Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Барыс Кіт: Не здавацца, а рабіць сваю справу незалежнасці!

04.02.2018 политика
Барыс Кіт: Не здавацца, а рабіць сваю справу незалежнасці!

Запавет вялікага беларуса.

«У жніўні 2015 года я толькі скончыў другі курс універсітэту. Патрапіць да Барыса Кіта здавалася задачай амаль немагчымай. Ён жа чалавек, які ведаў людзей, пра якіх напісалі больш кніг, чым я прачытаў за ўсё жыццё!», - піша журналіст «Салідарнасці» Валер Саўчук.

«Барыс Кіта (літара «А» потым недзе згубілася) нарадзіўся 24 сакавіка (6 красавіка па новым стылі) 1910 году ў Пецярбургу ў сям'і паштовага служачага.

За сваё доўгае жыццё ён паспеў:

– скончыць Наваградскую беларускую гімназію;

– павыкладаць у Віленскім універсітэце;

– папрацаваць у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе і Таварыстве беларускай школы;

– быць тройчы арыштаваным: двойчы палякамі і аднойчы гестапаўцамі;

– стаць адным з заснавальнікаў беларускай калоніі ў Саўт-Рыверы;

– наведаць пяць кантынентаў;

– вывучыць не менш за пяць моваў;

– адкрыць, што вадарод можна выкарыстоўваць як паліва для ракетаў;

– суправадзіць перадачу відэасігналу з першай пасадкі чалавека на месяц (падчас якой Армстранг прамовіў свой знакаміты афарызм);

– павыкладаць для амерыканскіх вайскоўцаў у Нямеччыне;

– здзесніць спробу заснавання Нацыянальнага ўніверсітэта ў Беларусі;

– стаць акадэмікам і прафесарам шматлікіх акадэміяў і ўніверсітэтаў;

– і, урэшце, застацца беларусам.

Летам 2015 года мне праз трэція рукі ўсё ж удалося знайсці ягоны тэлефон.

– Добрага дня, Барыс Уладзіміравіч! Мы з маёй сяброўкай будзем у Франкфурце ў сваякоў, ці можна да вас завітаць?

– Так, вядома!

Знайшлі патрэбны будынак – габрэйскі дом састарэлых у ціхім завулку. Барыс Кіт чакаў нас у сваім нумары. Ва ўзросце 105 год у яго была з большага ў парадку як доўгачасовая, гэтак, надзіва, і кароткачасовая памяць. Чыстая і мяккая беларуская мова дакладна была лепшай за маю цвердаватую постсавецкую.

Доўга распытвалі пра ягонае доўгае жыццё. Як Барыс Кіт быў членам Беларускай Грамады і за тое быў арыштаваны. Як быў паўторна арыштаваны па справе Таварыства беларускай школы. Як працаваў дырэктарам навучальных установаў падчас нямецкай акупацыі, а пасля ў чарговы раз быў арыштаваны гестапа за дапамогу партызанам.

– Я жыў і паміраў за Беларусь, – казаў Барыс Кіт.

Распавёў, як пераехаў у ЗША, як першым апублікаваў справаздачу, у якой даводзілася, што пара плыўкі вадарод-кісларод можа быць выкарыстаная як паліва для ракетаў. Гэта, у тым ліку, зрабіла магчымым адно з найбольшых дасягненняў чалавецтва – высадку на месяц...

– Вы засталі мяне ў апошні момант. Я ўжо не хачу жыць. Я троху стаміўся, – раптам прызнаўся Барыс Уладзіміравіч.

Ён пазнаёміў нас з Тамарай Казевіч, сваёй жонкай – прыгожай 80-гадовай жанчынай з блакітнымі вачыма, дабрадушнай і вельмі элегантнай.

На развітанне Барыс Кіт сардэчна падзякаваў за прыезд, накарміў і падараваў нам падушку з выявай «Пагоні». Мы папрасілі сказаць нешта беларусам.

– Не здавацца, а рабіць сваю справу незалежнасці! – такім быў заклік Барыса Кіта, з якім 1 лютага адыйшла цэлая эпоха».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]