Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Афіцыйныя хлусы - банкруты

21.02.2018 политика
Афіцыйныя хлусы - банкруты

Але «акопным фельдфебелям» таксама хочацца выбіцца ў генералы.

«Генералы» ідэалагічнага фронту пасля доўгай службы адпраўлены ў адстаўку, хоць А. Лукашенка запэўніў грамадства, што іхні «багаты вопыт» будзе выкарыстаны. Зразумела, без салідных акладаў і пенсій не застануцца, ды ці падсалодзяць трафарэтныя словы горкую пілюлю тым, хто спісаны.

Адстаўнікі, праўда, вельмі асцярожна, выказалі незадаволенасць. А дарма, хай скажуць правіцелю дзякуй за міласцівы лёс. Яны маглі б даўно, як коркі з бутэлек, вылецець з ідэалагічных седалаў. У аўтакратаў жа — сем пятніц на тыдні, не паспее верны служка азірнуцца, як атрымае выспятка.

На сваіх пасадах «генералы» прапаганды нічым не вызначыліся, акрамя цэрберскай аховы аўтарытарнага рэжыму. У арсенале іх магчымасцяў пераважна былі адкрыты падхалімаж і лабавая прапаганда. Але нават правіцель, які трымаецца на рабскіх спінах, ведае цану такой службе.

У сучасных умовах праца афіцыйных СМІ па распаўсюджванні дакладнай інфармацыі непазбежна ператвараецца ў прапагандысцкую вайну. Аб’ектамі агрэсіі становяцца не толькі ўнутраныя іншадумцы і замежныя крытыкі аўтарытарызму, але паступова — усё насельніцтва. А гэта подла і злачынна. Прапаганда працуе камбінавана, хітра — між маны і падтасовак устаўляе сапраўдныя факты, а таму паспрабуй недасведчаны карыстальнік неяк разабрацца ў гэтым калейдаскопе.

У аўтарытарнай дзяржаве на неверагодныя паклёпы або вар’яцкую хлусню даць адлуп у тых жа СМІ немагчыма. Абвяржэнні не прымаюцца. Суды для грамадзян таксама не ратунак, бо яны кантралююцца. Сітуацыя такая, што ў абражанага чалавека застаецца адзінае выйсце — проста ўрэзаць аўтару-падонку па «фізіямордзіі». Але зноў жа, хто з-за нейкага мярзотніка захоча гніць за турэмнымі кратамі?

Так безабаронна мы жылі ў час урастання «развітога сацыялізму» ў «дзікі капіталізм». У мяне, як і ў тысяч суайчыннікаў, ёсць асабісты рахунак да афіцыйных прапагандыстаў за надрукаваныя і прамоўленыя імі паклёпы. Але сутнасць не ў крыўдзе або перажываннях. Бяда ў тым, што і ў ХХІ стагоддзі нічога не змянілася. Нягледзячы на спасылкі і апраўданні ўлады, свабодзе слова ў Беларусі навешаны на вусны амбарны замок.

Замбіраванне насельніцтва — гэта адзін з галоўных спосабаў выжывання аўтарытарнага рэжыму. Успомнім, з чаго пачыналася. Першай была мана пра «покушение на претендента» і «русских, которые сидят на чемоданах». Усё, што здарылася пасля і працягваецца, гэта вытворнае ад яе. Колькі лёсаў выдатных людзей яна зламала, колькі заўчасных магілаў выкапала! Нахабная хлусня забівае больш масава, чым узятыя ў рукі расстрэльныя наганы і пісталеты.

Людзі недаацэньваюць негатыўны ўплыў хлусні на чалавечую свядомасць. Гледзячы на вальяжных манюкаў, якія з высокіх трыбун плятуць выгадную для ўласнага захавання лухту, многія беларусы нават захапляюцца цынічным спрытам выкручвацца, задаволена рагочуць. Але яны смяюцца над сабой.

Адзін з карыстальнікаў інтэрнэта слушна піша: «Режим, царящий в стране, изуродовал психику людей. Большинство и не заметило, что и у власти, и во всех сферах жизнедеятельности сосредоточились, как правило, шестерки и бездари. А еще многие привыкли всему верить на генетическом уровне. /…/ Люди знают поговорку о том, что рыба гниет с головы, но распространять ее на случай с лидером страны не хотят. В их сознании не укладывается, что нам врут на таком столь высоком уровне». У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Расію, але чым наша сітуацыя адрозніваецца ад іхняй? Магчыма, толькі тым, што расіяне нават на падсвядомым узроўні з’яднаны імперскай ідэяй і прымітыўным псеўдапатрыятызмам, што лічаць сябе самай лепшай нацыяй, у якой наперадзе асобны шлях і місія ратавальніцы чалавецтва. Гэты аспект дапамог У. Пуціну праз папулізм і агрэсію, скіраваную на суседзяў, набыць аўтарытэт ратавальніка Расіі, на якім ён і едзе далей.

У Беларусі перыяд пакланення кіраўніку-папулісту прайшоў. Мінус у тым, што на слабое, каманднае гаспадаранне цяжкім грузам яшчэ наклаліся антынацыянальная палітыка, знявага свядомай часткі грамадства. Калі б з самага пачатку правіцель не павёў вайны супраць беларускасці, роднай мовы і сімволікі, то да сённяшняга дня без дзялення на «сваіх» і «чужых» нацыя прыкметна ўзмацнела б палітычна, матэрыяльна, дэмаграфічна, духоўна і маральна.

Цяпер жа дабрабыт людзей, які не павышаецца, а зніжаецца, уступіў у палеміку з прапагандай. Паказальна, што ў вёсцы, якая заўжды была апірышчам рэжыму, нярэдка ўжо чуюцца абуранасць, праклёны. Нават закончаныя лайдакі і алкашы пачалі крытыкаваць уладу, хоць яна ў плане сацыяльнай абароны зрабіла для іх намнога больш, чым для старанных працаўнікоў. Праўда, яны робяць гэта паблажліва, бо «хлопец-то свой».

У афіцыйных хлусаў ёсць многае — пасады, грошы, нерухомасць, але ўсе яны банкруты. Рэжым, які імі меркантыльна абслугоўваецца, трымаецца не на надзейным эканамічным і палітычным грунце, а толькі на збегу ўнутраных і міжнародных абставін. Як бы яго ні абаранялі, ні падкармлівалі з Усходу і з Захаду, ён абавязкова абрынецца. Такі лёс кожнай аўтарытарнай канструкцыі.

Журналіст-прапагандыст выдатна ведае, каму служыць. Свядомы падман людзей — гэта яўнае злачынства, за якое ў цывілізаваных краінах даводзіцца адказваць.

Але, відаць, кожны манюка разлічвае пазбегнуць расплаты, бо ў нашым краі ёсць шмат прыкладаў паблажлівага стаўлення нават да сталінскіх катаў, на чыім сумленні дзясяткі тысяч загубленых людзей у час рэпрэсій. Гэта вынік таго, што тэрарыстычны рэжым не быў юрыдычна асуджаны. Скажам, старшыні Спецкалегіі Вярхоўнага Суда БССР В. Карпіку прызначылі персанальную пенсію, а ён падпісаў безліч прыгавораў, у тым ліку і майму дзядзьку паэту Сяргею Ракіце (С. В. Законнікаву). Мастадонт, нібы герой вайны, хадзіў на сустрэчы з піянерамі, камсамольцамі, нешта расказваў. У1980 годзе быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР «за большую работу по коммунистическому воспитанию трудящихся». Напэўна, такой бачаць уласную старасць і «генералы хлусні»…

Недахоп сумлення немагчыма кампенсаваць талентам. Але і пра яго гаворкі няма, бо сучасныя начальнікі не могуць пахваліцца нават элементарнай прафесійнай кампетэнтнасцю. Нехта з незалежных журналістаў знайшоў раптам сярод новых прызначэнцаў ідэалагічнага фронту «ката ў мяху». Гэтым ён стараецца надаць хоць нейкую інтрыгу звыклай тасоўцы зашмальцаванай «калоды кадраў».

Не нагнятайце дыму, калега, няма тут ні «катоў», ні «мяхоў», ёсць даўно вядомыя служкі аўтарытарнага рэжыму. Яны не могуць прапанаваць нічога не толькі новага, але хоць бы крышку недубовага, будуць, як і папярэднікі, з’ядаць вачыма боса, лавіць яго настрой і шчоўкаць абцасамі.

Сляпая вера народных масаў у «рэвалюцыйнае абнаўленне і асаблівы шлях» Беларусі даўно паблякла, ды кар’ерны рост ліслівых кан’юнктуршчыкаў ніхто не адмяняў. Не толькі губернатарам падабаюцца салідныя пагоны, лампасы і каракулевыя папахі, «акопным фельдфебелям» таксама хочацца выбіцца ў генералы.

Сяргей Законнікаў, «Свободные новости»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]