Замест помніка Сувораву, у Кобрыне трэба паставіць мемарыял нацыянальным героям.
«Кобрын з большага атаясамліваецца з жыццём і дзейнасцю Суворава, імем якога названая адзіная пешаходная вуліца горада, старадаўні парк і ваенна-гістарычны музей. Аднак месца павінны ўпрыгожваць помнікі тым людзям, якія ўславілі яго. Такім у Кобрыне можа стаць мемарыял «Абаронцам Свабоды», - піша для «Новага Часу» Марат Гаравы.
«Колькі жыву ў Кобрыне, дзіўлюся, чаму ў месцы належным чынам не ўвекавечана памяць пра шырока вядомых у Беларусі і свеце выбітных сыноў, дачок краю і тых асобаў, хто сваім лёсам злучаны з Кобрыншчынай. Упэўнены, што годнае ўшанаванне гэтых асобаў надасць кабрынчанам гонару за сваіх продкаў, а краю — большай турыстычнай прывабнасці.
Ушануем змагароў за свабоду
Гаворка ідзе пра ўвекавечванне памяці, найперш, змагароў за свабоду — украінскага паэта Тараса Шаўчэнкі, беларускага гісторыка права Аляксандра Міцкевіча, беларускага творцы Напалеона Орды, польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч, аднага з айцоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Пётры Крачэўскага, першага прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Хаіма Вейцмана, рускага паэта Аляксандра Твардоўскага, кіраўнікоў і ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольных паўстанняў 1794 і 1863-64 гадоў Тадэвуша Касцюшкі, Рамуальда Траўгута, Густава Радавіцкага, Фелікса Ягміна і Уладзіслава Малахоўскага.
Бацька ўкраінскай нацыі Тарас Шаўчэнка сваёй творчасцю і жыццём увасобіў пакутны лёс суайчыннікаў, іхныя надзеі і памкненні скінуць кайданы тыраніі. Будучы паэт і мастак упершыню ўбачыў Беларусь 15-гадовым хлопчыкам — пакаёвым казачком штаб-ротмістра лейб-гвардыі ўланскага палка расейскага войска Паўла Энгельгарта, калі той у 1829 годзе па дарозе з Альшанаў у Вільню заязджаў у маёнтак свайго цесця — кобрынскага барона Рыгора Энгельгарта ў вёсцы Кустовічы і нейкі час жыў там з сям’ей і сваім прыгонным служкай.
Малодшы брат Адама Міцкевіча, прафесар права Кіеўскага і Харкаўскага ўніверсітэтаў Аляксандар Міцкевіч у час навучання на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэту за актыўны ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве філаматаў быў арыштаваны, з лістападу 1823 па красавік 1824 гады — зняволены ў Віленскім кляштары францішканаў. Перад выхадам у адстаўку вырашыў вярнуцца ў Беларусь, пад Кобрынам купіў маёнтак Губерня, дзе з 1859 году жыў разам з сям’ёю і рыхтаваў да друку свае навуковыя працы «Энцыклапедыя права» і «Курс рымскага права». У 1863 годзе аказваў дапамогу Кобрынскаму паўстанцкаму атраду Рамуальда Траўгута. Разам з сям’ёю Аляксандар Міцкевіч пахаваны ў Кобрыне на старадаўніх могілках каля Петрапаўлаўскай царквы.
Літаратар, піяніст, кампазітар, мастак, скульптар і педагог, сын кобрынскага маршалка Міхаіла Орды і дачкі пінскага старасты Юзэфы Бутрымовіч Напалеон Орда пад час навучання на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэту за актыўны ўдзел у таемным студэнцкім таварыстве «Заране» быў арыштаваны, выключаны з універсітэту і цягам 15 месяцаў знаходзіўся за кратамі, а пасля — пад наглядам паліцыі.
За ўдзел у паўстанні 1831 году ўзнагароджаны залатым крыжом ордэну «Virtuti Militari» і атрымаў чын капітана. Каб пазбегнуць ссылкі ў Сібір таемна пакінуў Бацькаўшчыну. Пасля амністыі вярнуўся на радзіму, але ў 1866 годзе па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863-1864 гадоў быў арыштаваны і зняволены ў Кобрынскі астрог, ад ссылкі ў аддаленыя губерніі Расеі асуджанага выратавала заступніцтва жонкі і амбасадара Францыі. У спадчыне Напалеона Орда — больш за 200 замалёвак мясцінаў, звязаных з выбітнымі асобамі і помнікамі дойлідства Беларусі. Гэтыя малюнкі вызначаюцца строгай дакументальнасцю і маюць вялікае значэнне для гісторыі архітэктуры.
У маёнтку Грушава Кобрынскага павету 57 год жыла і стварала аповесці і навэлы польская пісьменніца Марыя Радзевіч. У сваёй прозе яна апела прыгажосць прыроды Палесся і духоўнага свету палешукоў. «Пані на Грушава» спачувала сваім героям, падкрэслівала іх працавітасць, жыццеўстойлівасць і душэўную чуласць. Асаблівае месца ў яе творчасці займае тэма неабароненага дзяцінства. І гэта не выпадкова, бо самой аўтарцы, якая нарадзілася ў сям’і паўстанцаў 1863 году, сасланых у сібірскую катаргу, давялося перажыць здзекі і пакуты. На 25-годдзе яе пісьменніцкай дзейнасці лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры Генрык Сянкевіч напісаў: «Твая вера, твая надзея, твая любоў былі верай, надзеяй і любоўю польскага народа».
Пад час Першай сусветнай вайны пані Марыя арганізавала ў Варшаве шпіталь для раненых салдат і сама працавала ў ім, у сваім маёнтку стварыла школу, выхоўвала 30 дзяцей-сіротаў, лячыла вяскоўцаў, ставіла з імі спекталі, адзначала святы і спявала, навучала сялянак рукадзеллю і дамаводству, дапамагала пагарэльцам лесам, адрамантавала касцёл у Гарадцы, будавала святыню ў Антопалі, пра яе дабрачыннасць памятаюць у Гарадзішчы, Ілоску, Янаве-Палескім і Кобрыне, дзе збудавала другі паверх гарадской гімназіі, якой потым надалі імя пісьменніцы. Зараз у гэтым будынку месціцца Кобрынская сярэдняя школа №1. Сёння маёнтак Марыі Радзевіч у Грушаве з 500-гадовым дубом-прыгажуном «Дэвайцісам» сам патрабуе чыннай увагі грамадства, як і яе літаратурная спадчына, што чакае перакладу на беларускую мову.
Ураджэнец Кобрынскага павету Пётра Крачэўскі — беларускі палітычны дзеяч, паэт, драматург і гісторык, адзін з айцоў-заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія ў вельмі неспрыяльнай сітуацыі дэкларавалі права і здольнасць беларусаў жыць у незалежнай дзяржаве. Пётра Крачэўскі — дэлегат Усебеларускага з’езду 1917 году. У 1918 годзе ў Народным сакратарыяце Беларусі выконваў абавязкі дзяржаўнага кантралёра, народных сакратароў фінансаў, гандлю і прамысловасці, узначальваў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату. З 13 снежня 1919 году і да свайго скону 8 сакавіка 1928 году — старшыня Рады БНР. З 1920 году — у эміграцыі, дзе разам з паплечнікамі выступаў у абарону інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне, асуджаў падзел Радзімы па Рыжскаму міру 1921 года, адстойваў ідэалы незалежнасці Бацькаўшчыны, інфармаваў свет пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. Ад ураду Чэхаславаччыны дамогся стыпендыяў для беларускіх студэнтаў, стварыў Беларускі архіў у Празе, выдаў навукова-палітычны альманах «Замежная Беларусь».
Першы прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль з 1949 па 1952 гады, хімік-навукоўца, адзін з лідараў габрэйскага нацыянальнага адраджэння Хаім Вейцман нарадзіўся ў вёсцы Моталь Кобрынскага павету. Пасля заканчэння Пінскага рэальнага вучылішча і вучобы ў Германіі выкладаў ва ўніверсітэтах Жэневы і Манчэстэра, узначальваў хімічную лабараторыю Брытанскага адміралцейства. Уладальнік больш за 120 патэнтаў у галіне прамысловага прымянення хімічных працэсаў, у тым ліку новага спосабу атрымання ацэтону, неабходнага для вытворчасці боепрыпасаў. Гэтае вынаходніцтва, зробленае падчас Першай сусветнай вайны, дапамагло Хаіму Вейцману пашырыць кантакты ва ўрадзе Вялікабрытаніі і паўплываць на вырашэнне габрэйскага пытання менавіта на тэрыторыі Палестыны.
Больш за 20 гадоў узначальваў Сусветную сіянісцкую арганізацыю, абгрунтаваў прынцыпы і праграму сацыяльна-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і культурнага развіцця ішува (габрэйскай абшчыны) на радзіме продкаў, усяляк спрыяў рэалізацыі гэтай праграмы. Заснаваў Габрэйскі ўніверсітэт у Ерусаліме на гары Скопус і Навукова-даследчы інстытут па тэарэтычных і прыкладных прыродазнаўчых навуках імя Даніэля Зіфа ў Рэхавоце, які ў лістападзе 1947-га быў перайменаваны ў Інстытут Хаіма Вейцмана. Зараз гэты інстытут, што мае гадавы бюджэт у 1 мільярд долараў ЗША, вядомы ва ўсім свеце даследаваннямі імунных сістэмаў, генетыкі раслін і цыталогіі. А пяць прадстаўнікоў ізраільскай школы навукоўцаў-хімікаў з’яўляюцца Нобелеўскімі лаўрэатамі. У асобе Хаіма Вейцмана гарманічна спалучаліся арыстакратызм з габрэйскай самабытнасцю, аналітычны розум з народным гумарам, адданасць юдэйскай традыцыі з гуманізмам, лібералізмам і дэмакратыяй еўрапейскай цывілізацыі, рэалістычны скептыцызм навукоўцы з рамантычным ідэалізмам, глыбокай верай ў нацыянальнае адраджэнне габрэйскага народу і перамогу дабра над злом у гісторыі чалавецтва.
У Кобрыне восенню 1939-га вайсковым карэспандэнтам працаваў рускі паэт Аляксандар Твардоўскі, продкі якога паходзяць з магілёўскіх беларусаў. Не выключана, што як раз у Кобрыне паэт прыдумаў вобраз Васіля Цёркіна для сваёй легендарнай паэмы «Василий Тёркин. Книга про бойца без начала и конца». Яна так арганічна ўвайшла ў нашае жыццё, што радкі з яе і дасюль цытуюць, не называючы аўтара, які для ваеннага пакалення стаў культавым. Рэпрэсіі супраць бацькоў і братоў паэта, якія былі раскулачаны і высланы, а іхны хутар спалены, адбіліся і на змесце «Василия Тёркина», дзе поўнасцю адсутнічае ўзгадванне Сталіна і партыі бальшавікоў. Цягам 18 гадоў Аляксандар Твардоўскі ўзначальваў літаратурны часопіс «Новый мир», што стаў сімвалам «шасцідзясятніцтва». Дзякуючы мужнай грамадзянскай пазіцыі Аляксандра Твардоўскага Васіль Быкаў у 1965 годзе апублікаваў у «Новом мире« сваю вострую антысталінскую аповесць «Мёртвым не баліць». У віншаванні Васілю Быкаву з 1 траўня 1966 году паэт падтрымаў свайго сябру беларускай прыказкай «Усё мінецца, а праўда застанецца».
Тадэвуш Касцюшка — адзін з самых вядомых у свеце беларусаў, удзельнік Вайны за незалежнасць ЗША, кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 году «за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду», нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі. Старадаўні беларускі шляхецкі род Касцюшкаў гербу «Pox-III» — Касцюшкі-Сяхновіцкія — паходзіў з маёнтку Сяхновічы Кобрынскага павету. Тадэвуш Касцюшка ўвайшоў у гісторыю, як апошні рыцар і першы дэмакрат Еўропы.
Афіцэр корпусу шляхоў зносін Уладзіслаў Малахоўскі родам з маёнтку Мацы Кобрынскага павету — адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-64 гадоў, партыі «чырвоных» і арганізатараў «рэльсавай вайны», найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага. Сучаснікі лічылі Малахоўскага за чалавека адчайнага і рызыкоўнага. Быў паўстанцкім начальнікам Вільні, на думку даследчыкаў, мог спрычыніцца да выдання сёмага нумару «Мужыцкай праўды», у Пецярбургу наладжваў сувязі з «Зямлёй і воляй», быў прадстаўніком Кастуся Каліноўскага ў Кенігсбергу, дзе займаўся выданнем газеты «Glos z Litwy», закупкай і дастаўкай зброі паўстанцам. Вядомы сваімі вынаходніцтвамі ў галіне фотатэхнікі.
У міжванныя часы, калі Кобрын уваходзіў у склад II Рэчы Паспалітай, імя нацыянальнага героя Польшчы Рамуальда Траўгута насілі вуліца гістарычнага цэнтру гораду (зараз — Аляксандра Суворава) і 83 пяхотны полк Польскага войска, які бараніў месца ад нацысцкіх танкаў на пачатку Другой сусветнай вайны.
І нездарма імя Траўгута было так шанаванае ў Кобрыне. Гэты ўраджэнец Берасьцейшчыны і былы афіцэр расейскай арміі, які пасля Крымскай вайны выйшаў падпалкоўнікам у адстаўку і жыў у маёнтку Востраў Кобрынскага павету, раней зведаў сапраўдную драму, калі цягам году памерлі жонка Ганна Пікель, двое дзяцей і бабуля. Праз два гады Рамуальд Траўгут — унук паўстанца 1794 года, які заслужыў за храбрасць пахвалу самаго Тадэвуша Касцюшкі, знаёміцца з жанчынай, чыё імя штодзённа нагадвае пра гераічнае мінулае. Антаніна Касцюшка з роду вялікага бунтара стала жонкай Рамуальда за год да вырашальнага моманту ягонага жыцця.
Нягледзячы на свой сямейны стан, 38-гадовы Траўгут у красавіку 1863-га пагадзіўся ўзначаліць Кобрынскі паўстанцкі атрад з 192-х маладзёнаў, з большага ўзброеных паляўнічымі стрэльбамі і косамі, хоць, як баявы афіцэр, цудоўна разумеў, што ў інсургентаў няма аніякіх шанцаў. Аднак Траўгут пайшоў на яўную пагібель, бо «абавязаны быў не берагчы сябе, калі іншыя ахвяруюць усім».
У атрад разам з нежанатымі нашчадкамі ўплывовых родаў (графоў Чапскіх, Радзевічаў, Ажэшкаў, Бохвіцаў, Ягмінаў і Пуслоўскіх) увайшла маладая мясцовая шляхта са сваёй службай, уключаючы ўпраўляючых і лясных стражнікаў, адстаўныя афіцэры расейскай арміі, сяляне, дробныя чыноўнікі, гімназісты і мяшчане, а таксама жанчыны, у тым ліку памешчыцы Амелія Радзевіч і Магдалена Волкава. Прычым паўстанцам дапамагалі ўсе буйныя мясцовыя памешчыкі, у тым ліку графы Ажароўскія, Ажэшкі, Анджэйкавічы, Ягміны, Орды і Кужанецкія.
Потым былі амаль трохтыднёвая «бесперапынная і знясільваючая муштра» ў лясным лагеры, практыкаванні ў стральбе і вядзенню бою ў страі, сямітыднёвая партызанская вайна з рэйдамі на Піншчыну і паўночную Валынь, з першымі трыма бліскучымі перамогамі на Палессі і некалькімі паразамі, цяжкае раненне ў Антопальскіх лясах, пасля якога Рамуальд Траўгут распусціў атрад, а сам два тыдні адыходзіў ад ран у доме сваёй сувязной Элізы Ажэшкі.
Урэшце з яе дапамогай выехаў за межы Расейскай імперыі, дзе ў чыне генерала быў надзвычайным камісарам паўстанцаў у Францыі, спадзяваўся на яе падтрымку і верыў у перамогу народа, нават калі сітуацыі была амаль безнадзейнай. З 17 кастрычніка 1863-га ўзначальваў Нацыянальны ўрад у Варшаве, зрабіў энергічныя крокі па рэарганізацыі паўстанцкіх атрадаў, якія дзейнічалі паасобку, у рэгулярнае войска, дзеля падтрымкі паўстання сялянамі загадаў тэрмінова перадаць ім зямлю без усялякага выкупу. З-за здрады арыштаваны ў ноч з 10 на 11 сакавіка 1864-га, асуджаны да смяротнага пакарання, 5 жніўня 1864-га скончыў жыццё на шыбеніцы ў Варшаўскай цытадэлі.
Сучаснікі так апісалі апошнія хвіліны жыцця нашага героя і чатырох ягоных паплечнікаў па Нацыянальнаму ўраду: Рамуальд Траўгут увесь час быў пагружаны ў размову са святаром, які яго суправаджаў. Калі прагучала пытанне, хто з пяці асуджаных, якія сталі пад шыбеніцай, Траўгут, ён падняў абедзве рукі, у якіх трымаў крыж, і ўсклікнуў дзіўна гучным голасам: «Я Траўгут!» Перад тым, як узыйсці на драўляныя прыступкі пад шыбеніцай, падаў у рукі духоўніка апошнюю памяць аб жонцы і дзецях — лісты да іх і іхныя фатаздымкі з 1862 года.
«Мы ўбачылі, што Траўгут глядзіць на нас, і што адкрывае рот, каб нешта сказаць — у гэты момант кат грукануў абцасам у прыступкі, на якіх стаяў Траўгут. Яшчэ чатыры разы паўтарыўся гэты грукат, як кананада самых страшных гармат, а барабаны заверашчалі... Паненка Жулінска першая ўпала на калені, а за ёй абрынуўся ўвесь народ, усе да аднаго, каталікі і габрэі, без крыку, без слова...» (Марыя-Еханна Велёпольска, «Kryjaki»).
У цыкле навэлаў пра паўстанцаў 1863-64 гадоў «Gloria Victis» («Слава пераможаным») Эліза Ажэшка так пісала пра яго герояў: «Не зняволеныя гэта былі, на аркане перавагі цягнутыя да бою, а добраахвотныя ахвярнікі высокіх алтароў. Са святлом ідэі ў галовах, з агнём любові ў сэрцах, галовы і сэрца неслі высока. Былі моцныя, смелыя, актыўныя і, ці паверыш прыткі вецер? — былі шчаслівыя (…) Правадыром іх быў чалавек з святым імем, якое гучала: Рамуальд Tраўгут. Ты пытаешся, чаму святое гэта імя? Бо па запаведзі Госпада ён пакінуў жонку і дзяцей, раскошу і спакой, усё, што лашчыць, усё, што радуе, і жыццёвыя спакусы з шыкам, скарбам, шчасцем, і, узяўшы на плечы крыж народу свайго, пайшоў за вогненным слупам, які плыў па гэтай зямлі, і ў ім згарэў».
Беларускі краязнаўца Лявон Карповіч назваў Рамуальда Траўгута «адным з самых прыгожых людзей у нашай гісторыі, адным з такіх сапраўдных герояў, аб якіх сёння мы марым».
Сёння ж анічога ў Кобрыне не нагадвае пра слаўнага камандзіра Кобрынскага паўстанцкага атраду, пра ягоных удзельнікаў і бліжэйшых паплечнікаў Траўгута — намесніка Густава Радавіцкага і начальніка аддзелу кавалерыі Фелікса Ягміна, якія нарадзіліся ў Беларусі, жылі на Кобрыншчыне, змагаліся за волю і незалежнасць свайго краю.
Каб выправіць гэтую гістарычную несправядлівасць прапануецца заснаваць штогадовую Кобрынскую краязнаўчую прэмію імя Рамуальда Траўгута за найбольш выбітныя дасягненні ў справе вяртання культурна-гістарычнай спадчыны горада і раёна; праводзіць штогадовую раённую краязнаўчую канферэнцыю (Траўгутаўскія чытанні) па выніках апошніх даследаванняў краю. Да канферэнцыі прымеркаваць правядзенне Траўгутаўскага мастацкага пленэру з запрашэннем беларускіх і замежных мастакоў, літаратараў і музыкаў.
Мемарыял «Абаронцам Свабоды»
Дзеля ўшанавання вышэй названых асобаў на пляцы Волі ў Кобрыне мяркуецца стварыць адпаведны мемарыял.
Якім ён уяўляецца? Бронзавыя постаці на ўвесь рост абаронцаў Свабоды ў вопратцы, адпаведнай перыяду іхнага знаходжання ў Кобрыне, месцяцца па колу ўздоўж цэнтру пляца Волі, дзе ўзведзены колерамузычны фантан. Героі пластычнай кампазіцыі стаяць тварам да фантану і нязмушана размаўляюць між сабою пад мелодыі велічных твораў сусветнай музычнай класікі і плёскат струменяў вады. Пазначана прыналежнасць выяваў, прадстаўлены крылатыя выразы іхных прататыпаў. Так, да прыкладу, прыведзены словы Марыі Радзевіч «Ёсць дзве сілы, якім патрэбна аддаць усё, не патрабуючы за гэта анічога — гэта Бацькаўшчына і Бог» і Аляксандра Твардоўскага «Радзіму можна пакідаць толькі дзеля яе самой, дзеля яе свабоды і ўсенароднага дабра». На гранітным абрамленні фантану выбіты тэкст наступнага зместу: «Сваёй Творчасцю і Справамі гэтыя Асобы, лёсам звязаныя з нашым краем, набліжалі час Свабоды ад бяспраўя, цемрашальства, хлусні, галечы і гвалту. Няхай у нашай вольнай і квітнеючай Бацькаўшчыне заўжды пануе павага да Чалавека і ягоных правоў».
Апроч таго, на пляцы мае быць стэнд з дакументальнымі і мастацкімі выявамі герояў скульптурнай кампазіцыі і іхнымі біяграмамі на ангельскай, беларускай, іўрыце, польскай, рускай і ўкраінскай мовах, а таксама мае гучаць аўдыёверсія біяграмаў па-ангельску, па-беларуску, на іўрыце, па-польску, па-руску і па-украінску
Для Кобрыну вельмі важны такі мемарыял, бо ён у нейкай ступені можа стаць альтэрнатывай неапраўданаму ўшанаванню ў беларускім месцы памяці расейскага вайскаводцы Аляксандра Суворава, які кіраваў задушэннем нацыянальна-вызвольнага паўстання на чале з Тадэвушам Касцюшкам, за што ад расейскай імператрыцы Кацярыны II атрымаў чын фельдмаршала, а «у якасці падзякі за выдатныя заслугі» — шыкоўны падарунак — маёнтак Кобрынскі ключ. І на пачатку XXI стагоддзя ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь Кобрын з большага атаясамліваецца з жыццём і дзейнасцю Суворава, імем якога названая адзіная пешаходная вуліца горада, старадаўні парк і ваенна-гістарычны музей. Вайскаводцу прысвечаны экспазіцыі ягонай сядзібы і музея. Апроч таго, у Кобрыне ўзведзены тры бронзавыя пластычныя кампазіцыі генералісімусу, у тым ліку два бюсты і помнік. Празмернае пакланенне горада Сувораву, уведзенае ў Расейскай імперыі і працягнутае за саветамі, прыніжае нацыянальную годнасць беларусаў і сёння выглядае недарэчным. Такое стаўленне беларускага месца да расейскага вайскаводцы нечым нагадвае спробу адкрыць каля Нацыянальнага некропалю у Курапатах рэстаранна-забаўляльны комплекс пад абразлівай для беларусаў назваю «Бульбаш-хол»…
Няхай мемарыялы Сувораву стаяць на зямлі Беларусі, як напамін пра нашае трагічнае і няпростае мінулае. Аднак, найперш, месца павінны ўпрыгожваць помнікі тым людзям, якія ўславілі яго, а часам ішлі на пагібель дзеля светлай будучыні суайчыннікаў. Такі падыход будзе зразумелым як гараджанам, так і гасцям месца.
Будзем спадзявацца, што мемарыял «Абаронцам Свабоды» на Пляцы Волі ў Кобрыне стане сапраўднай візітоўкай старажытнага гораду, знакам свядомасці, справядлівасці і сумленнасці ягоных жыхароў. Тым больш, што па ўсёй Беларусі ўзводзяцца помнікі нашым славутым продкам — змагарам за дзяржаўнасць, волю і незалежнасць Бацькаўшчыны».