Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Слонімская сынагога трапіла ў лік чатырох найважнейшых у Эўропе

11.02.2018 общество
Слонімская сынагога трапіла ў лік чатырох найважнейшых у Эўропе

Аднаўленьне сынагогі можа адрадзіць габрэйскую абшчыну ў Слоніме.

Слонімская сынагога 17 стагодзьдзя трапіла ў лік чатырох найбольш значных сынагог Эўропы, якія патрабуюць тэрміновай рэканструкцыі. Ужо сёлета можа пачацца яе кансэрвацыя, а цягам наступных пяці гадоў — рэканструкцыя. Як аднаўленьне сынагогі можа паспрыяць адраджэньню габрэйскай грамады ў Слоніме і прыцягнуць у горад турыстаў, “Радыё Свабода” расказалі ў беларуска-брытанскай грамадзкай арганізацыі The Together Plan.

Больш за 20 год сынагога разбураецца

7 лютага ў будынку Палаты абшчынаў брытанскага парлямэнту абмяркоўвалі слонімскую сынагогу. Яна трапіла ў лік чатырох найбольш важных сынагог Эўропы сярод больш як 3300. Гэтыя чатыры ў першую чаргу плянуе аднавіць Фонд габрэйскай спадчыны (Foundation for Jewish Herirage).

Як піша The Guardian, гісторык Сайман Шама (Simon Schama) ініцыяваў абсьледаваньне ўсіх захаваных у Эўропе сынагог, каб вызначыць іх «рэйтынг значнасьці». Найбольш каштоўныя будынкі плянуецца рэканструяваць. У ліку першых значыцца слонімская сынагога.

Барочная сынагога ў Слоніме будавалася ў 1635–1642 гадах. Сёньня гэта найстарэйшы будынак гораду. У савецкі час тут быў склад мэблевай крамы, у прыбудовах месьціўся малочны бар. У 1990-я помнік архітэктуры перадалі дзяржаве. Ад таго часу ягоны стан толькі пагаршаецца. У сынагогу, што побач з рынкам, наведваліся вандалы, сюды выкідавалі сьмецьце.

У апошнія 20 год была не адна спроба аднавіць сынагогу. Але за гэты час тут толькі зьявіўся новы дах.

«Доўгі час былі спробы аднавіць сынагогу. У тым ліку з боку слонімскіх габрэяў у Ізраілі і іншых арганізацый, якія зьвярталіся да мясцовых уладаў, — кажа Артур Ліўшыц. — Але нічога не зьмянілася. Сынагога развальваецца, і нічога ня робіцца».

Ліўшыц узначальвае міжнародныя дабрачынныя арганізацыі «Дыялёг» і прадстаўляе ў Беларусі Брытанскую дабрачынную арганізацыю The Together Plan. Яны вядуць перамовы з уладамі пра магчымую рэканструкцыю сынагогі. У верасьні 2017 году яны падпісалі мэмарандум аб намерах са слонімскім райвыканкамам.

«Мне вельмі спадабалася стаўленьне мэрыі Слоніма да праекту і габрэйскіх рэчаў, — сказаў Артур Ліўшыц. — Яны ня проста не замінаюць, яны падтрымліваюць».

Слонімская сынагога — адна з найстарэйшых у Беларусі. Яна пабудаваная ў стылі барока. Як распавяла Свабодзе архітэктарка Галіна Левіна, па слонімскай сынагозе можна вывучаць гісторыю рэлігійнага жыцьця, мастацтва і архітэктуры ў Беларусі.

«Пра слонімскую сынагогу можна гаварыць незалежна ад таго, ці ўключылі яе ў нейкі рэйтынг, — сказала Левіна. — Для нас яна заўжды сярод найбольш цікавых сынагог. Для мяне яна такі яркі прыклад жыцьця Слоніма і Беларусі на працягу многіх стагодзьдзяў».

Левіна адзначае, што сынагога каштоўная жывапісам, які тут захаваўся. На пачатку 1990-х у Слоніме працавалі рэстаўратары творчай майстэрні «Басталія». Яны зрабілі графічную фіксацыю жывапісу.

«Слонімская сынагога адзіная, дзе захаваўся такі стары жывапіс», — сказаў рэстаўратар Мікола Залатуха.

У праекце ўдзельнічае брытанская тэлевядоўца, чый дзядуля паходзіць са Слоніма

У Вялікай Брытаніі даўні інтарэс да сынагогі ў Слоніме. У 2007 годзе сюды прыяжджала здымачная група ВВС. Тут праходзілі здымкі чарговага выпуску праграмы «Як вы лічыце, хто вы?» (Who Do You Think You Are?). Здымачная група прыехала ў Слонім разам з Наташай Каплінскі — вядомай брытанскай тэлевядоўцай. Яе продкі паходзяць са Слоніма. Дзядуля быў рабінам у сынагозе, пакуль не эміграваў у 1929 годзе.

У 2016 годзе 27 прадстаўнікоў сямейства Каплінскі наведалі Слонім. Наташа і яе дзядзька Сайман цяпер уваходзяць у лік уплывовых брытанцаў, якія падтрымліваюць праект адраджэньня сынагог у Эўропе.

Сайман Каплінскі, Наташын дзядзька, — уплывовы цывільны інжынэр у Брытаніі. Ён удзельнічае ў праекце па рэстаўрацыі сынагогі. Быў адным з падпісантаў мэмарандуму са слонімскімі ўладамі, правярае тэхнічную дакумэнтацыю па сынагозе.

Пры гэтым Каплінскія ня маюць дачыненьня да таго, што ў лік першых на рэстаўрацыю сынагог Эўропы трапіў храм са Слоніма.

«Гэта незалежнае дасьледаваньне было, — кажа Артур Ліўшыц. — Іх гісторыя ня мела дачыненьня да выбару. Але добра выйшла, што такія ўплывовыя людзі ўдзельнічаюць у праекце».

Аднаўленьне сынагогі можа адрадзіць габрэйскую абшчыну ў Слоніме

Што можа даць гораду адноўленая сынагога? На думку Артура Ліўшыца, Слоніму трэба карыстацца тым, што да гораду цяпер вялікая ўвага ў Вялікай Брытаніі. Ён кажа, што ўдзел у такім праекце можа прывесьці да разьвіцьця турызму і прыцягненьня інвэстыцый. У тым ліку за кошт выхадцаў са Слоніма. Найбольш вядомы ў Брытаніі выхадзец са Слоніма — Міхал Маркс быў сузаснавальнікам буйной гандлёвай сеткі Marks & Spencer.

Праект ужо актывізаваў габрэйскі рух у Слоніме. Да Другой усясьветнай вайны насельніцтва Слоніма на 80% складалі габрэі. Цяпер, па дадзеных перапісу, іх усяго некалькі дзясяткаў сярод 50 тысяч жыхароў. Але з пачаткам аднаўленьня ў горадзе сынагогі можа зьявіцца габрэйская грамада, лічаць у The Together Plan.

«Мы хочам падтрымаць такую ініцыятыву, — кажа Артур Ліўшыц. — У Слоніме ёсьць некалькі ініцыятыўных людзей, якія пры падтрымцы ўладаў выйшлі на дыялёг».

Ужо летам 2018 году ў Слоніме мае прайсьці міжнародны габрэйскі моладзевы сымпозіюм, прысьвечаны ў тым ліку і архітэктурнай спадчыне.

«Мы будзем працягваць працы, нават калі ў Слоніме ня зьявіцца грамада. Але нам бы хацелася бачыць габрэйскую групу насельніцтва Слоніма, якая робіць нейкія праекты», — кажа Ліўшыц.

У бліжэйшых плянах — кансэрвацыя сынагогі ў 2018 годзе

Плян па рэстаўрацыі сынагог абвясьцілі ў будынку Палаты абшчынаў брытанскага парлямэнту. У сьвяточнай імпрэзе ўдзельнічалі ўплывовыя ў Брытаніі палітыкі, навукоўцы і знакамітасьці. Але гэта ня значыць, што фінансавацца праект будзе зь дзяржаўнага бюджэту Вялікай Брытаніі. Для кожнай сынагогі распрацаваны свой плян дзеяньняў.

Першы этап аднаўленьня слонімскай сынагогі ўжо пройдзены. У канцы 2017 года быў ацэнены стан будынка — і прызнаны аварыйным. Каб пазьбегнуць разбурэньня, трэба зрабіць сьцяжкі сьценаў, усталяваць рыштаваньні, каб не паабвальваліся перакрыцьці.

«У бліжэйшы год мы спадзяёмся зрабіць кансэрвацыю, — сказаў Артур Ліўшыц. — Думаю, гэта будзе каштаваць 100–120 тысяч даляраў. Гэта рэальная сума для такога вялікага будынку».

Цяпер пачынаецца пошук фінансаваньня на кансэрвацыю. На пытаньне, калі сынагогу адрэстаўруюць цалкам, Ліўшыц не адказвае. Па яго словах, гэта доўгатэрміновы праект, які зойме ня менш за пяць год. Канчатковы кошт усіх працаў невядомы, але гаворка ідзе пра «мільёны даляраў».

«Я б ня стаў сьпяшацца з прагнозамі. Трэба ісьці крок за крокам. Сёньня мы робім максымум, гэта не пустыя абяцаньні», — кажа Ліўшыц.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]