Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Пасля такога ад сораму трэба сысці ў адстаўку

17.02.2018 культура
Пасля такога ад сораму трэба сысці ў адстаўку

Беларускім міністрам адукацыі (цяперашняму і папярэднім) трэба сыпаць галаву попелам і прызнавацца ў фіяска.

Калі жыхары Беларусі пасля сканчэння школы не могуць звязаць двух слоў па-беларуску, значыцца, з нашай адукацыяй штосьці не так. Акрамя таго, паўстае пытанне: за што атрымліваюць заробак настаўнікі, калі не могуць вучняў навучыць нават самым простым момантам.

На конкурсе прыгажосці “Міс Беларусь” жыхарка Слоніма не змагла адказаць па-беларуску на пытанне вядучага пра ўлюбёныя музычныя гурты. Маўляў, тэставанне хоць і праходзіла па-беларуску, але гаварыць не магу. То бок тэст, як тых цыркавых жывёлаў, натрэніравалі праходзіць, а гаварыць не.

Вучылі б з такімі ўжо топікі па-беларуску, як на ангельскай мове: мая сям’я, мой сябар, мае ўлюбёныя музыкі, Менск – сталіца Беларусі. Настаўніцы па беларускай мове гэтай канкурсанткі не варта прызнавацца, што яна яе вучыла. Бо гэта ўсё роўна, як бы хтосьці прызнаўся: тэст праходзіў па матэматыцы, але колькі будзе тры памножыць на чатыры не ведаю.

А цяпер уявіце, калі б дзе-небудзь у Чэхіі жыхарка гэтай самай Чэхіі і канкурсантка заявіла, што не можа размаўляць на роднай мове. Цяжка ўявіць? І мне таксама. Затое ў Беларусі гэта лічыцца ў парадку рэчаў. Выпускнікі школаў не могуць размаўляць па-беларуску.

Пытанне да Міністэрства адукацыі: што гэта за адукацыя такая, што былыя школьнікі не могуць сказаць самага простага: мне падабаецца такі гурт ці мая ўлюбёная спявачка – такая. Нічога не вартая такая адукацыя. І Міністэрства адукацыі пасля такога ад сораму мусіць усім сваім складам сысці ў адстаўку.

Юлія Сівец, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]