Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Марат Гаравы: Чалавек змагаецца і будзе змагацца

15.02.2018 политика
Марат Гаравы: Чалавек змагаецца і будзе змагацца

Курапаты - гэта адна з кропак, дзе адбываецца барацьба мінулага і будучыні.

Год таму пачалася чарговая абарона мемарыяла ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Тады ўдалося спыніць пабудову офіснага будынку, якое пачалося на мяжы з ахоўнай зонай.

Каардынатар ініцыятывы „Экперты ў абарону Курапатаў” Марат Гаравы разважае пра тыя падзеі, іх вынікі і высновы, у размове з карэспандэнтам “Радыё Рацыя” Генадзем Барбарычам:

- Спаўняецца гадавіна з пачатку чарговага супрацьстаяння вакол Курапатаў. Тады грамадскім актывістам, у першую чаргу з „Маладога Фронта”, удалося абараніць Курапаты, спыніць будаўніцтва чарговага офіснага цэнтра літаральна на мяжы ахоўнай зоны. Вы ўдзельнічалі ў тых акцыях, якія ўрокі, што памятаеце з тых часоў?

- Галоўная выснова, што беларуская салідарнасць – гэта адзін з фактараў, які можа выратаваць нашу краіну. Наша гісторыя, культура, мова і беларуская салідарнасць. Як раз тыя падзеі паказалі, што яна перамагла. Нашы дзеці там абаранялі нашу годнасць, яны стаялі. У гэты час мы паралельна праводзілі выставу, да нас прыходзілі людзі і цікавіліся, што там адбываецца. Мы ім пра гэта распавядалі, у нас нават быў стэнд пра гэтую абарону. Мы туды прыносілі ім матэрыялы з нашай выставы, каб падтрымаць дзяцей. Я рабіў спецыяльныя інфармацыйныя матэрыялы прысвечаныя Курапатам, каб таксама іх падтрымаць. Я разам з іх прадстаўнікамі хадзіў у выканкам, дзе мы дабіваліся, каб улады і забудоўшчыкі сышлі адтуль. Беларуская салідарнасць ёсць.

- Як мяркуеце, апазіцыя, улады, высновы зрабілі з тых падзеяў?

Марат Гаравы: Я думаю, што нейкія высновы зробленыя, бо ўсё ж такі грамадскі чын абароны Курапатаў, які цягнецца шмат год, гэта ж не першая абарона Курапатаў. Удзел розных грамадскіх структур прывёў да таго, што дзяржава была вымушана прызнаць Курапаты. Грамадскасць атрымала маральную перамогу такім чынам.

- Але мабыць улада ўсё ж такі не да канца засвоіла той урок. Прайшоў год, а з’яўляецца інфармацыя пра сумнавядомы “Бульбаш-хол”, які ў той год быў пабудаваны, а цяпер хутка дабудоўваецца і неўзабаве павінен быць адкрыты.

- Справа ў тым, што тут не зусім згодны. Улады тут як бы і ёсць і няма, бо гэта робяць уладальнкі. Улады, асобныя чыноўнікі паспрыялі, каб “Бульбаш-хол” з’явіўся. Проста „адпілілі” ахоўны кавалак і цяпер ён нібыта не ў ахоўнай зоне. Таму тут улады нібы ёсць, а нібыта і няма. Што рабіць у гэтай сітуацыі? Яны могуць у любы момант адкрыць і “Бульбаш-хол” пачне працаваць. Зноўку можа пачацца супрацьстаянне. На наш погляд, каб пазбегнуць гэтага супрацьстаяння, трэба зараз нешта рабіць. Наша ініцыятыва „Экперты ў абарону Курапатаў” прапанавала, каб дзяржава выкупіла ва ўладальнікаў гэты комплекс і перадала яго беларускім творчым саюзам, незалежна ад арыентацыі: левай, правай, апазіцыйным, праўладным, усім грамадскім аб’яднанням. Каб яны маглі там рабіць справу на карысць Курапатаў. Музыкам, мастакам, дызайнерам, усім, каб беларускія творцы маглі выкарыстоўваць гэтыя плошчы дзеля Курапатаў. Гэта будзе яшчэ адзін фактар салідарызацыі беларускага грамадства вакол Курапатаў і ўзмацнення беларускай грамады.

- Нягледзячы на ўсю праўду пра рэпрэсіі тых гадоў, з боку ўладаў, асабліва расейскіх, спробы рэабілітацыі Сталіна, зноўку могуць з’явіцца асобы, для якіх чалавечае жыццё нічога не вартае, для якіх галоўнае ўлада.

- Што такая небяспека існуе – гэта адназначна. Ведаеце, з кожным годам такая небяспека змяншаецца. Усё ж такі ў вечнай барацьбе дабра са злом, як бы хто не хацеў, дабро перамагае. Цяпер як бы яны не імкнуліся жыць учорашнім днём, сёння гэта вельмі цяжка здзейсніць. Усё больш і больш людзей на свеце разумеюць кошт волі, што такое воля, што такое свабода. Жыццё без гвалту, жыццё ў прававой дзяржаве, жыццё ў дастатку, жыццё ў свеце навукі, вось такое нармальнае жыццё гэтаму супярэчыць. Дыктатура, тыранія, таталітарызм усё гэта адмятае, таму я думаю, не атрымаецца вяртанне. Чалавек змагаецца і будзе змагацца за свет і свабоду.

„Курапаты – гэта адна з кропак у свеце, дзе ў адкрытыю і вельмі паказальна адбываецца гэтая барацьба мінулага і будучыні, зла і дабра”, – падкрэслівае Марат Гаравы.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]