Пра адыходзячую натуру напісана шмат, але тэма застаецца актуальнай.
У стваральнікаў кінафільмаў ёсць такое паняцце — «адыходзячая натура». Яно ўжываецца тады, калі тэрмінова неабходна здымаць стан прыроды або аб’ект, якія мяняюцца. У пераносным значэнні выраз часта дастасоўваецца да асобных людзей і цэлых пакаленняў.
Пра адыходзячую натуру напісана шмат, але тэма застаецца актуальнай. Яшчэ раз звярнуцца да яе змусіла смерць сусветна вядомага беларуса, таленавітага вучонага ў галіне астранаўтыкі і педагога Барыса Уладзіміравіча Кіта, з якім меў гонар сябраваць. Ён пражыў 107 гадоў і выявіў лепшыя чалавечыя якасці: пачуццё ўласнай годнасці, прыстойнасць, сумленнасць, спагадлівасць, мужнасць, аптымізм. Барыс Уладзіміравіч з даверлівай усмешкаю, без пахвальбы казаў: «Я праз усё жыццё рабіў дабро людзям, таму Гасподзь так доўга трымае мяне на зямлі».
Мне таксама хацелася зрабіць нешта прыемнае слаўнаму земляку, а таму ўсцешаны, што надрукаваў у часопісе «Полымя» (№ 3—4 за 2002 год) унікальны твор — аповяды Барыса Кіта ў запісах Васіля Быкава пад назвай «Цярновы шлях», якія могуць служыць узорам праўдзівага адлюстравання беларускай гісторыі, прысвяціў яму вершы, паэму «Per aspera ad astra».
Схіляючыся ў паклоне прад вялікім, касмічным Беларусам, дзякую, што ён паказаў прыклад таго, якімі нам трэба быць, як можна нават у неспрыяльных умовах раскрыць здольнасці і рэалізаваць сябе, што стаў яднаючай маральнай сілай для суайчыннікаў.
Адыход на вечны спачын Барыса Кіта закрывае эпоху, якая ў гісторыі чалавецтва застанецца трагічнай і крывавай, але насуперак злу і цемрашальству несумненна велічнай навуковымі адкрыццямі і тэхнічна-вытворчымі дасягненнямі.
Поступ прагрэсу працягваецца, і гэта добра, але б’е пад дых усведамленне таго, што побач з поспехамі ў матэрыяльнай сферы адбываецца маральная дэградацыя людзей, што ў лік «адыходзячай натуры» з нашай агульнай віны трапілі праўдзівасць, сумленнасць, узаемавыручка. Як бы мяне ні абвяргалі апаненты, якія ў мінулым бачаць адны мінусы, усё ж застануся пры думцы, што ў стасунках паміж людзьмі раней мелася болей прыстойнасці і шчырасці. Безумоўна, мярзоты хапала і тады, але масавага заняпаду маралі, такой колькасці цынічных праяў агрэсіі, двурушніцтва, подласці, сквапнасці не было. Кепска, што да змрочнага працэсу дадаюцца грамадзянская абыякавасць, людское маўчанне.
Сапраўды, што не мяняецца ў нашым жыцці, дык гэта зацятае маўчанне. Пра даўнюю палітычна-сацыяльную хваробу выдатна сказаў паэт А. Галіч:
И не веря ни сердцу, ни разуму,
Для надежности спрятав глаза,
Сколько раз мы молчали по-разному,
Но не против, конечно, а за!
За некароткі век, бо нарадзіўся яшчэ пры Сталіне, мне давялося нагледзецца на розныя ўлады. Цяпер, калі адкрыты засакрэчаныя дакументы, калі, хоць і не да канца, але высвечана гістарычная праўда, трэба прызнаць, што наша жыццё заўсёды было непаўнацэнным, прыгнечаным. Але мы ніякага сораму за яго не адчувалі, проста маўчалі і трывалі. Асабліва вінаватая дзяржава перад удовамі і сіротамі Вялікай Айчыннай вайны, якім было найцяжэй.
Трываем мы і цяпер. Няўжо так трэба жыць: прымаць абсурдны свет за нармальны? Калі ж мы навучымся рабіць разумныя высновы з памылак, якія ўтварылі папярэднікі і паспелі нарабіць самі?
Няўжо не зразумела, што аўтарытарная дзяржава — гэта фальшывы, нікчэмны прадукт? Чаму маўчым і дыхаем смуродам, якім патыхае ад рэчаіснасці так, нібы ад сталінскіх лагерных баракаў? Зрэшты, можна і без метафары. Сёння жудасны пах стаіць у большасці туалетаў розных прадпрыемстваў, устаноў, палацаў культуры, бібліятэк...
Жыццё аўтарытарнай дзяржавы, дзе ўсё скіравана на ўтрыманне ўлады адным чалавекам, заўсёды багатае на праявы амаральнасці, прыклады бяздушнага, канцылярскага стаўлення да народа. Каб уседзець на троне, патрэбны немалыя грошы, бо карміць велізарны кантынгент чыноўнікаў і сілавікоў накладна. Вось і здабываюцца яны любымі спосабамі. Замест таго, каб развіваць эфектыўную эканоміку, кіраўнікі кінуліся вышукваць іншыя «рэзервы». З’явіліся абсурдныя ўказы і дэкрэты, якія разбурылі распіяранае прапагандай паняцце — «сацыяльна арыентаваная дзяржава», бо вядуць да пагаршэння дабрабыту, прадугледжваюць драконаўскія штрафы для грамадзян. Увага ўлады скіроўваецца не на свой народ, а на тое, каб арганізоўваць адпачынак, лячыць і вучыць іншаземцаў.
Новым прыкладам фанабэрыі, бязглуздзіцы і амаральнасці ў дзеяннях чыноўнікаў стала будаўніцтва элітнага медыцынскага цэнтра для вышэйшага начальства і ліквідацыя старой «лечкамісіі». Так называлі «Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр», які належаў кіраўніцтву справамі прэзідэнта.
Улада нібыта робіць ласку заслужаным людзям «другога гатунку», бо абяцае перавесці іх у нейкі медыцынскі заменнік, але ўжо без жонак, якія лячыліся разам з імі. Гэтым самым яна не толькі абражае жанчын паважанага ўзросту (пераважна сур’ёзна хворых), што таксама не сядзелі склаўшы рукі, але і плюе ў душы мужоў, дадае ім безліч нязручнасцяў. Па вялікім рахунку, без тых, хто 40—50 і болей гадоў ідзе па жыцці з таленавітым чалавекам, дапамагае яму, не было б выдатных дасягненняў вучоных, пісьменнікаў, урачоў, педагогаў, артыстаў, спартсменаў і прадстаўнікоў іншых прафесій.
Цяпер у «лечкамісіі» арганізацыйны бедлам, бо рэарганізацыя не была падрыхтавана, загадзя не папярэдзілі кантынгент, не стварылі ўмоў для далейшага медыцынскага абслугоўвання. Людзі бясконца тэлефануюць, чакаюць выпісак з картаў.
Амаральныя рашэнні могуць прымаць толькі людзі, для якіх сямейныя каштоўнасці, этычныя правілы і нормы — гэта пусты гук. У нашыя дні харызматычнасць пераблытана з прымяненнем грубай сілы, маральнай разбэшчанасцю, усёдазволенасцю. Але носьбіты такіх заганаў набіраюцца нават нахабства, каб павучаць іншых, як трэба захоўваць сямейныя традыцыі.
Акрамя таго, напамінаю, што ў Беларусі працуюць ведамасныя паліклінікі, шпіталі для вайскоўцаў, міліцыянераў.
Нехта можа сказаць, што ніякіх прывілеяў нікому не трэба, няхай усе грамадзяне карыстаюцца звычайнымі паліклінікамі і бальніцамі. Я згодзен з такім меркаваннем, але для гэтага ў краіне неабходна мець страхавую медыцыну і нармальныя заробкі, пенсіі. Наша «бясплатная» ахова здароўя даўно ўжо добра выварочвае кішэні, хоць яе матэрыяльная база неякасная. Самі ўрачы дзяржаўных лекавых устаноў раюць наведвальнікам ісці ў платныя клінікі...
Нядаўна ў аўтобусе, гледзячы на маленькую дзяўчынку, якая пад назіркам мамы ўладкоўвалася на сядзенні, разгаварыліся дзве жанчыны ў гадах. Адна з іх сказала: «Як прыгожа апранута весялушка, выхаваная, маму слухаецца. Вы яшчэ маладая, не помніце галодны і халодны ваенны час». Суразмоўніца адказала: «Хоць я пасляваенная, але нястачу адчула на сабе, ды і дзяцей пры суцэльным дэфіцыце цяжка было гадаваць». Старэйшая ў канцы размовы сумна ўсміхнулася: «На жаль, мы ідзем не да лепшага, а коцімся ў той час, які ўспомнілі…»
Я шчаслівы, што магу і паспяваю сказаць: «Вялікі дзякуй!» паважанай мною «адыходзячай натуры» — франтавікам і ўсім людзям, якія прайшлі праз вайну, боль, пакуты, праз пасляваенную нястачу і наступныя выпрабаванні нашага жорсткага часу. Жадаю доўгіх гадоў, здароўя, душэўнага спакою. Будзьма!
Сяргей Законнікаў, «Свободные новости»