«Падляшша+Палессе» – сустрэча пад такой назвай прайшла ў Берасці.
Яна была арганізаваная ў межах курсаў Мова-Нанова і сабрала каля пяці дзясяткаў наведнікаў. У якасці гасцей выступілі журналіст тыднёвіка Ніва Ганна Кандрацюк-Свярубская і старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа, паведамляе «Радыё Рацыя».
— Мы прыехалі сюды, каб прэзентаваць, што зроблена журналісткай «Нівы» Ганнай Кандрацюк-Свярубскай і яе кніжку. Гэта першая прамоцыя і яна не выпадкова ў Берасці, бо гэта кніжка пра Палессе, а Берасце — гэта цэнтр рэгіёна. Я вельмі рады, што столькі асобаў прыйшлі на Мова Нанова, каб паслухаць пра беларусаў Падляшша, пра беларусаў Беласточчыны, і пра вандроўку Ганны Кандрацюк па Палессі. Сустрэча для мяне вельмі файная, бо добрая атмасфера, адкрытыя людзі: пытаюць, каментуюць. І гэта не проста курсы, а жывая мова ў час сустрэчы, - расказаў Яўген Вапа.
— Гэта кніга для ўсіх тых, хто любіць чытаць па-беларуску, хто любіць Палессе, хто любіць пазнаваць карэнні не толькі нацыянальныя, але і пачаткі чалавецтва, хто цікавіцца прыродай і ракой Прыпяць, для тых, хто цікавіцца чарамі, замовамі песнямі, хто цікавіцца вікінгамі, яцвягамі, і перш за ўсё для тых, хто цікавіцца мудрымі лёсамі людзей, - гаварыць Ганна Кандрацюк, журналістка тыднёвіка «Ніва», аўтарка кніжкі «Па Прыпяці па Нобель».
— Насамрэч было вельмі шмат людзей, каля 50 чалавек, і гэта вельмі крута, бо падавалася госці з Падляшша і наколькі берасцейцы, якія ездзяць у Польшчы не праз Падляшша, ведаюць, што гэта такое. Але прыйшлі людзі, якім насамрэч цікава, задавалі шмат пытанняў. Спадар Вапа, які з’яўляецца кіраўніком беларусаў Падляшша распавёў як яны там змагаюцца за беларускую мову, што можа стаць узорам для беларусаў, якія не маюць ніякай мовы, нейкіх радыё і газет па-беларуску дзяржаўных у Берасці. Сустрэчы Мова-Нанова ў Берасці, як і ў іншых беларускіх рэгіёнах, традыцыйныя. Яны ладзяцца раз на тыдзень і збіраюць кола тых, хто імкнецца вывучыць беларускую мову, - паведамiў Максім Хлябец, вядоўца берасцейскіх курсаў Мова Нанова.