Як склаліся лёсы суседзяў, якія 100 гадоў таму здабылі незалежнасць.
«Салідарнасць» працягвае серыю публікацый, прысвечаных 100-годдзю абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
1918-ы стаў годам з’яўлення шэрагу незалежных дзяржаў, што паўсталі на ўскраінах Расійскай імперыі. У самой Расіі пасля разгону Усерасійскага ўстаноўчага сходу ўладу канчаткова захапілі бальшавікі. У блізкай і аддаленай перспектыве гэта перадвызначыла лёс маладых краінаў.
Латвійская рэспубліка (1918-1940)
18 лістапада 1918 года Народная рада на чале з Карлісам Улманісам і Янісам Чакстэ ў будынку нацыянальнага тэатра абвясцілі незалежнасць Латвійскай Рэспублікі. 7 снежня немцы афіцыйна перадалі свае паўнамоцтвы новаму ўраду на чале з Улманісам.
Але незалежнасць трэба было яшчэ адваяваць.
17 снежня 1918-га пры падтрымцы бальшавікоў мясцовыя камуністы выдалі маніфест аб усталяванні ў Латвіі савецкай улады. Неўзабаве была акупаваная большая частка тэрытоыі маладой краіны, у тым ліку і Рыга. У ёй 13 студзеня 1919-га была абвешачана ўтварэнне Латвійскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.
Адначасова ўраду Улманіса давялося ваяваць з рэшткамі германскіх войскаў, якія планавалі сфармаваць на тэрыторыі Латвіі падпарадкаванае Германіі герцагства. У чэрвені 1919-га нямецкія аддзелы былі разгромленыя.
Няўдачай скончылася і спроба бальшавікоў — 11 жніўня 1920-га паміж Расіяй і Латвіяй была падпісаная мірная дамова. Паводле яе бальшавікі аб’явілі аб адмове ад суверэнных правоў на тэрыторыю Латвіі «на вечныя часы».
Як вядома, тыя «вечныя часы» скончыліся ў 1940-м, калі СССР акупаваў Латвію згодна пакта Молатава-Рыбентропа.
Літоўская рэспубліка (1918-1940)
16 лютага 1918-га ва ўмовах германскай акупацыі Рада Літвы на чале з Ёнасам Басанавічусам прыняла Акт аб незалежнасці. Кантроль над тэрыторыяй незалежніцкія сілы атрымалі ў лістападзе 1918-га пасля сыходу германскіх войскаў. Але, як і суседзяў-латышоў, літоўцаў яшчэ чакалі гады ўзброенага змагання за поўную незалежнасць.
16 снежня 1918-га бальшавікі абвесцілі ўтварэнне Літоўскай Савецкай Рэспублікі, якая пратрывала менш за тры месяцы. 27 лютага 1919-га была ўтвораная так званая Літоўска-Беларуская ССР. У сваю чаргу ЛітБел праіснавала да ліпеня 1920-га.
Частку тэрыторыі Літва (як і тагачасная Беларусь) страціла ў выніку пахода генерала Люцыяна Жалігоўскага, дзякуючы якому ў 1920-1922 гг. існавала так званая Сярэдняя Літва. Гэтая тэрыторыя ў выніку адышла Польшчы.
Вільня, на якую адначасова прэтэндавалі БНР, Польшча і Літва і міжваенны час фактычна кантралявался палякамі.
У 1940-м Літва была акупаваная СССР.
Польская Рэспубліка (1918-1939)
11 лістапада 1918 Юзаф Пілсудскі, які вярнуўся з нямецкага палону, прыняў ваенную ўладу з рук Рэгентскага савета Каралеўства Польскага. Гэтаму папярэднічала разбраенне нямецкага гарнізона ў Варшаве польскімі атрадамі. 14 лютага Пілсудскі атрымаў і цывільную ўладу, стаўшы часовым кіраўніком Польскай Рэспублікі (ІІ Рэчы Паспалітай).
У 1919-м паводле Версальскай мірнай дамовы Польшча была прызнаная суверэннай і незалежнай дзяржавай.
У перыяд паміж сусветнымі войнамі Польшча ўдзельнічала ў шэрагу рэгіянальных войнаў: з Украінай, Літвой і савецкай Расіяй. Вынікам апошняй стала Рыжская мірная дамова 1921-га, паводле якой без удзелу Беларусі частка нашай краіны адышла Польшчы.
Дамоўленасці паміж СССР і Германіяй не пакінула шанцаў і міжваеннай Польшчы, з захопу і падзелу якой у 1939-м пачалася Другая сусветная вайна.
Украінская Народная Рэспубліка (1917-1920)
Украінская Народная Рэспубліка была абвешчана Украінскай цэнтральнай Радай нацыянальнай дзяржавай у складзе федэратыўнай Расіі 20 лістапада 1917-га.
22 студзеня 1918-га УНР абвясціла поўную незалежнасць. Бальшавікі фармальна прызналі суверэнітэт новай краіны, але пры гэтым патрабавалі распусціць Украінскую цэнтральную Раду.
У красавіку 1918-га генерал Павел Скарападскі, падтрыманы германскімі акупацыйнымі войскамі, ліквідаваў УНР і скінуў раду. Была абвешчана Украінская дзяржава, гетманам якой быў прызначаны Скарападскі.
У снежні таго ж года УНР была адноўлена Украінскай дырэкторыяй. У 1919-м адбылася аб’яднанне з Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікай, утворанай у выніку распаду Аўстра-Венгрыі ў кастрычніку 1918-га.
Украінская Народная Рэспубліка праіснавала да 1920-га. Увесь гэты час яна знаходзілася ў бесперапынным супрацьстаянні з бальшавіцкай Расіяй.
Па выніках Рыжскага міру фактычна ўсе этнічныя землі УНР былі падзеленыя паміж Польшчай і УССР, створанай пры непасрэдным удзеле Расіі.
Урад УНР у выгнанні праіснаваў да 1992-га, калі перадаў свае паўнамоцтвы незалежнай Украіне.
Эстонская рэспубліка (1918-1940)
У ноч на 24 лютага 1918-га Сходам старэйшын эстонскага Маапяэва (ландтага) была абвешчаная незалежная дэмакратычная Эстонская Рэспубліка. Ужо на наступны дзень Талін быў заняты немцамі, якія разброілі і распусцілі вайсковыя фармаванні эстонцаў. Толькі напрыканцы лістапада Германія фармальна перадала ўладу Часоваму ўраду Эстоніі.
Абвяшчэнне Дэкларацыі аб незалежнасці ў Пярну, 24 лютага 1918. Адзін з першых здымкаў Эстонскай Рэспублікі
Рэальную незалежнасць эстонцы здабылі ў ходзе вайны, якая ў гістарыяграфіі атрымала назву Вызваленчая.
2 лютага 1920 года РСФСР і Эстонія падпісалі мірную дамову. Што не перашкодзіла Саветам праз чатыры гады паспрабаваць выкарыстаць мясцовых камуністаў для распальвання паўстанння.
У 1940-м Эстонія падзяліла лёс Літвы і Латвіі, апынуўшыся пад акупацыяй СССР.