Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Мінску не хапае беларускамоўных садкоў

19.02.2018 общество
У Мінску не хапае беларускамоўных садкоў

Беларускамоўныя бацькі патрабуюць спыніць дыскрымінацыю маленькіх беларусаў па моўнай прыкмеце.

У сямі раёнах Мінска з дзевяці няма беларускамоўных садкоў. Беларускамоўныя бацькі сталіцы ініцыявалі петыцыю ў Міністэрства адукацыі, патрабуючы спыніць дыскрымінацыю маленькіх беларусаў па моўнай прыкмеце, пiша «Народная воля».

Цалкам беларускамоўных садкоў у Мінску ўсяго два: № 534 у Фрунзенскім раёне і № 187 у Цэнтральным. Толькі ў гэтых двух раёнах можна стаць на ўлік і быць упэўненым, што ваша дзіця будзе чуць беларускую мову на занятках.

У іншых сямі раёнах горада такіх садкоў няма. Бацькам можна заявіць у раённай адміністрацыі, што яны хочуць аддаць сваё дзіця ў беларускамоўную групу. Праўда, графы аб выбары мовы ў бланку няма, і дапісаць жаданне прыйдзецца ад рукі. І ніхто не гарантуе стварэнне такой групы праз некалькі год у садку ў крокавай даступнасці.

І нават калі вы аддалі дзіця ў групу з беларускамоўным выхаваннем, гэта не стане гарантыяй таго, што яно трапіла ў беларускамоўнае асяроддзе: часам выхавацелькам проста не хапае ўменняў, каб увесь час падтрымліваць камунікацыю на беларускай мове.

«Мой прыклад больш пазітыўны, — распавядае адна з ініцыятараў петыцыі Кацярына Буто. — Мы водзім сына ў садок каля дома ў беларускамоўную групу, і наша выхавацелька размаўляе з дзецьмі заўсёды на беларускай мове. Але гэта сапраўды выпадак выключны. У нас быў і сумны досвед: у мінулым годзе вадзілі дзіця ў іншую беларускамоўную групу, якая такой аказалася толькі на паперы.»

Іншым пашанцавала не так: напрыклад, заснавальнік праекту svaje.by Павал Колас адкатаў 25 000 кіламетраў, вазіўшы сына ў знакаміты 314-ы садок. Дарэчы, пакуль што актыўная беларускамоўная частка мінчан згуртавалася і стварыла тэлеграм-чат і інтэрактыўную мапу садкоў у Мінску і некаторых абласных цэнтрах, каб аблегчыць свой бацькоўскі шлях.

Аднак ініцыятары петыцыі хочуць, каб Міністэрства адукацыі забяспечыла роўныя магчымасці дашкольнай адукацыі для ўсіх дзетак.

«Самы часты каментарый пад постамі і артыкуламі, дзе беларускамоўныя таксама маюць права на нешта элементарнае, накіраваны на выкрыццё невялікай колькасці тых, хто хоча мець права: «трэба спачатку паглядзець, а колькі тых жадаючых», «а большасць думае інакш», «дык а галасавалі-та хто, не толькі ж бацькі гэтых дзяцей». Проста хачу каб вы ведалі: абмеркаванне права з крытэрыяў колькасці — адна з прыкмет дыскрымінацыі, — лічыць беларускамоўная архітэктарка, маці дваіх дзяцей Аляксандра Баярына. — Калі чалавек піша «трэба паглядзець, колькі вас», ён у гэты самы момант дыскрымінуе меншасць.

Другая прыкмета дыскрымінацыі — аплата элементарных паслуг. Калі вы можаце атрымаць паслугу па-руску бясплатна, а беларускамоўнаму трэба самому знайсці перакладчыка і заплаціць яму, стварыць паралельную установу, якая зможа абслугоўваць па-беларуску, то адбываецца дыскрымінацыя.

«Проста хачу, каб вы ведалі: калі нехта піша ў каментарах «стварыце свой сад, прыватны», «трэба самім для сябе ўсё ствараць» — ён ў гэты момант дыскрымінуе вас.»

Дыскрымінацыя не толькі ў законах — яна ў галовах. Наўрад ці можна пазбавіць кожнага падобных недасканалых поглядаў. але можна давесці сітуацыю да такой, што выказвацца з такімі яскравымі выразамі непавагі да іншых стане непрыстойна.»

Петыцыя складаецца з 10 пунктаў, сярод якіх: весці адкрытую статыстыку пажаданняў бацькоў пра мову навучання ў садках; стварыць беларускамоўныя бланкі; увесці патрабаванні па валоданні беларускай мовай да выхавацеляў і ўкамплектаваць садкі настаўнікамі музыкі і фізкультуры, якія б валодалі беларускай мовай; спыніць штогадовую ратацыю групаў з беларускай мовай; стварыць у кожным раёне Мінска прынамсі адзін цалкам беларускамоўны садок.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]