Калегі і крытыкі ўспамінаюць выбiтнага актора.
7 лютага памёр народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук, які аддаў тэатру і кіно больш за 60 гадоў свайго жыцьця, зь іх 56 ён служыў у Купалаўскім тэатры. Генадзю Гарбуку было 83 гады, нагадвае «Радыё Свабода». Актора ўспамінаюць калегі і крытыкі.
Пінігін: «Генадзь Гарбук у ролях Васіля і Чарнушкі — гэта цэлая эпоха тэатра»
Мікалай Пінігін, мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру, кажа, што сьмерць такога грандыёзнага, выдатнага артыста, Генадзя Міхайлавіча Гарбука, — гэта вялікая страта для ўсёй краіны, ня толькі для тэатра.
«„Людзі на балоце“, Васіль і Чарнушка — гэта цэлая эпоха тэатра. „Знак бяды“ па Васілю Быкаву — гэта ўвогуле сутнасьць, мэнтальнасьць беларускага мужыка. Як бліскуча Генадзь Гарбук паказаў душу беларуса Петрака! За такія ролі трэба артыстам помнікі пры жыцьці ставіць.
Безумоўна, усе купалаўцы смуткуюць, зразумела, нам цяжка. Смуткуюць і некалькі пакаленьняў гледачоў, бо на сцэне ён больш за 60 гадоў».
Ракіцкі: «Ён быў нібы народжаным для Купалаўскай сцэны»
Вячаслаў Ракіцкі, тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства, прыгадвае, што ўпершыню Генадзя Гарбука ўбачыў на сцэне болей за сорак гадоў таму ва ўжо тады легендарным спэктаклі Барыса Эрына «Людзі на балоце» паводле Івана Мележа.
«І аж да сёньня, заплюшчваючы вочы, я бачу ягонага Васіля Дзятліка — самотнага вясковага хлопца, разгубленага перад несправядлівасьцю жыцьця, які марыць і пра сваю „зямельку“, і пра сваё каханьне, але ня ў стане змагацца за іх. Аж да сёньня я чую ягоны сіпаваты голас, які па-хлапечы зрываўся з высокіх нотаў на басок. Я бачу ягоныя разьведзеныя ў роспачы рукі, якімі ён так дакладна змахваў з твару пот у часе працы», — кажа Вячаслаў Ракіцкі.
Ён быў нібыта народжаным для Купалаўскай сцэны, дзе традыцыйным жанрам дзесяцігодзьдзямі была народная драма. Актор стварыў цэлы шэраг вобразаў вяскоўцаў, кожны зь якіх нёс і нацыянальную вобразнасьць, і адметны індывідуальны характар, але вызначаны ўсё тым жа вясковым укладам жыцьця.
«Выразная народнасьць створаных ім характараў выяўлялася ў непаўторных плястыцы, жэстах, міміцы, інтанацыях, паходцы. А ўзьнікалі яны з глыбокіх унутраных адчуваньняў. У 1970 — 1980-я гады тэатар імя Янкі Купалы адыходзіў ад бытавізму, зьмяняўся і жанр народнай драмы. І Генадзь Гарбук праявіў фантастычную здольнасць працаваць у наватарскіх, пастановачных, філязофскіх спэктаклях Валерыя Раеўскага і Барыса Луцэнкі, пры гэтым не губляючы свайго таленту напаўняць ролі псыхалягізмам, глыбокімі перажываньнямі, захоўваць усё тую ж народнасьць».
Вячаслаў Ракіцкі нагадаў ролі, якія выконваў Гарбук: Сымона ў «Раскіданым гнязьдзе» Янкі Купалы, Андрэя Буслая ў «Парозе» Аляксея Дударава, Кэліна ў «Сьвятая сьвятых» Іона Друцэ, спэктаклях па п’есах Андрэя Макаёнка, сцэнічнай клясыцы купалаўцаў.
Актор да апошніх дзён быў актыўна заняты ў бягучым рэпэртуары, быў у выдатнай творчай форме. Народнасьць і псыхалягічная дакладнасьць былі ўласьцівыя яму і ў ролях у кіно. А роля Петрака ў «Знаку бяды» Міхаіла Пташука паводле Васіля Быкава стала адной зь вяршыняў беларускага кінамастацтва, перакананы Вячаслаў Ракіцкі.
Бабкова: «У яго быў неверагодна сьвежы, чысты, малады голас»
Загадчыца літаратурна-драматычнай часткі Купалаўскага тэатру Вольга Бабкова адзначыла, што калі адыходзіць такая фігура, такі самабытны, вельмі нацыянальны артыст, то сірацее і ўвесь тэатар, сірацее і горад, і ягоная ўлюбёная Вушаччына, сірацеюць і гледачы. Але ён пражыў няпростае жыцьцё, кажа Вольга Бабкова.
«Адна справа — быць легендай, іншая справа — легендзе жыць у звычайным побытавым сьвеце.
Генадзь Гарбук увасобіў на сцэне і ў кіно герояў твораў Уладзімера Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Янкі Купалы, Івана Мележа, Вінцэнта Дуніна-Марцынкевіча, Андрэя Макаёнка, Аляксея Дударава. Але, на думку Вольгі Бабковай, самая вялікая каштоўнасьць Генадзя Гарбука — ягоны голас. Гарбук наагул марыў стаць эстрадным артыстам.
Музыцы яго навучыў вясковы акардэаніст, які граў на трафэйным інструмэнце. У яго добра сьпявалі тата і мама, таму ня дзіўна, што ён такі таленавіты. Бацькі, простыя вясковыя людзі, вельмі ўхвалілі зусім іншы шлях сына.
Я ўспамінаю 2014 год, калі мы адзначалі яго 80-годзьдзе: усю вечарыну, больш за дзьве гадзіны, ён сам сьпяваў. У яго быў неверагодна сьвежы, чысты, малады голас, нягледзячы на ўзрост. Ён сьпяваў цыганскія рамансы (ягоны прадзед быў цыган), песьні з рэпэртуару Аляксандра Вярцінскага, з творчасьцю якога яго пазнаёміў Барыс Ўладамірскі, ён сьпяваў ваенныя песьні, любоўную лірыку.
А як яго любілі купалаўцы! У нас былі два дзядзі Гены — Гарбук і Аўсяньнікаў. Аднаго ўжо няма».
Дудараў: «У Генадзя Гарбука пастаянна балела душа, таму што яна была»
Генадзь Гарбук сыграў у некалькіх п’есах драматурга Аляксея Дударава: «Радавыя», «Вечар», «Парог». Дудараў кажа, што Гарбук бліскуча сыграў ролю Дзерваеда ў «Радавых»:
«Гэта глыбінны беларускі мужык, якога вайна загнала на чужую зямлю і якому трэба было і сваю адбудоўваць, і чужую вызваляць. Яны разам зь Валерыем Філатавым адну ролю ігралі, і Філатаў атрымаў за Дзерваеда Дзяржаўную прэмію СССР. А яе мог атрымаць і Гарбук».
Аляксей Дудараў вельмі шкадуе, што ня быў блізкім сябрам Гарбука, але дужа ўдзячны яму за бліскучае ўвасабленьне герояў сваіх твораў:
«Апошнюю вялікую ролю — Мікіты — ён сыграў у маёй п’есе „Вечар“. Гэта чалавек ня тое што заблытаўся, а жыў, як яму здавалася, правільна, сумленна, толькі не разумеў, чаго ў яго пастаянна душа баліць. А душа балела таму, што яна была.
Ён глыбінны артыст, і той, хто бачыў яго ў ролі Васіля ў „Людзях на балоце“ — шчасьлівы чалавек. Мне, на жаль, давялося пабачыць яго ў даволі сталым узросьце разам зь Ліліяй Давідовіч ва ўрыўку спэктаклю. І тады я адчуў, што гэта было нешта асаблівае і грандыёзнае. Той, хто бачыў Гарбука і кантактаваў зь ім — шчасьлівы чалавек».
***
Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук будзе пахаваны на Алеі зорак на Ўсходніх могілках. Разьвітаньне пройдзе ў Купалаўскім тэатры 9 лютага ад 10-й гадзіны раніцы.