лічыў сябе ліцвінам, сынам Вялікага Княства Літоўскага. Сёння зямля, дзе ён нарадзіўся, завецца Рэспубліка Беларусь. Ніхто ж не будзе аспрэчваць нашыя дзяржаўныя межы? Але фармулёўка "сын Беларусі" не замінае лічыць Тадэвуша Касцюшку таксама нацыянальным героем Польшчы, ЗША, Францыі, Літвы. Для нас гэта дадатковая нагода для гонару: вось, якога чалавека дала нашая зямля. Мы не дзелім Касцюшку з нашымі братамі-палякамі, ён - наш агульны герой. Мы ставім гэты помнік не на злосць некаму, а найперш для сябе. Каб мы маглі прывесці сюды сваіх дзяцей і сказаць ім: "Нам ёсць кім ганарыцца"».

Каб устанавіць помнік Касцюшку, засталося даставіць яго з Украіны і зрабіць падмурак. У Брэсцкім аблвыканкаме падказалі і месца, дзе лепш яго размясціць: ля ўваходу ў дом-музей, дзе ён будзе сустракаць наведвальнікаў.

Дарэчы

У свеце каля 200 помнікаў Тадэвушу Касцюшку. У некалькіх гарадах (у тым ліку ў Чыкага і Кракаве) гэта конная скульптура. Адным з самых велічных лічыцца помнік у ЗША ля крэпасці Вест-Пойнт, дзе цяпер знаходзіцца амерыканская Ваенная акадэмія. Там фігура Касцюшкі ўзвышаецца на высачэзнай калоне. А самы дзіўны - пастаўлены раней у Залатурне (Швейцарыя) у стылі сучаснага мастацтва.

У Беларусі помніка Тадэвушу Касцюшку няма. Калі не лічыць бюст на тэрыторыі амерыканскай амбасады ў Мінску і яшчэ адзін у в. Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёна, куды ён быў перавезены з Кобрына (дзе захоўваўся ў запасніках музея Суворава).

P.S. 4 лютага ў Мерачоўшчыне адбудуцца ўрачыстасці з нагоды 272-й гадавіны з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. У 10.00 пачнецца служба ў касцёле Святой Троіцы, дзе яго калісьці хрысцілі. У праграме таксама ўскладанне вянкоў да памятнага знака, экскурсія па музею-сядзібе і адкрыццё выставы «Тадэвуш Касцюшка. Цана свабоды» ў палацы Пуслоўскіх.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]