Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Менску прайшоў фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова

18.02.2018 культура
У Менску прайшоў фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова

Вядомыя лiтаратары згадалi расстраляных паэтаў 30-х гадоў.

У Менску завяршыўся Стральцоўскі паэтычны фестываль «Вершы на асфальце». Другі дзень атрымаўся яшчэ больш насычаным рознымі мерапрыемствамі, чым першы. Пачаўся ён круглым сталом, прысвечаным расстраляным паэтам 30-х гадоў, паведамляе «Радыё Рацыя».

Выступаючы на ім паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла адзначыў, што ўся віна расстраляных паэтаў была ў тым, што яны пісалі менавіта беларускія вершы.

– Давесці гэтыя нявыдадзеныя кнігі да варштата Скарыны – гэта проста наш маральны абавязак. Мы не павінны думаць, ці мяняецца ад гэтага канон літаратуры, ці нешта іншае. Па вялікім рахунку, яны пайшлі на гэтую Галгофу, у гэтыя курапацкія ямы за тое, што былі беларускімі пісьменнікамі. Там ім шылі самыя розныя справы, але асноўная віна была якраз у гэтым. Зачышчалася прастора пасля беларусізацыі 20-х гадоў.

У гэты дзень прайшлі шматлікія прэзентацыі новых кніг. Упершыню ў Беларусі адбыўся батл перакладчыкаў.

ФОто: racyja.com

Гаворыць мадэратарка перакладчыцкага батлу Даша Бялькевіч:

– На фестывалі памяці Стральцова заўжды вынаходзяцца новыя фарматы, і некалькі гадоў запар быў менавіта паэтычны слэм, батл. А зараз перакладчыкі вырашылі зрабіць перакладчыцкі батл, каб яны маглі паказаць сябе, свае творы і пазнаёміць чытачоў, слухачоў з яшчэ большай колькасцю замежных аўтараў.

У батле ўдзельнічалі тры каманды – «Еўропа», «Сусвет» і «Нобель». За кожную з іх выступалі самыя вядомыя беларускія перакладчыкі. А каманда «Сусвет» нават была ўзмоцнена ўкраінскім пісьменнікам і перакладчыкам Сяргеем Жаданам. Але ўсё роўна перамагчы гэтай камандзе не ўдалося – мацнейшай аказалася каманда «Нобель», у якую ўваходзілі Андрэй Хадановіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Марына Казлоўская, Сяргей Прылуцкі. Пераможцы атрымалі ў падарунак цэлую торбу найноўшых кніг.

ФОто: racyja.com

Таксама выступілі музыкі Алесь Дзянісаў, Міхаіл Рубін, Міхал Бараноўскі, Уладзь Лянкевіч. Да самага позняга вечара доўжылася «Ноч паэзіі і музыкі», у якой узяў удзел і паэт з Бельска Падляшскага Андрэй Сценанюк.

Міжнародны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова – найбуйнейшы паэтычны беларускі фэст. Сёлета ён адбыся ўжо сёмы раз.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]