Нячыстае бальшавіцкае сумленьне перад БНР.
Сто гадоў мусоляць, жуюць сваю жуйку з тэлеграмай Рады БНР кайзэру Вільгельму. Сто гадоў яна ў іх у якасьці «вещдока». Толькі што косьці не ламаюць больш, не зьнішчаюць у ГУЛАГу, не страляюць у патыліцу.
Колькі можна, таварышы?! Вы ў які час жывяце? Зірніце за вакно: 2018 год!
Гэтыя ўсе «чорныя шары», яны — з-за Крамлёўская сьцяны нібы. Бо сутнасьць іх — нячыстае бальшавіцкае сумленьне перад БНР. Хоць сёньня шпурляюць самі грамадзяне РБ, ужо без кіўка з Крамля ці з Лубянкі. Старых мэнтальных хваробаў ніяк ня зжыць! Само сабой: калі не лічыць іх хваробамі, калі ледзь не любіць.
Зрэшты, сёньня гэта бадай хвароба невуцтва, ня больш. Ну давайце разам узгадаем, дарагія таварышы. Канец 1917 году. Усебеларускі зьезд. З Крамля нібы дазволілі. Бо без дазволу нельга было: у Менску гаспадарылі бальшавікі, ён беларусам не належаў. Аднак, калі крамлёўскія глядзелі скрозь пальцы, то на месцы, прысланыя, «праявілі пільнасьць», не цярпелі нічога беларускага. Разагналі. Хаця мова то аб чым была толькі яшчэ? Аб аўтаноміі, аб тым, каб разам з Расеяй. Але ніякай Беларусі не павінна было быць! Ні пад якім соўсам! Так вырашылі на месцы бальшавікі, якім потым у Менску зробяць вуліцы. У падзяку за што?
З часам гаспадары зьмяніліся. Бальшавікі ўцяклі. Менск занялі немцы. Бальшавікі ясна сказалі: ніякай ласкі ад нас чакаць нельга. Ну й «скатертью дорога»! Немцы, што зробіш, аказаліся такімі ж самымі. Выгналі Раду БНР на вуліцу. Акупанты ёсьць акупанты. Што рабіць? У лес, у партызанку сыходзіць? Паспрабавалі наладзіць адносіны.
Даслалі кайзэру тэлеграму. Ён не адказаў. Дзеля важкасьці, сярод іншых падпісаны быў: фон Скірмунт. Вільгельма гэта, аднак, не зацікавіла. А ў Маскве «хай» паднялі. Ая-яй: яны падзякавалі фрыцам, што ад нас, бальшавікоў, вызвалілі! Аднак у тэксьце тэлеграмы ніякія бальшавікі ня згадваюцца, чытаць трэба першакрыніцы, таварышы!
Ня кажучы, уся падзея на ўзроўні: Іван Іваныч напісаў Ёгану Ёганавічу, а той не адказаў. Адкуль жа сыр-бор такі тады? Бо «рыльца ў пушку» было. Толькі-толькі самі ў Берасьці з «гер германішам» шампанскае расьпівалі на брудэршафт, падзяліўшы без беларусаў іхнія землі.
Што да Захаркі і звароту да фюрэра ў 1939-м, дык таксама зазірніце ў падручнік гісторыі. Гітлер акупаваў Прагу. У каго было прасіць, каб беларускім арганізацыям не чынілі перашкодаў? Да каго зьвяртацца? У Лігу нацый? Ці да Сталіна? Але калі на Гітлера яшчэ можна было тады спадзявацца ў такой справе, то на Сталіна — не.
Пасьля пакту Молатава-Рыбэнтропа Вільня стане «раем» для «органаў». Якое поле дзейнасьці! Якое паляваньне на «нацдэмаў»! Са свайго боку мяжы ўсіх, хто меў проста дачыненьне да БНР, пазьнішчалі, цяпер прыйшла пара шчыраваць у Вільні… А якія разьлюбезныя тэлеграмы фюрэру пасылаліся тады з Крамля, ды віншаваньні з днём народзінаў. Судзіць трэба, таварышы, Ёсіфа Вісарыёнавіча, хіба не?
У савецкі час памфлетысты-прапагандысты ў Менску сабаку зьелі на БНР, столькі нашрайбавалі брашурак. Хлебная была тэма. А тэлеграма кайзэру — папросту разынка! Абсмакталі да костак. Аднак сёньня ўжо 2018 год, і непрыемна зьдзіўляе: як у некаторых грамадзян РБ столькі нелюбові да тых, хто сто гадоў назад спрабаваў для іх стварыць беларускую рэспубліку? Чаму вы так ня любіце іх? Нелюбоўю Троцкіх, Мясьніковых, Фрунзэ, ГПУ, НКВД…
Сяргей Астраўцоў, «Радыё Свабода»