Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сем беларускіх сьлядоў літоўскай незалежнасьці

16.02.2018 общество
Сем беларускіх сьлядоў літоўскай незалежнасьці

Актыўны ўдзел у гістарычнай для Лiтвы даце прынялі і беларусы.

99 гадоў таму — 16 лютага 1918 году — Рада Літвы ў Вільні абвясьціла аднаўленьне незалежнай Літоўскай дзяржавы са сталіцай у Вільні. Актыўны ўдзел у гэтай гістарычнай даце прынялі і беларусы.

Тарыба

Акт аб незалежнасьці, які абвясьціў аднаўленьне незалежнай Літвы на дэмакратычных пачатках, са сталіцай у Вільні, прыняла Літоўская Рада (Тарыба). У яе склад увайшлі 20 чалавек. 27 лістапада 1918 у склад Літоўскай Тарыбы былі кааптаваны 6 прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады: Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Ян Станкевіч, Дамінік Сямашка, Уладзіслаў Талочка, Казімір Фалькевіч.

Друкарня Марціна Кухты

Акт аб незалежнасьці Літвы быў надрукаваны асобным лістом у друкарні славутага пана Марціна Кухты. З гэтай прычыны немцы зачынілі тыпаграфію, а тэкст рэзалюцыі распаўсюджвалі падпольна. Менавіта ў друкарні Кухты ў 1906 годзе выйшаў першы нумар «Нашай Нівы». Кухта друкаваў творы Багушэвіча, Багдановіча, Коласа, Цёткі, Буйло, беларускія календары, зборнікі, сьпеўнікі. Выпускаў забароненыя цэнзурай творы.

Муж Цёткі — адзін з падпісантаў Акту аб незалежнасьці

Сярод падпісантаў Акту аб незалежнасьці быў сацыял-дэмакрат Сьцяпонас Кайрыс, муж беларускі паэткі Цёткі (Элаізы Пашкевіч). У гады незалежнасьці быў віцэ-сьпікерам Сэйму Літвы, у гады нямецкай акупацыі ўзначаліў Найвышэйшы камітэт вызваленьня Літвы. Памёр у 1964 годзе ў Нью-Ёрку.

Беларус — адзін са стваральнікаў літоўскага войска

Генэрал Кіпрыян Кандратовіч

Намесьнікам першага міністра абароны Літвы стаў беларус Кіпрыян Кандратовіч. Ён паходзіў зь Лідчыны і быў сынам графа Юрыя Трубяцкога. У 1917 г. на зьезьдзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту генэрал Кіпрыян Кандратовіч быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду, пазьней увайшоў у склад Народнага сакратарыяту БНР, дзе займаўся стварэньнем беларускага войска. Калі Кандратовіч апынуўся ў Літве, то пачаў арганізоўваў літоўскае войска на Ковеншчыне. Памёр у 1932 годзе. Пахаваны ў Лідзе.

Беларускі асобны батальён у складзе арміі Літвы

Беларуская вайсковая адзінка ў складзе арміі Літвы, якая ваявала за незалежнасьць Літвы ў 1918-1920 гг. Жаўнеры батальёну ўдзельнічалі ў баях супраць бальшавікоў і палякаў. Пры штабе батальёну на беларускай мове выдаваўся часопіс «Варта Бацькаўшчыны». У 1922 годзе футбольны клюб беларускага асобнага батальёна «BAB Kaunas» удзельнічаў у першым чэмпіянаце Літвы па футболе.

Міністэрства беларускіх справаў

У лістападзе 1918 годзе ў літоўскім урадзе было створана Міністэрства беларускіх справаў Літвы Яго ўзначаліў Язэп Варонка. Беларусам адводзілася 25% з агульнай колькасьці месцаў у літоўскім урадзе. Міністэрства дзейнічала на тэрыторыі Гарадзеншчыны і Віленшчыны і спыніла дзейнасьць у 1923 годзе, пасьля канчатковага далучэньня Віленшчыны да Польшчы.

Літва з Горадняй і Лідай

Мапа Літвы, 1920 год

У ліпені 1920 года, за 2 тыдні да другога абвяшчэньня БССР, была падпісаная мірная дамова паміж Літвой і Савецкай Расеяй. Дакумэнт вызначаў дзяржаўную мяжу паміж РСФСР і Літвой. Горадня, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў, Ліда, Паставы, а таксама Віленскі край зь Вільняй былі прызнаныя часткай Літвы. Аднак гэтая дамова не рэалізавалася.

Дзьмітры Гурневіч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]