Канцэрт адбудзецца 4 сакавіка.
4 сакавіка ў менскай рэстарацыі-піваварні «Друзья» адбудзецца традыцыйны веснавы канцэрт гурту «Крама» з прэзэнтацыяй новага DVD-альбому «Крама — 25 гадоў!» Гэта здымкі канцэрту, што прайшоў у Менску 12 лістапада 2016-га і быў прысьвечаны 25-гадоваму юбілею калектыву, передае «Радыё Свабода».
У гэты дзень таксама мяркуецца прэм’ера новай вэрсіі песьні на верш Міхала Анемпадыстава. Ігар Варашкевіч з музыкамі вырашылі даць другое жыцьцё даўняй кампазыцыі гурту «Бонда» «Да неба» (1986) і першае выкананьне прысьвяціць памяці дачасна памерлага паэта і мастака.
«У «Бондзе» асноўным паэтам быў бубнач Сяргей Кныш. Акрамя яго, тэксты спрабавалі пісаць і іншыя. Фэлікс Аксёнцаў, напрыклад, які потым ажыцьцявіў свае задумы з гуртом Ulis, Федзя Кашкурэвіч напісаў на адну песьню верш. Міхал Анемпадыстаў таксама напісаў. Было гэта ў 1986-м. Сяргей Кныш пайшоў у войска, а зь Міхалам мы пазнаёміліся празь Сяргея Краўчанку, яны сябравалі. Музыку прыдумалі, калі былі на студэнцкай «халтуры» ў Ніжнявартаўску. А як вярнуліся, Міхал зрабіў тэкст. Атрымалася «Да неба», — успамінае гісторыю песьні Ігар Варашкевіч.
Паводле музыкі, калі ўжо была «Крама», ён неаднаразова прапаноўваў Міхалу пісаць тэксты, але той увесь час «ветліва знаходзіў прычыны» для адмовы. Пасьля трагічнага адыходу сябра Міхала сама сабой паўстала ідэя адрадзіць песьню. Тым больш менавіта 4 сакавіка будзе 40 дзён з дня сьмерці Міхала Анемпадыстава.
Неўзабаве «Крама» плянуе вярнуцца ў студыю гуказапісу і выдаць максы-сынгл з трох песень, які будзе папярэднічаць новаму альбому — апошняя па часе кружэлка «Белая вада» выйшла ў 2014-м. У максы-сынгл увойдуць кавэр на песьню «Бонды» «Да неба», студыйны запіс песьні «Стэфка-3» і кампазыцыя на верш Зьмітра Лукашука.
Акрамя таго, у плянах здымкі кліпу на песьню «Стэфка праз 30 гадоў», які таксама ўвойдзе ў максы-сынгл.
Пачатак канцэрту і прэзэнтацыі DVD «Крама — 25 гадоў!» у рэстарацыі «Друзья» 4 сакавіка а 20-й гадзіне.