Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Сталі вядомыя новыя скандальныя факты аб акумулятарным заводзе ў Берасьці

18.02.2018 общество
Сталі вядомыя новыя скандальныя факты аб акумулятарным заводзе ў Берасьці

Завод будзе будаваць такое ж прадпрыемства, якое ў Ваўкавыску зачынілі за шматлікія парушэньні.

Ужо 34 тысячы подпісаў сабраныя супраць будовы ў Берасьці акумулятарнага заводу кампаніі «АйПауэр». Падрадчыкам выступае кітайская кампанія «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». Завод будзе мець нэгатыўны ўплыў на навакольнае асяродзьдзе, а тым самым будзе адмоўна ўплываць на здароўе гараджан. Акрамя таго, у справе былі парушаныя многія нарматыўныя акты, паведамляе «Польскае радыё».

Першым быў парушаны прынцып правядзеньня грамадзкага абмеркаваньня, якое было толькі фармальным. «Пачаткова людзей абурыў гэты факт. Потым, калі пачалося вывучэньне дакумэнтаў, то было заўважана мноства нестыковак у справаздачы аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе і экалягічнай экспэртызе гэтага заводу», – гаворыць Аляксандар Кабанаў, берасьцейскі актывіст, адзін з аўтараў «Народнага рэпарцёра», які актыўна змагаецца супраць будаўніцтва заводу ў Менску.

- Пасьля мы пачалі ўглыбляцца ў тэму яшчэ больш. Мы езьдзілі на сустрэчу з міністрам і яму агучвалі факты. Цікава, што экспэртыза Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяродзьдзя была зробленая ў траўні 2017 году, а толькі ў ліпені была зробленая будаўнічая экспэртыза. Прычым там былі парушэньні, якія тычыліся сыстэмы ачысткі. Пытаньняў вельмі шмат. Моцна бянтэжыць тое, што на гэтыя пытаньні адказаў няма.

Актывісты пачалі вывучаць гісторыю самога заводу і прадпрыемства «АйПауэр», якім кіруе Віктар Лемяшэўскі. І тут, па словах Аляксандра Кабанава, высьветліліся скандальныя факты. У спадара Лемяшэўскага быў завод такога тыпу ў Ваўкавыску, які быў зачынены за шматлікія парушэньні. У Ваўкавыску Аляксандар Кабанаў быў са сваім аднадумцам і паплечнікам, таксама аўтарам «Народнага рэпарцёра» Сяргеем Пятрухіным.

- Лемяшэўскі амаль паўсюль у сваіх інтэрвію пачынае гісторыю пра завод з адкрыцьця крам па продажы акумулятараў і з адкрыцьця заводу «Белінвестторг-Сплаў» у Белаазёрску. Аднак ніколі не ўзгадвае пра завод, які ў яго быў у Ваўкавыску. Мы туды паехалі і атрымалі вельмі цікавую карціну. Завод Лемяшэўскага ў Ваўкавыску быў зачынены. Там было вельмі шмат парушэньняў. Яго зачыняў непасрэдна старшыня райвыканкама Сіцько і сам губэрнатар Гарадзенскай вобласьці Шапіра. Завод у Ваўкавыску знаходзіўся на тэрыторыі былой выпраўленчай калёніі.

- Гэта было ў непасрэдным суседзтве з жылымі дамамі. Да яго было прад’яўлена мноства судовых іскаў. Лемяшэўскі абяцаў людзям, што вывезе зямлю і прывязе ў гароды новую. Уяўляеце! Ён абяцаў адправіць іх у санаторыі. Канешне, нічога зроблена не было. У глебе на тэрыторыі самога заводу дапусьцімая норма сьвінцу была перавышаная ў 11 разоў. У буфэрнай зоне вакол заводу ў розных кропках у 3-10 разоў. У сувязі з гэтым завод зачынілі. Многія дагэтуль ня садзіць у гародах гародніну. Адзін з мэдыкаў мясцовай паліклінікі расказала, што вельмі вырас узровень захворваемасьці ў жыхароў вуліц, якія знаходзіліся па суседзтву з заводам. Захворваньні былі зьвязаныя з перавышэньнем дазволеных нормаў сьвінцу, - дадае С. Пятрухін.

- Калі туды прыехалі інспэкцыі і пачалі браць пробы глебы, правяраць завод на экалягічную бясьпеку, то там былі выяўленыя вельмі сур’ёзныя парушэньні.За закрыцьцё заводу ў Ваўкавыску падпісаліся толькі 113 чалавек. Аднак дзякуючы настойлівасьці мясцовых уладаў, якія пераняліся сытуацыяй, завод удалося зачыніць, - кажа Кабанаў.

У Берасьці ўжо сабрана 34 тысячы подпісаў. Актывісты і неабыякавыя гараджане ўпэўненыя, што не дадуць на тэрыторыі гораду паставіць завод.

Віктар Лемяшэўскі таксама запускаў завод па вытворчасьці сьвінцу «Белінвестторг-Сплаў» у Белаазёрску. Ёсьць доказы і шматлікія сьведчаньні жыхароў, што завод адмоўна адбіўся на стане навакольнага асяродзьдзя і здароўі людзей. Мала таго, у Зялёным боры пад Белаазёрскам пад адчыненым небам ляжаць адходы з заводу.

У самім Брэсьце ёсьць два месцы, дзе белаазёрскі завод скідваў свае адходы. «Атрымліваецца, што завод яшчэ не пабудаваны, а адходы ўжо ў Берасьці ёсьць», – зьвяртае ўвагу Аляксандар Кабанаў. Актывісты перакананыя, што з адходамі «АйПауэра» будзе праблема, падобная да праблемы з адходамі, якія пад адчыненым небам ляжаць у Зялёным боры.

Актывісты перакананыя, што Віктара Лемяшэўскага цікавіць выключна прыбытак, а не ўплыў завода на навакольнае асяродзьдзе ці здароўе гараджан. Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін зьвяртаюць увагу на тое, што Лемяшэўскі мае «крышу», бо звычайны прадпрымальнік ня быў бы ў стане дабіцца адкрыцьця такога заводу з парушэньнямі. Гэта, між іншым, адсутнасьць узгадненьня з аэрапортам і МНС.

Па дакумэнтах «АйПауэр» будзе акумулятарным заводам, але ў практыцы гэта будзе мэталюргічны камбінат – адзначаюць Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]