Прэзентацыю альбома «Дарогі» музыкі забаранiлi ў Воршы.
Музыкі Сяргей Доўгашаў і Аляксандар Ясінскі выправіліся ў гастрольны тур па Беларусі, прэзэнтуючы супольны альбом «Дарогі», куды ўвайшлі песьні на словы Анатоля Сыса і Уладзімера Караткевіча. На малой радзіме паэта канцэрт забаранілі, але там зь посьпехам прайшоў у фармаце «кватэрніка». Наступны выступ у Віцебску адбыўся ў перапоўненай залі, паведамяле «Радыё Свабода».
«Гэта дзіка, але мне прасьцей арганізаваць канцэрт у Варшаве, чымсьці ў Воршы»
Сяргей Доўгушаў і Аляксандар ЯсінскіВядомы музыка і арганізатар «Сьпеўнага сходу» Сяргей Доўгушаў дагэтуль зьбянтэжаны адмовай на выступ у Воршы. Разам з баяністам Аляксандрам Ясінскім яны запісалі альбом «Дарогі», і марылі правесьці першую прэзэнтацыю менавіта ў Воршы — на Радзіме Ўладзімера Караткевіча, бо ў альбом увайшлі чатыры песьні на ягоныя вершы. Але музыкам адмовілі. Прычым двойчы — спачатку ў гарадзкім цэнтры культуры, потым — у школе мастацтваў № 2. І забарона на сьпевы Доўгушава ў Воршы далёка ня першая, нягледзячы на тое, што ён і сам нарадзіўся на Аршаншчыне, і менавіта тут распачаў сваю музычную дзейнасьць.
«Яшчэ ў школе я пачаў сьпяваць, стварыў свой гурт, потым яшчэ адзін, потым яшчэ. Нас, тады яшчэ зусім моладзь, ведалі і ў Тарчылаве, адкуль я родам, і ў пасёлку Балбасава. Тады не было аніякіх праблем! Гэта дзіка, але мне на сёньняшні дзень прасьцей арганізаваць канцэрт у Варшаве, чымсьці ў Воршы. Там я прыеду да арганізатараў, мы дамовімся пра дзень, час, і ўсё адбудзецца. А да выступу ў Воршы я рыхтаваўся два месяцы — і амаль у апошні момант атрымаў адмову», — са скрухай адзначае сьпявак.
Фота: svaboda.orgПершы канцэрт гастрольнага туру давялося праводзіць у Баранавічах, дзе нарадзіўся Аляксандар Ясінскі, выдатны баяніст і малады кампазытар. Заля Дзіцячай школы мастацтваў была запоўненая амаль цалкам.
«У Воршы нібыта вырашылі правесьці экспэрымэнт: што станецца зь людзьмі, калі іх адлучыць ад культуры»
Выступ Сяргея Доўгушава і Аляксандра Ясінскага яны ўсё ж здолелі арганізаваць, хаця прайшоў ён у фармаце «кватэрніка». Кватэра аднаго з аршанскіх актывістаў была здольная зьмясьціць толькі пару дзясяткаў гледачоў.
Паводле Сяргея Доўгушава, музыкі выканалі для прысутных усю заплянаваную праграму: сьпявалі паўтары гадзіны, як на сапраўдным канцэрце.
«Я не разумею, чаму забараняюць выступы ў музычнай школе або недзе яшчэ. Нібыта пасьля нашых сьпеваў адбудзецца рэвалюцыя, ці нешта такое. Для мяне гэта выглядае як экспэрымэнт: што будзе зь людзьмі, калі адлучыць іх ад культуры. Каб яны толькі глядзелі тэлевізар, а калі выходзілі — то толькі ў краму. У маім родным мястэчку Балбасава, прыкладам, 5 ці 6 крамаў. І ніводнай кавярні, дзе можна было б паслухаць жывую музыку. Я кажу не пра піўбар з танным алькаголем, а пра разьвіцьцё густу. А я хачу, каб людзі разумелі, што музыка — гэта ня Стас Міхайлаў ды Віктар Каліна. І што баян — гэта ня проста інструмэнт, каб сьпяваць прыпеўкі пад чарачку. А ў нас быццам адмыслова ўсё забараняецца», — дзеліцца назіраньнямі музыка.
Фота: svaboda.org«Дзякуй віцебскаму арт-пабу «Торвальд»
У Віцебску выступ Сяргея Доўгушава і Аляксандра Ясінскага прайшоў у арт-пабе «Торвальд» — культавым месцы для аматараў музыкі і беларушчыны.
У альбом «Дарогі» увайшлі няпростыя песьні, адзначае Сяргей Доўгушаў:
«Я натхніўся вершамі Ўладзімера Караткевіча, я яго зямляк. І ўжо даўно нарадзілася 4 песьні на ягоныя словы, якія я проста сьпяваў пад гітару. Натхніла і творчасьць Анатоля Сыса. Музыка да вершаў была напісана на Аршаншчыне — вёска Тарчылава, пасёлак Балбасава. А ў 2015-м годзе мы з Аляксандрам Ясінскім вырашылі іх абнавіць, зрабіць дуэт. А потым запісалі альбом „Дарогі“. Назву таксама даў верш Уладзімера Караткевіча».
Падчас канцэрту віцебскія слухачы паслухалі й клясычную музыку для баяну, аўтарам якой ёсьць Аляксандар Ясінскі, і традыцыйныя беларускія сьпевы пад колавую ліру ў выкананьні Сргея Доўгушава.
Падзяліўся сьпявак і сваімі новымі плянамі: у яго сасьпела думка пра новы фэст, які абавязкова трэба зладзіць. І менавіта ў Воршы.
Фота: svaboda.org«У Воршы я прапанаваў зладзіць цэлы музычны фэст — імя Караткевіча»
Раз там нарадзіўся такі выбітны творца, трэба прысьвячаць яму розныя імпрэзы, конкурсы, фэстывалі, лічыць Сяргей Доўгушаў.
«Я хачу зрабіць літаратурна-музычны фэстываль, ці конкурс, каб у ім удзельнічала моладзь. Мяне заўжды абражае, калі на аршанцаў кажуць „быдла“, а на Воршу — што гэта „горад, дзе тры турмы і ніводнага тэатру“. Вядома, абмежаваныя ў культурніцкім пляне людзі ёсьць паўсюль. Але збольшага аршанцы нармальныя, яны цікавяцца музыкай, літаратурай, і яны прыйшлі б на канцэрты, але іх там няма! Таму нарадзілася думка пра новы фэст, і каб ён прайшоў на афіцыйным узроўні, не „паўпадпольна“. Калі будзе замінаць маё імя, мая асоба, то будзе рабіць іншы чалавек. А я яму ў гэтым дапамагу. Мяне ж таксама не спыніць: калі будуць замінаць, я прыкладу яшчэ больш намаганьняў», — гаворыць спадар Доўгушаў.
Ён прыгадвае, што «Сьпеўны сход», адбыўся літаральна ў наступным месяцы пасьля зьяўленьня самой ідэі. Цяпер зьявілася ідэя пра фэст у гонар Уладзімера Караткевіча. І Сяргей Доўгушаў перакананы, што ў яго ўсё атрымаецца. Бо ў яго ёсьць шмат сяброў і аднадумцаў-валянтэраў, гатовых да падтрымкі.