Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

18 лютага 1893 году нарадзіўся Максім Гарэцкі

18.02.2018 культура
18 лютага 1893 году нарадзіўся Максім Гарэцкі

Cёння спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.

18 лютага (6 лютага па старым стылі) спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, аднаго з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай прозы, драматурга, публіцыста, вучонага, педагога Максіма Гарэцкага. Tut.by згадаў біяграфію і творчасць пісьменніка.

Максім Гарэцкі нарадзіўся у 1893 годзе ў вёсцы Малая Багацькаўка, што на Мсціслаўшчыне, у сялянскай сям'і, дзе акрамя яго было яшчэ чацвёра дзяцей. Хлопчык меў добрую музычную памяць і граў на скрыпцы, балалайцы, з захапленнем слухаў і запамінаў народныя песні. Пачатковыя веды набываў у суседняй вёсцы Вялікая Багацькаўка, потым — у двухкласным вучылішчы ў Вольшы, што на Аршаншчыне.

Пасведчанне аб заканчэнні Вольшанскай узорнай двухкласнай школы. 1905 год

У 1909 годзе паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, якое скончыў у 1913-м.

Максім Гарэцкі. 1913 год. Атэстат аб заканчэнні Горы-Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча. 1913 год

У Максіма рана абудзілася любоў да мастацкага слова. Знаёмства з творамі класікаў рускай і украінскай літаратуры, творчасцю беларускіх пісьменнікаў адыграла значную ролю ў станаўленні светапогляду будучага літаратара. У 1912 годзе ў газеце «Наша ніва», якая выдавалася ў Вільні, пачалі з’яўляцца карэспандэнцыі, допісы, нататкі Гарэцкага, а 25 студзеня 1913 года там жа пад псеўданімам Максім Беларус было апублікавана яго першае апавяданне «У лазні».

Верш «Сёння ўранні». Аўтограф. 1912 год. Апавяданне «Ідэёвы чалавек». Чарнавы аўтограф. 1915 год
Апавяданне «У лазні». Наша ніва. 25 студзеня 1913 года

У 1919 годзе пісьменнік пераехаў у Мінск, потым у Вільню. Там выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе пазнаёміўся з настаўніцай Леанілай Усцінаўнай Чарняўскай, якая неўзабаве стала яго жонкай, паплечніцай і вернай спадарожніцай.

Па заканчэнні вучобы Гарэцкі жыў у Вільні, дзе працаваў каморнікам Землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерніі і дзе ён пазнаёміўся з Янкам Купалам і Змітраком Бядулем. Там жа ў 1914 годзе быў выдадзены і першы зборнік маладога пісьменніка пад назваю «Рунь».

Зборнік апавяданняў «Рунь». 1914 год

У 1914 годзе Максіма Гарэцкага прызвалі ў царскую армію. Падчас службы ён адчуў усе цяжкасці салдацкага жыцця ваеннага часу: адразу трапіў на фронт, быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталях. Пасля невялікага перапынку зноў апынуўся на фронце. У 1916 годзе вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы ў Петраградзе, атрымаў званне прапаршчыка, праходзіў службу ў Іркуцку, Гжацку, адтуль франтавыя дарогі прывялі яго на Палессе. Неўзабаве ізноў трапіў у шпіталь, доўга лячыўся.

Антываенны настрой пісьменніка, антыгуманны характар Першай сусветнай вайны знайшлі сваё яркае адлюстраванне ў такіх яго творах ваеннага часу, як «Літоўскі хутарок», «Генерал», «Палонны», «На этапе», «Рускі», «Прысяга», а запіскі Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне» (1914?1919) дазваляюць даследчыкам лічыць яго адным з пачынальнікаў ваеннай дакументалістыкі ў беларускай прозе.

Максім Гарэцкі з братам Іванам. 1916 год

Камісаваны ў 1917 годзе, Максім Гарэцкі пераехаў у Смаленск, уладкаваўся на працу ў рэдакцыю газеты «Известия Смоленского Совета Рабочих, Солдатских и Крестьянских депутатов», быў супрацоўнікам газеты «Звезда». Разам з братам Гаўрылам склаў і выдаў «Руска-беларускі слоўнік» (1918) — першы вынік працы пісьменніка ў галіне лексікаграфіі. Праз год у Вільні быў выдадзены «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнічак», а ў 1924 годзе з’явіўся складзены разам з Міколам Байковым «Практычны расійска-беларускі слоўнік».

Максім Гарэцкі з братам Гаўрылам. 1926 год
Леаніла Чарняўская-Гарэцкая з дачкой Галінай. 1922 год

Педагагічную працу Гарэцкі сумяшчаў з працай у газетах «Наша думка», «Беларускія ведамасці», а таксама з літаратурнай творчасцю. У гэты час былі напісаны аповесць «Дзве душы», апавяданні «Апостал», «Кросны», «Панская сучка». У 1920 годзе ўбачыла свет «Гісторыя беларускай літаратуры», якая доўгі час была адзіным падручнікам для школ і ВНУ.

У студзені 1922 года Максім Гарэцкі разам з іншымі дзеячамі беларускай культуры быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў вядомы астрог на Лукішках. Яго абвінавачвалі ў сувязях з камуністамі і дзейнасці супраць дзяржаўнага ладу, што афіцыйна так і не пацвердзілася. Але пазней сам пісьменнік у адным з лістоў да жонкі (са ссылкі ў Вятцы) адзначаў, што падтрымліваў сувязі з падпольнай камуністычнай арганізацыяй, пераклаў на рускую мову брашуру Сяргея Мініна «Хто такія камуністы?», хаваў літаратуру і грошы.

Палітзняволеным пагражала смяротная кара альбо катарга. Але ж суд так і не адбыўся: дзякуючы шматлікім пратэстам грамадскасці, арыштаваных выслалі з Вільні. Непрацяглы час Гарэцкі знаходзіўся ў Латвіі, чытаў лекцыі на беларускіх настаўніцкіх курсах у Дзвінску. У гэты час ім былі створаны драматычныя абразкі «Салдат і яго жонка», «Свецкі чалавек», «Каменацёс», «Чырвоныя ружы». У ліпені таго ж года Гарэцкі вярнуўся ў Вільню, а ў 1923 годзе разам з сям’ёй пераехаў у Мінск.

Абразкі «Свецкі чалавек», «Каменацёс», «Салдат і яго жонка». Аўтограф, машынапіс з рукапіснай праўкай. 1922 год

У Мінску ён чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР, выконваў абавязкі навуковага сакратара літаратурнай камісіі Інбелкульта (папярэднік Акадэміі навук), быў яго правадзейным членам.

Сяброўскі білет члена прафесійнага саюза працаўнікоў асветы БССР. 1927 год

З 1926-га па 1928 год Гарэцкі ўзначальваў кафедру беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Гэты перыяд жыцця быў вельмі плённым для пісьменніка. Выйшлі з друку яго аповесці «У чым яго крыўда?», «Ціхія песні» («Ціхая плынь»), зборнік «Досвіткі», пасля паездкі ў Сібір і на Далёкі Усход з’явіўся цыкл невялікіх апавяданняў «Сібірскія абразкі», прысвечаны жыццю беларусаў-перасяленцаў.

Зборнік апавяданняў «Досвіткі». 1926 год. Кнігі «Ціхія песні», «Ціхая плынь». 1926, 1930 гады

У 1928 годзе пісьменнік разам з сям’ёй вярнуўся ў Мінск, працаваў вучоным спецыялістам Інстытута навуковай мовы Інбелкульта, застаўся на гэтай пасадзе і пасля рэарганізацыі інстытута ў Акадэмію навук.

18 ліпеня 1930 года Гарэцкага арыштавалі і безпадстаўна абвінавацілі ў прыналежнасці да неіснуючага «Саюза вызвалення Беларусі». Пісьменніка арыштавалі і асудзілі на 5 гадоў з высылкай у Вятку, дзе яму давялося працаваць чарцёжнікам, тэхнікам-каштарыснікам, простым рабочым. У 1935 годзе пасля сканчэння тэрміна ссылкі Гарэцкі ўладкаваўся настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе ў пасёлку Пясочня Калужскай вобласці.

Паштоўка Максіма Гарэцкага да родных з Вяткі. 20 ліпеня 1931 год

Але і ў гэтых неспрыяльных і нават драматычных абставінах пісьменнік не спыняў творчай дзейнасці, пісаў раман-хроніку «Віленскія камунары», які лічыцца адным з найбольш значных твораў беларускай літаратуры 1930-х гадоў.

«Виленские воспоминания». Пераклад «Віленскіх камунараў» на рускую мову, зроблены Максімам Гарэцкім. Аўтограф. 1934 год

Працаваў над задуманай яшчэ у 1920-х гадах «Камароўскай хронікай», своеасаблівай сялянскай, сямейнай хронікай, у якой імкнуўся адлюстраваць лёс беларускага народа ад часу прыгоннага права да сучаснасці. Для работы выкарыстоўваў назапашаныя матэрыялы з ўласнага архіва. Яго ў 1932 годзе прывезла жонка, якая прыехала ў Вятку разам з дзецьмі.

«Камароўская хроніка». Аўтограф. 1930-я гады

У гэтыя ж гады Гарэцкі працуе над сваімі апошнімі творамі «Лявоніус Задумекус» і «Скарбы жыцця», у якіх адлюстроўваецца драматызм становішча рэпрэсаванага пісьменніка, яго роздумы аб сутнасці жыцця. «Скарбы жыцця» («Лебядзіная песня») лічацца даследчыкамі творчасці Гарэцкага сваеасаблівай споведзю яго душы, тэстаментам нашчадкам. Ёсць там такія радкі: «Усё жыццё праляцела, як адзін дзень. Усё яно — як на далоні ‹…› Цану рэчам пазнаў. Людзей да самых глыбінь уведаў. Жыццём даражыць навучыўся. І да смерці сябе рыхтаваць я ўмею. Каб прыняць яе меч хоць калі, і без пары, і без усякай патрэбы».

«Скарбы жыцця». Фрагменты. Аўтограф. 1930-я гады

У ноч на 4 лістапада 1937 года Гарэцкага зноў арыштавалі, а 5 студзеня 1938 года прыгаварылі да расстрэлу. Па некаторых звестках, ён быў расстраляны ў тым жа годзе ў Вязьме. Рэабілітавалі пісьменніка ў 1957 годзе.

Зараз на радзіме Максіма Гарэцкага створаны музей. Яго імем названы бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У Мінску і Вязьме класіку беларускай літаратуры пастаўлены помнікі. Вобраз Максіма Гарэцкага ўвасоблены ў дакументальных стужках. Яго творчасць знаходзіцца пад пільнай увагай літаратуразнаўцаў. Рэгулярна арганізуюцца Гарэцкія чытанні, выдаецца яго творчая спадчына. З 1997 года дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.

Асабісты архіў пісьменніка захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі пад нумарам 7 і складаецца з 119 адзінак захавання. Рукапісы пісьменніка можна таксама ўбачыць у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]