Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Кіраўнікі дыпмісій прачыталі вершы беларускіх класікаў да Дня роднай мовы

21.02.2018 политика
Кіраўнікі дыпмісій прачыталі вершы беларускіх класікаў да Дня роднай мовы

Выбар дыпламатаў упаў на творы Якуба Коласа і Пімена Панчанкі.

Кіраўнікі дыпмісій Велікабрытаніі, Румыніі і Ізраіля ў Беларусі падтрымалі паэтычны флэшмоб і прачыталі вядомыя вершы беларускіх класікаў, пiша «Новы Час».

Выбар дыпламатаў упаў на творы Якуба Коласа і Пімена Панчанкі, а прэзентацыя відэаролікаў адбылася ў Дзень роднай мовы. Раней да флэш-мобу ў рамках праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» далучыліся іх калегі з іншых замежных місій, і таксама прачыталі беларускія творы.

Па прызнанні дыпламатаў — удзельнікаў флэшмоба, праект «Чытаем па-беларуску з velcom» важны для папулярызацыі беларускай культуры, неад'емная частка якой — нацыянальная мова. А вершы — гэта ўніверсальная форма, здольная коратка і арганічна раскрыць змест, перадаць настрой, намаляваць характар і выказаць пачуцці. Таму кожны з паслоў абраў твор, які ярка дэманструе паэтычнасць беларускай мовы.

Надзвычайны і паўнамоцны Пасол Румыніі, спадар Віярэл Машану, прачытаў верш Якуба Коласа «Надыход зiмы», які адлюстроўвае эмоцыі, уласцівыя для гэтай пары года.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Дзяржавы Ізраіль Алан Шогам абраў іншы твор Якуба Коласа — «Многа слаўненькiх куточкаў ...». Дыпламат таксама перавёў паэтычныя радкі на родную мову. Так вершы беларускага класіка прагучалі і на іўрыце.

Спадарыня Фіёна Гіб, кіраўнік пасольства Злучанага Каралеўства Велікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, прачытала верш Пімена Панчанкі «Мала сказаць: ненавiджу ...».

На пачатку зімы вершы беларускіх аўтараў ужо прачыталі прадстаўнікі дыпмісій Швецыі, Славакіі, Чэхіі, Фінляндыі, Кыргызстана, Італіі, ЗША, Рэспублікі Карэя і Украіны. Таксама да праекту далучыліся студэнты ўсіх факультэтаў Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта, якія запісалі відэа з чытаннем беларускіх твораў.

Паэтычны флэшмоб праводзіцца ў падтрымку рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў сярод вучняў 7 і 8 класаў «Чытаем па-беларуску з velcom». Удзельнікі конкурсу з усёй Беларусі даслалі на конкурс 2048 відэа з чытаннем твораў са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. З лютага па красавік праходзяць рэгіянальныя фіналы конкурсу, на якіх пераможцы першага этапу выступаюць перад журы ўжывую. Рэспубліканскі фінал конкурсу адбудзецца ў траўні.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]