Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Алесь Чахольскі: «Бульбаш-хол» павінен быць прыбраны

18.02.2018 политика
Алесь Чахольскі: «Бульбаш-хол» павінен быць прыбраны

Грамадства павінна быць падрыхтаванае да абароны ад новага наступу на Курапаты.

Год таму каля мемарыяла ахвярам палітычных рэпрэсій сталінскіх часоў у Курапатах пад Менскам пачалася даўгатэрміновая акцыя па яго абароне. Грамадзяне выступілі супраць будаўніцтва на межах ахоўнай зоны офіснага будынка.

У размове з карэспандэнтам «Радыё Рацыя» Генадзем Барбарычам пра тыя падзеі ўспамінае адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі.

- Дакладна 16 лютага год таму пачалася абарона Курапатаў ад чарговай спробы вандалізму. Чаму гэтую дату трэба зараз узгадаць і абавязкова сцвердзіць? Таму што ёсць адчуванне небяспекі, новай правакацыі гэтага рэжыму ў сувязі з тым, што яны збіраюцца адкрыць „Бульбаш-хол”. Гэта ёсць правакацыя да 100-годдзя БНР, да сакавіцкіх нашых святаў. І таму я хачу пра гэта нагадаць, каб не атрымалася так, як 16 лютага мінулага года, калі, парушыўшы заканадаўства, пачалі будаўніцтва 5-павярхована бізнес-цэнтра каля ахоўнай зоны мемарыялу. І зараз ўсё можа быць, і грамадства павінна быць падрыхтаванае да абароны ад новага наступу на Курапаты. Мы не можам дапусціць ніякіх танцаў на касцях.

- Вы асабіста з першага дня ўдзельнічалі тады ў абароне Курапатаў?

- Я каротка нагадаю храналогію. У 10 гадзінаў раніцы 16 лютага 2017 года мне патэлефанаваў сябра нашай партыі Уладзімір Юхо і сказаў, што на пляцоўцы каля дамоў па вуліцы Мірашнічэнкі 49-53 пачынаюць разгортваацца будаўнічыя працы. Мы з намеснікам старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Юрасём Беленькім ужо праз гадзіну-паўтары былі тут, на месцы. Аператыўна паведамілі журналістам незалежных СМІ, на Радыё Свабода, “Белсат”. І сітуацыя з будаўніцтвам патрапіла ў інфармацыйную прастору. Так і пачалася абарона Курапатаў.

- Потым тут нават кругласуткавы лагер з’явіўся, які арганізаваў “Малады фронт”.

- Так, далей ужо пачалася абарона. І фізічная, так бы мовіць, і юрыдычная, і іншая. Пасля нашага з Юрасём Беленькім першага паведамлення пра бяду, якая чарговы раз насоўваецца на Курапаты, па нарастаючай і пайшло змаганне за мемарыял.

- Чаму, па-вашаму, атрымалася адбараніць Курапаты, не даць пабудаваць офісны цэнтр амаль у ахоўнай зоне мемарыялу?

- Тут сышлося некалькі чыннікаў. Гэта, канешне, і салідарнасць людзей, гатоўнасць іх ахвяравацца. І розгалас у інфармацыйнай прасторы спрацаваў. І галоўнае тое, што народны мемарыял ужо створаны. Там усё ўжо зроблена. За 20 гадоў, што я займаюся гэтым пытаннем, мы там усё фактычна зрабілі. І ў рэшце рэшт нават сённяшняй уладзе прыйшлося гэта прызнаць і спыніць сваё ранейшае нахабства.

- Але ўлады таксама заяўляюць пра неабходнасць мемарыялізацыі, каб тут быў высокамастацкі мемарыял, які ахоўваецца. Нейкія праекты распрацоўваюцца. На якой стадыі зараз гэтая справа знаходзіцца?

- Я зараз не ведаю пра праекты. Толькі тое, што чытаў у прэсе. Але без першага этапа, без зацверджання 300-метровай ахоўнай зоны, нельга гаварыць пра далейшую мемарыялізацыю. Але яшчэ раз падкрэслю, што сам мемарыял людзьмі ўжо створаны. Нашай партыяй, яе прыхільнікамі, валанцёрамі ўсё там ужо фактычна зроблена. Праблемай з’ўляецца так званы „Бульбаш-хол”. І, на маю думку, ён павінен быць прыбраны. Не можа быць бардэля ў святым месцы.

- Магчыма, перададзены грамадскім арганізацыям? Такую прапанову агучылі прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы „Эксперты ў абарону Курапатаў”.

- Я да гэтай прапановы стаўлюся крытычна, таму што пабудовы „Бульбаш-холу” не падыходзяць да патрэбаў мемарыялу і тэхнічна, і эстэтычна.

- Тут, у Курапатах, тысячы і тысячы бязвінна забітых ляжаць, а з экранаў тэлевізароў, асабліва расейскіх, нясецца прапаганда Сталіна, быццам геніальнага кіраўніка СССР, выдатнага менеджара. Ці няма небяспекі, што зноў такія ж „выдатыня менеджары” ў будучым прыйдуць і пакладуць за нейкія ідэі ці за сваю ўладу сотні тысяч, а то і мільёны людзей?

- Таму трэба памятаць словы Юліуса Фучыка: “Людзі, будзьце пільнымі”. Таму што на самой справе нічога выключаць нельга.

І пра рэпрэсіі, фактычна генацыд бальшавіцкіх уладаў свайго ж народа, трэба ўзгадваць і гаварыць увесь час, каб такога больш не паўтарылася.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]