Сёлета спаўняецца 100 гадоў з моманту абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
На замову Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і кампаніі «Будзьма беларусамі!» вядомы беларускі дызайнер, кіраўнік студыі «Адліга» Анатоль Лазар распрацаваў лагатып «Крылы БНР», які стаў адным з сімвалаў святкавання гэтай важнай падзеі для беларускай дзяржаўнасці. За аснову быў узяты герб «Пагоня», які выкарыстоўваўся ў 1918 годзе.
Сайт budzma.by зрабіў невялікі агляд рэчаў, дзе ўжо выкарыстоўваецца гэты лагатып. Сярод іх каляндар, адзенне і нават манеты!
Каляндар «Адрасы БНР. 1918 – 2018»
Гэты каляндар быў падрыхтаваны выдавецтвам «Кнігазбор» адмыслова да юбілею. Густоўна аформлены і інфармацыйны, ён змяшчае выявы дванаццаці будынкаў, у якіх у розны час адбываліся падзеі, звязаныя з БНР. Прычым у спісе не толькі Беларусь, але і Літва, Латвія, Эстонія, Чэхія і нават Амерыка!
Уклала каляндар гісторык Наталля Гардзіенка, якая займаецца вывучэннем беларускай эміграцыі, а мастацкае аздабленне выканаў Анатоль Лазар.
Адзенне і сувеніры «Крылы БНР»
Крама «Мой модны кут» выпусціла цэлую лінейку адзення і сувеніраў пад назвай «Крылы БНР». Ужо цяпер у наяўнасці цішоткі і світшоты, а таксама кубкі. Неўзабаве маюць таксама з’явіцца іншыя сувеніры: магніты, асадкі, налепкі і паштоўкі.
Манета «100 год БНР»
Адмыслова да юбілею мастак-аматар з Дзяржынска Валерый Сіманаў вырабіў сувенірную манету «100 год БНР». Гэта ўжо трэцяя манета з серыі «Мая краіна Беларусь».
На аверсе латуневай манеты знаходзіцца стылізаваны герб «Пагоня» 1918 года з крыламі, такі ж, як на календары і свішотах.