Дзяўчаты з праекту BLR?R падтрымалі маратон «Сэлфі незалежнасьці», які стартаваў на пачатку лютага ў Менску.
Праскія беларускі сфатаграфаваліся на фоне дому на вуліцы Вэнцыгава 4 (Wenzigova), паведамляе «Радыё Свабода».
У гэтым доме жыў беларускі дзеяч Мікалай Вяршынін, дзякуючы якому Прага пераўтварылася ў цэнтар беларускай эміграцыі. У 1918 годзе Мікалай Вяршынін быў прызначаны консулам БНР, а яго кватэра стала афіцыйным месцам знаходжаньня місіі БНР у Празе.
«Мікалай Вяршынін дамогся выдзяленьня стыпэндый для беларусаў, і ва ўнівэрсытэцкіх дакумэнтах некаторых студэнтаў менавіта гэты дом быў пазначаны як месца іх жыхарства», — пішуць удзельніцы сэлфі-сэсіі.
На Вэнцыгавай 4 у 1919 годзе была зарэгістраваная адна зь першых беларускіх арганізацыяў у Чэхаславаччыне — «Беларуская грамада ў Празе». У 1923 годзе ў Прагу пераехала Рада БНР. Зарэгістраваная чэскімі ўладамі пад назвай «Беларуская рада ў Празе», яна месьцілася менавіта па гэтым адрасе, як рэдакцыя часопіса «Беларускі студэнт».
«Невялічкая двухпакаёвая кватэра Мікалая Вяршыніна была сапраўдным цэнтрам беларускага жыцьця ў Празе», — пішуць дзяўчаты з BLR?R.
Яны прапануюць беларусам Чэхіі зрабіць сэлфі на фоне праскага дома па адрасе Вэнцыгавай 4 і выкласьці фота ў сацыяльныя сеткі з хаштэгамі #сэлфінезалежнасьці #БНР100 #рэспубліка100 #25сакавіка #беларусыЧэхіі #BLR?R.